Усе на "…Мора"!

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Сёння ўвечары мы будзем "хварэць" за нашага Ягора Жэшку, які выйдзе на сцэну дзіцячага "Еўрабачання" ў Амстэрдаме. Выйдзе, дарэчы, першым!

Спяваць пад першым нумарам — складана ўдвая. Бо лепш запамінаюцца, як заўважаў яшчэ кіношны Шцірліц, апошнія словы. Але ж песня ў Ягора і папраўдзе запамінальная. І што самае адметнае — у ёй ёсць цудоўная гульня слоў: "мора" — і "amore", што перакладаецца як "каханне". Адпаведна, выкарыстана музычная "гульня цытатай" з аднайменнага сусветна вядомага хіта — тым больш, што і ў замежным арыгінале спявалася пра каханне "побач з морам". А ў астатнім — даведаемся, наколькі папулярна "Amore mio" ў еўрапейскай дзятвы. Хаця, вядома, галасуюць за ўлюбёныя песні не толькі дзеці, але і іхнія бацькі, бабулі ды дзядулі.

/i/content/pi/cult/402/8183/2-4.jpeg

Праводзіць на такіх конкурсах "разлікі" — дарэмна. Трэба проста атрымліваць асалоду ад усмешак, галасоў, мелодый — ад свята, што дорыць нам промні музычнага сонейка ўвечары-ўночы першага зімовага дня. Ягор — ужо герой! І малайчына. Ён займаецца ў эстрадна-вакальнай студыі прадзюсарскага цэнтра "Залатыя галасы" пры арт-групе "Беларусы". У адборачным туры на "Еўрабачанне" ўдзельнічаў не ўпершыню, але летась "не дабраў" балаў, каб апярэдзіць Лідачку Заблоцкую з Магілёва. Яно і лепш! Бо сёлета ён паехаў на спаборніцтва — у цяльняшцы. У самым прамым сэнсе слова! На беларускім адборы ён спяваў сваё "А мора-мора…" ледзь не ў белым фраку, для Амстэрдама ж абраў "модную палоску". Можна сказаць, "узгадаў дзяцінства", калі захапляўся караблямі (і, зразумела, піратамі), таму цяльняшка яму не пашкодзіць. Ва ўсіх сэнсах!

Так што ўключайце тэлевізары — і галасуйце за Еўропу пад знакам светлага дзяцінства! А яна няхай галасуе — за Ягора і за нас!..

Н.Б.