Праграмныя "Слуцкія…"

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогіі і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі "Слуцкія паясы" на 2012 — 2015 гады набыла статус афіцыйнага дакумента: яна зацверджана пастановай Савета Міністраў.

На рэалізацыю Праграмы ў акрэслены перыяд будзе выдаткавана каля 20,2 мільярда рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — амаль 17,8 мільярда.

Праграма прадугледжвае даследаванне гісторыі паясоў, характару і тэхналагічных асаблівасцей іх вытворчасці, распрацоўку прапаноў па замене аўтэнтычных матэрыялаў, з якіх рабіліся паясы, на сучасныя з захаваннем асноўных вобразна-пластычных асаблівасцей. Праграма адраджэння слуцкіх паясоў павінна даць стымул развіццю ў нашай краіне ДПМ і традыцыйнага народнага мастацтва. Для гэтага будуць адкрывацца музеі і мастацкія галерэі, ладзіцца выстаўкі.

Праграма надае ўвагу падрыхтоўцы спецыялістаў і ўключэнню ў навучальныя праграмы дысцыплін па гісторыі і тэхналогіі вытворчасці слуцкіх паясоў.

Прадугледжана распрацоўка тэхналогій і закупка абсталявання, рэканструкцыя вытворчага корпуса прадпрыемства мастацкіх вырабаў "Слуцкія паясы", дзе размесціцца вытворчасць з выкарыстаннем каштоўных металаў. Дзяржава будзе папаўняць калекцыю аўтэнтычных слуцкіх паясоў праз закупку іх на аўкцыёнах.

Прадпрыемствы і арганізацыі, якія возьмуць удзел у Праграме, атрымаюць падатковыя льготы. Асобным пунктам прапісана рэгістрацыя таварнага знака "Слуцкія паясы".