Раўненне на стыпендыятаў

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

7 снежня ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбудзецца чарговы канцэрт лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэтым разам ён збярэ прадстаўнікоў пераважна эстраднага мастацтва.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Інстытут культуры Беларусі, а таксама згаданы тэатр.

— Правядзенне падобных справаздачных канцэртаў, — кажа Расіта Галябовіч, сакратар Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, — вельмі важная падзея не толькі для кожнага з яго ўдзельнікаў, але і для ўсёй краіны. Мы маем магчымасць назіраць, як развіваецца наша мастацтва, куды рушыць таленавітая моладзь, якія новыя вяршыны яна скарае. Для юных музыкантаў, танцораў, прадстаўнікоў іншых відаў мастацтва, што займаюцца ў навучальных установах сферы культуры, такія паказы таксама дэманструюць планку, на якую трэба арыентавацца, дапамагаюць ацаніць лепшыя дасягненні.

У лютым у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі ўжо праходзіў канцэрт, які з’яднаў прадстаўнікоў акадэмічнай музыкі: мы пачулі лепшыя оперныя галасы, віртуозных інструменталістаў, якія ў розныя гады адзначаліся фондам. Цяперашні канцэрт будзе скіраваны да эстраднага мастацтва. Сярод яго ўдзельнікаў — такія знакамітыя спевакі, як лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Пётр Ялфімаў, Інга Кісялёва, нашы юныя зорачкі Лідзія Заблоцкая, Крысціна Святлічная, Аляксандра Няхай, Маша Новік, Міша Ліла і многія іншыя. Будуць у канцэрце і джазавыя нумары. Ахоплены і рэгіёны. З Мазыра, да прыкладу, прыедзе цыркавая студыя "Арэна". Убачаць гледачы і нумары сучаснай харэаграфіі…