Ад лэдзі да экзістэнцыялкі

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Што носяць сучасніцы і сучаснікі?

Што і казаць, лістапад выдаўся месяцам, багатым на буйныя культурныя падзеі. Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, Нацыянальная тэатральная прэмія, Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, Мінскае трыенале сучаснага мастацтва “БелЭКСПА-Арт-2012”… Прагучаць сярод такіх “гігантаў” іншым форумам, сапраўды, не так і проста. Ды тым не менш, некаторым з іх, нягледзячы на моцную канкурэнцыю, удалося гэта зрабіць нават “з густам”. Гаворка — пра Беларускі тыдзень моды, які сёлета ўжо пяты па ліку.

/i/content/pi/cult/401/8164/2-1.JPG

Чарговы выпуск Belarus Fashion Week, які сёлета, як і ў мінулым сезоне, прайшоў пры падтрымцы беларускай абутковай кампаніі Marko, вылучаўся дзвюма гучнымі падзеямі Першая — адкрыццё пляцоўкі для маладых дызайнераў і брэндаў — OFF SCHEDULE ("Па-за раскладам") у Мастацкай галерэі імя Міхаіла Савіцкага, і другая — прэзентацыя новага брэнда адзення “Felicity”, створанага “дызайнерам-правакатарам” Іванам Айплатавым сумесна з беларускай кампаніяй “Nicole & Nicole”. Тыя інфармацыйныя “вяршыні” выступалі сярод такіх традыцыйных і фірмовых праектаў Беларускага тыдня моды, як “Fashion Study Centre” — “Адукацыйны цэнтр моды”, штосезонная дабрачынная акцыя “Дзіцячая мода”, конкурс блогераў і fashion-журналістаў “Fashion Blog Competition”, ды, вядома, спаборніцтва маладых дызайнераў “New Names BFW”, што ладзіўся гэтым разам пры падтрымцы беларускага вытворцы O.Jen. Усё гэта, натуральна, — побач з асноўнымі паказамі дызайнераў, якія прэзентавалі на пятым выпуску Belarus Fashion Week новыя калекцыі сезона вясна/лета-2013.

TARAKANOVA, RadaStyle, Harydavets & Efremova, Davidova, Natasha TSU RAN, KUCHERENKO, BOITSIK, MYKYTYUK & YATSENTYUK — з Украіны, ONDER OZKAN — з Турцыі, Lat’el з Расіі… — чатырнаццаць дызайнерскіх брэндаў прапанавалі гледачам (і пакупнікам) сваё бачанне моды напярэдадні вяснова-летняга сезона. Парад калекцый прадэманстраваў не толькі актуальныя ў новым сезоне строі, але і, паміж радкоў, цікавыя ды парадаксальныя вобразы сучасных жанчын і мужчын. Мода, як вядома, — самы наглядны паказчык нашых настрояў, і ў гэтым сэнсе вывучаць яе — задавальненне найкарыснае. Дык што ж лунае ў паветры? — у такім ракурсе мы і паспрабавалі паглядзець на мінулую Belarus Fashion Week, прааналізаваўшы адпаведным чынам яе калекцыі.

/i/content/pi/cult/401/8164/2-2.JPG

Жаноцкасць — яна па-ранейшаму правіць балем. Пра гэта сцвярджаюць яе даўнія прыхільніцы — дызайнеры Святалана Тадорская (Todorskaya), Юлія Гілевіч (Fur Garden), віцябчанка Таццяна Сычова (RadaStyle) ды, канешне ж, Ірына Бойцік (BOITSIK)… У калекцыі Юліі Гілевіч немагчыма забыцца на шоўкавыя сукенкі, якія мякка аблягаюць жаночы стан, на элегантныя жакеты з цікавай апрацоўкай… Жанчына, створаная ёю, ведае мінулае, але ўпэўнена ідзе наперад, пакідаючы за сабой шлейф непрыступнасці і “высокай” прыгажосці.

Таццяна Сычова звярталася да трошкі іншых катэгорый. Яе строі, выкананыя з французскіх карункаў ручной работы, шоўку, прапанавалі цікавае спалучэнне камфорту і раскошы. Хіт калекцыі — доўгая сукенка, дзе празрысты карункавы ніз спалучаецца з “закрытым” шоўкавым верхам, стварае жанчыну пачуццёвую і адначасова ўпэўненую.

/i/content/pi/cult/401/8164/2-3.JPG

І чыстыя колеры Ірыны Бойцік: белы, бэжавы, зялёны, ружовы, жоўты… Простыя формы, крыху прыталены сілуэт, какетлівыя валаны — тое складнікі яе “эскіза” жанчыны. Усё лёгкае і знаёмае (тыя ж валаны), але аўтару ўдаецца стварыць вобраз упэўненай і, разам з тым, рамантычнай, пяшчотнай лэдзі, якую хочацца абараняць, нягледзячы на яе незалежнасць. Ірына Бойцік — гэта той дызайнер, які заўжды ўмее знайсці баланс паміж стрыманасцю ды прывабнасцю, і менавіта таму ейныя работы карыстаюцца нязменным поспехам. Перад намі — вобразы арыгінальныя і класічныя, што ніколі не страцяць сваёй актуальнасці.

Падарожжа ў дзёрзкую жаноцкасць 20-х гадоў ХХ стагоддзя здзейснілі ўкраінкі Святлана Мікіцюк і Саламія Яцэнцюк (MYKYTYUK &YATSENTYUK) з Львова, стварыўшы калекцыю манахромных строяў з гіпюру ды фактурнага шоўку. Дызайнеры сцвярджаюць, што акурат такі — эмансіпіраваны, свабодны — вобраз інтэлектуалкі пачатку мінулага стагоддзя ў маленькай чорна-белай гіпюравай сукенцы будзе акутуальны наступным летам.

Апісаннем твораў гэтых удзельніц BFW мы вызначаем тэндэнцыю пэўнага адыходу жанчыны ад класічнага вобраза — прыспеў час для больш вольных і спакойных ліній ды форм і, адпаведна, больш адкрытага светапогляду.

/i/content/pi/cult/401/8164/2-6.JPG

Калі госці з Украіны вымалёўвалі вобраз гэткіх бунтарак, Алена Латышава (Lat`el) з Калінінграда стварыла ў сваёй лініі “Па той бок ветру...” жанчыну, што ўжо не мае патрэбу ў бунце. Яна — вольная падарожніца, якая нікому не належыць. Натуральныя ткані (лён, віскоза), складаны крой, але, разам з тым, плаўныя лініі, пастэльныя тоны, дзіўныя аксесуары з пёраў — і перад намі ўжо зусім іншы вобраз, што нясе спакой, ураўнаважнасць і нават задуменнасць. Як прызналася дызайнер, на стварэнне гэтай лініі яе натхніла Балтыйскае мора і палёт чайкі над яго хвалямі… І таму немагчыма не даць веры.

Гэты настрой суладдзя з прыродай і ўласным унутраным светам своеасаблівым чынам прадоўжылі дызайнеры брэнда “HISTORIA NATURALIS” Паліна Картавіцкая і Ларыса Сцяпанава. Дзяўчыны ў сваёй новай калекцыі пад назвай “Душы” паспрабавалі спалучыць млявасць летняй спякоты з прахалодай марскога брызу. Стопрацэнтныя натуральныя тканіны, вольныя формы і прынты траў, кветак і пладоў на адзенні, нават малюнка марской пены — усё спалучылася ў вобраз жанчыны, якая нікуды не спяшаецца, умеючы атрымліваць асалоду ад жыцця і яго магчымасцей.

/i/content/pi/cult/401/8164/2-7.JPG

Аднак, вядома, свабода дае не толькі адчуванне палёту, але і ўнутраныя пакуты ды рэфлексіі. І калі хтосьці з шаноўных чытачоў мяркуе, што поле моды — не месца для ўзняцца падобных экзістэнцыяльных пытанняў, магу зазначыць, што ён глыбока памыляецца. Калекцыі дызайнераў Наталлі Цуран (Natasha TSU RAN) і Вольгі Кучарэнка (Kucherenko) распавядаюць акурат пра гэта: якая супярэчлівая натура кожнага чалавека, як складваюцца яго стасункі з грамадствам і што значыць быць жанчынай у гэтым свеце.

Строі Наталлі Цуран — унутраная размова з самім сабой. Гэта эксперымент з сілуэтамі ды фактурамі: празрыстыя топы і закрытыя бодзі, строгія спадніцы-алоўкі і сукенкі з графічным дэкорам. Дызайнер праз спалучэнне матэрыялаў і колераў — той жа бавоўны і скуры, чорнага колеру і лімоннага — дэманструе, якая ўнутраная бітва адбываецца ў душы кожнай асобы і як важна, каб у ёй, у рэшце рэшт, перамагла любоў.

Вольга Кучарэнка выкарыстоўвае ўласцівую яе моднаму почырку мову, каб данесці да публікі канфлікт паміж знешнім і ўнутраным. Трапецападобныя топы і сукенкі, нібыта сцягнутыя рамянямі ды паясамі абліччы, дамінаванне чорнага і белага колераў — ці ж гэта не супрацьпастаўленне стэрэатыпаў, умоўнасцей грамадства жаданню быць самім сабой кожнай асобы ўвогуле і жанчыны ў прыватнасці? Цікава, што Вольга не баіцца аддаць перавагу эксперыменту, пошуку, чым прадэманстраваць звычайную “насібельнасць” ці функцыянальнасць строяў. І перад намі — нараджэнне ў беларускай модзе новай іпастасі сучаснай жанчыны, якой уласціва пастаноўка зусім не лёгкіх пытанняў.

А як жа мужчыны? Няўжо іх вобразы не зведалі сёння змен? І тут трапны, дасціпны і яскравы адказ на гэтае пытанне дае беларускі “гуру” мужчынскай моды Людміла Тараканава (TARAKANOVA). Віцебскі дызайнер робіць з мужчынамі немагчымае: яна апранае іх у шоўкавыя кашулі вясёленькай расфарбоўкі, у свабодныя камбінезоны, вельмі падобныя да сукенак, павязвае лёгкія доўгія шоўкавыя шалікі, абувае ў “лодачкі” — і яны ўсё роўна застаюцца мужчынамі. Дзякуючы смелым канструктыўным рашэнням, майстэрству Людмілы, якім бы жаноцкім ні выглядала адзенне асобна, на мужчынскай фігуры яно набывае зусім іншае гучанне. Безумоўна, трансфармацыя мужчынскага аблічча — навідавоку: паводле Тараканавай, сучасны мужчына больш спакойны і разняволены, чым яго дзелавыя калегі, але яго мужнасць нікуды не знікла, як бы вытанчана ён ні выглядаў.

/i/content/pi/cult/401/8164/2-4.JPG

Што да яшчэ аднаго героя восеньскай Belarus Fashion Week — Івана Айплатава, яго новы брэнд “Felicity” прызначаны для жанчын “вялікага горада”. Тут і адсылкі да 60-х — шорты з завышанай таліяй, курткі-бомберы, цяльняшкі з чайкамі, і офісная серыя ў духу business-glam, што значыць —аніякага занудства ды шэрасці, і імпрэсіянісцкія матывы ў лінейцы для адпачынку. Кожная дэталь — вывераная, тканіны — найвышэйшай якасці, і тут ужо гаворка ідзе не проста пра жанчыну з прывязкай да пэўнай культуры, а праз жанчыну-касмапалітку, якая ўпэўнена крочыць праз межы кантынентаў. Яна вылучае мэтанакіраванасць і шарм, жаноцкасць і дасведчанасць, і горад — гэта яе стыхія.

Як абяцаў Іван Айплатаў, ужо ў наступным годзе адкрыецца пяць фірменных крам брэнда “Felicity”, і дзве з іх — менавіта ў Мінску. Тым, хто абірае ідэалогію самаўпэўненай гараджанкі, безумоўна, пашчасціла. Што ж да апалагетаў іншых светапоглядаў, то пакуль публіцы збольшага давядзецца разлічваць на асабістую электронную пошту дызайнераў, якая прадстаўлена на сайце Belarus Fashion Week. Але, спадзяёмся, што з кожным выпускам форуму гэтыя, як бачым, цалкам разнастайныя вобразы сучаснікаў будуць станавіцца нам усё бліжэй…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"