Чаму работнікі культуры ўпусцілі “армію” турыстаў

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Брэндавая стратэгія на Брылёўскім полі

Засталося ўжо менш за два гады да 100-годдзя з часу пачатку Першай сусветнай вайны. Думаецца, установы культуры не абмінуць гэтую падзею і прымуць удзел у разнастайных асветніцкіх праектах ды акцыях. А таму самы час паразважаць над падзеямі з нагоды гістарычных дат, якія адзначаліся сёлета. Вось, скажам, нядаўняе 200-годдзе пераправы войск Напалеона каля вёскі Студзёнка і бою на Брылёўскім полі, што на Барысаўшчыне. Мерапрыемства, якое разам са шматтысячнай “арміяй” турыстаў наведаў і карэспандэнт “К”, выклікала шэраг пытанняў.

Брэнд — створаны…

Прызнаюся, быў здзіўлены, калі, трапіўшы на поле колішняй бітвы пад Барысавам, пабачыў жывую плынь з людзей, якія ў гэты золкі дзень “сцякаліся” да пляцоўкі, вызначанай пад правядзенне гістарычнай рэканструкцыі баёў 1812 года. Пры гэтым пераважная большасць турыстаў прыехала на месца ўрачыстасцей на прыгарадным грамадскім транспарце, рух якога спецыяльна быў арганізаваны тым днём. Заўважыў нямала аматараў гісторыі — веласіпедыстаў. Многія з іх прыбылі на Брылёўскае поле, папярэдне наведаўшы і навакольныя памятныя мясціны, звязаныя з падзеямі той вайны. Разам з тым, хацелася толькі паспачуваць уладальнікам уласнага транспарту, якія вырашылі таксама прыехаць на Брылёўскае поле: чарга з аўтамабіляў, прыпаркаваных ля ўзбочыны, расцягнулася не на адзін кіламетр...

Велізарная колькасць турыстаў, у тым ліку замежных, сведчыць пра наяўнасць брэнда. Адпавядала яму і праграма ўрачыстасцей. У прыватнасці, абсалютна натуральна глядзеўся мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці шматтысячных ахвяр. Але ці не галоўным дзействам урачыстасцей стала рэканструкцыя бітвы на Брылёўскім полі, якая выклікала велізарны інтарэс з боку турыстаў: далёка не кожны дзень можна ўбачыць такое буйнамаштабнае гістарычнае шоу з выкарыстаннем копій-муляжоў тагачаснай зброі, піратэхнічнымі спецэфектамі і, самае галоўнае, адчуць драматычную атмасферу 200-гадовай даўніны.

Барадзіно, Ватэрлоу, Грунвальдскае поле — штогод там праводзяцца гістарычныя рэканструкцыі, убачыць якія прыязджае вельмі шмат турыстаў з усяго свету. У гэтым шэрагу лагічным бачыцца і Брылёўскае поле, якое пры наяўнасці адпаведнай інфраструктуры і арганізацыі ўрачыстасцей можа стаць, хаця б на некалькі дзён у годзе, адным з турыстычных цэнтраў краіны.

Пакуль жа натоўп турыстаў літаральна адразу ж пасля завяршэння рэканструкцыі бою, не бачачы працягу ўрачыстасцей ды, адпаведна, іншай культурнай альтэрнатывы, рынуўся браць “на абардаж” грамадскі транспарт, літаральна ўсё зносячы на сваім шляху, пра што сведчаць відэаролікі, размешчаныя ў Інтэрнэце. Чаго ж не хапіла публіцы і ці ўсе магчымасці задзейнічала мясцовая сфера культуры?

…Але чым яго напоўніць?

Важна не толькі запрасіць і ў выніку сабраць шматтысячную “армію” турыстаў на адной пляцоўцы, а найперш — умела кіраваць плынямі “аматараў даўніны”. Канешне ж, на месцы трагічных падзей, дзе загінулі тысячы воінаў, праводзіць забаўляльныя канцэрты ды аналагічныя ім мерапрыемствы не выпадае. Але ж такога ніхто і не патрабуе. Разам з тым, вельмі сімвалічнымі бачацца разнастайныя асветніцкія акцыі, якія падрабязней пазнаёмілі б, скажам, з армейскім побытам 200-гадовай даўніны, хронікай падзей. Думаецца, тыя ж майстар-класы ад удзельнікаў клубаў рэканструкцыі спадабаліся б многім турыстам.

Альбо іншы прыклад. Да знамянальнай падзеі ў айчыннай гісторыі Барысаўскі краязнаўчы музей падрыхтаваў выстаўку, наведанне якой было ўключана ў праграму ўрачыстасцей. Можна меркаваць, што музейшчыкі планавалі запрасіць да сябе шматтысячную “армію” турыстаў, якія прыехалі на Брылёўскае поле? Аднак, думаецца, не набярэцца і аднаго працэнта ад гледачоў рэканструкцыі пераправы войскаў Напалеона праз Бярэзіну, якія прыйшлі б у той дзень у музей. І вельмі шкада, што праца музейшчыкаў ды, адпаведна, цікавы культурны прадукт засталіся мала запатрабаванымі. У той жа час, правядзенне выстаўкі непадалёк ад мемарыяльных помнікаў на самім Брылёўскім полі, няхай сабе і ў выглядзе шырокафарматных планшэтаў ці постараў, выклікала б інтарэс. І — гарантавала б знаёмства з музейным праектам, скажам, не сотні гледачам, а некалькім тысячам…

Зноў-такі, не была б пазбаўлена наведвальнікаў і адмысловая дзіцячая альбо сямейная пляцоўка, дзе прадставілі б, да прыкладу, малюнкі маленькіх творцаў альбо правялі інтэрактыўную праграму. Не кажу пра магчымасць зрабіць фотаздымак у ваеннай форме тых часоў кожнаму ахвотнаму або набыць памятны сувенір. А чаго б была вартая палявая кухня, размешчаная ў асобнай рэкрэацыйнай зоне?..

Прадоўжыць гэты шэраг ідэй і варыянтаў арганізацыі вольнага часу пад час урачыстасцей, прысвечаных гістарычным падзеям, думаю, можа кожны. Галоўнае, каб гэта было зроблена з неабыякавасцю да роднай гісторыі. А яшчэ — з элементарнай маркетынгавай прыкідкай: “Падзея? Дык гэта ж наша рэклама!”.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"