Лайнер на падмостках

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Рэйс у бясконцасць, дзе хвіліна — за год

Учора Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага святкаваў сваё 80-годдзе. А напярэдадні мы сустрэліся з галоўным рэжысёрам Сяргеем КАВАЛЬЧЫКАМ. Размова, вядома, датычылася далейшых творчых перспектыў “юбіляра”.

— 80 гадоў тэатру — гэта не многа і не мала, — лічыць Сяргей Міхайлавіч, аглядаючыся на сваю “адну шаснаццатую” ў гэтай часавай прасторы. — Тэатр — бы той лайнер у акіяне. А ты — яго новы капітан. Гэта своеасаблівая “вахта”, бо ў лайнера былі рэйсы і да цябе, будуць і пасля. І ты павінен яе “адстаяць”: ісці добрым ходам, захаваць каманду — і, галоўнае, правесці гэты карабель з пункта адпраўлення ў пункт прыбыцця.

/i/content/pi/cult/402/8189/1-1.jpeg

— А пункт прыбыцця — які?

— Вечнасць. Калі тэатр існуе 80 гадоў, значыць, ён патрэбны народу. І будзе патрэбны надалей.

— Дык слова “вечнасць” мае адносіны толькі да часавага вымярэння ці яшчэ і да мастацкага?

— Павінна быць іх сукупнасць. Бо калі ў тэатр ходзяць — гэта як “барометр”: значыць, там нармальная абстаноўка і мы ідзём на крэйсерскай хуткасці. І — як знак, што трэба тую хуткасць падтрымліваць. Вядома, усе параўнанні — шмат у чым умоўныя, але мы намячаем ужо і новы паварот — узмацненне ўвагі да беларускай драматургіі. Адразу пасля юбілею звернемся да нашых маленькіх гледачоў, паставім для іх казку, а потым возьмемся за п’есу Мікалая Рудкоўскага, напісаную па нашай замове паводле Дастаеўскага. У распрацоўцы — і п’еса Андрэя Курэйчыка. Хаця, у перспектыве, усё роўна ў кропцы “залатога сячэння” нашага рэпертуару (я кажу пра гэта ў кожным інтэрв’ю) застанецца класіка, бо ўжо восемдзясят гадоў наш тэатр размаўляе на гэтай мове!

— Але ж класіка, здараецца, асучасніваецца, “перапрачытваецца”…

— Новае прачытанне павінна быць не ў тым, каб “знізіць” герояў, а з імі — і сам класічны твор. Сёння такое іранізаванне стала модным і часта ўводзіцца ў ранг сучаснага тэатра. Гэта лягчэй за ўсё зрабіць! А сучаснасць тэатра — у іншым: у транспанаванні ідэй аўтара з улікам змененага часу на асноўныя цяперашнія праблемы. У слове “асучасніць” ёсць спакушэнне. Не трэба асучасніваць — Трэба прачытаць! Уявіць, што Чэхаў ці Грыбаедаў — сучасныя аўтары, і з гэтых пазіцый ставіцца да матэрыялу. Знайсці гэтых герояў у сучасным свеце і зрабіць іх думкі сугучнымі сённяшняму часу. Тады гэта і будзе — гучанне класікі. Калі рэжысёрская ідэя ўзнікае ад аўтара, гэта выдатна. Бо колькі рэжысёраў — столькі і меркаванняў, столькі і падыходаў. І гэта нармальна! Цудоўна, што сучасны свет настолькі багаты на ідэі ды іх увасабленне, што новыя фарбы могуць дадавацца ў палітру, не абвяргаючы іншыя. Сучаснасць не ў тым, што рэжысёр ідзе на “выкрунтасы”, а менавіта ў гэтых паралелях паміж эпохамі і іх праблематыкай. Бо тады класіка сапраўды пачынае гучаць арганам…

— Пры напісанні арганнай музыкі раней выкарыстоўвалася тэхніка “алічбаванага баса”. Вярнуўшыся, такім чынам, да лічбаў, запытаю: колькі, на ваш погляд, спектакляў павінна быць у рэпертуары такога тэатра, як ваш?

— Ад дваццаці да дваццаці пяці. Калі больш — яны будуць ісці надта рэдка. Калі менш — надта часта паўтарацца. Я прытрымліваюся наступнага раскладу: прэм’ера спачатку ідзе тройчы на месяц, потым — двойчы. А далей — у залежнасці ад глядацкага попыту.

— Колькі тады прэм’ер на год — ідэальная лічба?

— Чатыры-пяць. Калі менш, артысты будуць “прастойваць”, калі больш — таксама дрэнна: не здолеюць паспець “адысці” ад аднаго спектакля, каб “увайсці” ў наступны. І, адпаведна, будуць вымушаны “тыражаваць” свае прыёмы, пераносячы іх з аднаго спектакля ў другі. Вось я, да прыкладу, не паспеў адысці ад таго, як ставіў цырымонію ўзнагароджвання Нацыянальнай тэатральнай прэміі, — і адразу трэба рэжысіраваць юбілей. Спачатку ўвогуле працаваць не мог! І не толькі я адзін, але і ўсе тыя, хто там быў задзейнічаны. Бо ўвесь час ловіш сябе на думцы, што ты яшчэ — у той атмасферы. Артыстаў вельмі лёгка схіліць да самапаўтораў. Але ж ці трэба? А тут ужо і тэрміны “падціскаюць”, і разумееш, што там быў — адзін жанр, тут — другі…

— Вы валодаеце ўсімі, уключаючы капуснік…

— Капуснік, на мой погляд, — гэта нейкая “ўнутрытэатральная” дзея. Калі ж справа датычыцца юбілею, я назваў бы гэта юбілейным канцэртам, разлічаным на… 80 хвілін: чаргаванне і ўласна канцэртных нумароў, і “капусніцкіх”, і выступленняў майстроў, і ўспамінаў, і віншаванняў. Адно капуснік, здараецца, вымушае мяне… сумаваць. Бо зараз — час такіх вялікіх інфармацыйных патокаў, што адзін тэмпарытм, якім бы ён ні быў, пачынае неўзабаве стамляць. Цяперашні час вызначаецца, так бы мовіць, “арытміяй”, полістылістыкай, і гэта павінна адлюстроўвацца ў сучасным тэатры, а тым больш — у яго юбілеі.

— Юбілей — час павядзення вынікаў: самае лепшае — і, вядома, праблемы…

— У нас збалансаваная трупа, дзе ёсць таленавітыя прадстаўнікі ўсіх пакаленняў. Наш тэатр багаты на цудоўных акцёраў, якія сёння задаюць тон у нацыянальным тэатральным мастацтве і нясуць тую школу, якая служыць камертонам на сцэнічных падмостках. Што ж да другога, дык тэатр і праблемы — амаль сінонімы. Калі ж сур’ёзна, дык не ўсе, здараецца, разумеюць, што тэатр — від мастацтва, які вырабляе “адзінкавы тавар”. Таму яго не заўсёды трэба ацэньваць па тых мерках, як, скажам, вытворчасць ці гандаль. Для гэтага, дарэчы, і працуем, каб зразумелі ўсе…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"