Спаборніцтва за імідж

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Даплата як стымул для сноўскага стылю

“К” пісала ўжо пра тое, што ў Беларусі праходзяць заключныя мерапрыемствы Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю працы клубных устаноў аграгарадкоў “Клуб года”. Названы праект ладзіцца згодна з Дзяржпраграмай устойлівага развіцця сяла на 2011 — 2015-ы. Экспертная камісія наведала ўсе рэгіёны краіны і ўбачыла крэатыўны досвед аграгарадоцкіх клубнікаў. Апошні выезд членаў журы адбыўся на Нясвіжчыну. Таленты свайго раёна прадстаўляў Сноўскі цэнтр культуры і адпачынку.

Узорная Міншчына

Заканчэнне конкурсу менавіта на Міншчыне — пэўна, не выпадковасць. Не сакрэт, што гэтая вобласць здаўна і заслужана лічыцца ўзорнай у плане культурнага абслугоўвання насельніцтва. Тым больш, як адзначыў “К” начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч, за апошні час у сферу было ўкладзена багата фінансавых сродкаў.

— За апошнія два з паловай гады на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры Мінскай вобласці было асвоена прыкладна 113 мільярдаў рублёў, — распавёў Леанід Акушэвіч. — Лічба, пагадзіцеся, — унушальная. Гэта і пабудова амфітэатра ў Маладзечне, і новы Палац культуры ў аграгарадку “Чысць” Маладзечанскага раёна, і новыя Любанская ды Мар’інагорская школы мастацтваў... Да таго ж, за тыя ж два-тры гады была адрамантавана не адна сотня ўстаноў. Напрыклад, толькі за 2010-ы на Міншчыне ўвялі ў строй 65 аграгарадкоў, у якіх тады адрамантавалі 74 установы культуры. Такая праца па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы дае нам рэальную магчымасць захаваць кадравы і творчы патэнцыял. Такім чынам дамо і новы імпульс развіццю культуры менавіта ў сельскай мясцовасці…

Да гэтага, дарэчы, закліканы і Рэспубліканскі конкурс.

— Гэты конкурс, — перакананы начальнік абласнога ўпраўлення культуры, — мае і аспект спаборніцтва, таму прымушае клубных работнікаў прадэманстраваць усе свае магчымасці ды напрацоўкі. І, на мой суб’ектыўны погляд, Сноўскі цэнтр культуры поўнасцю заслугоўвае наймення “Лепшы клуб аграгарадка”: не таму, што тут — багатая гаспадарка, а таму, што тут ёсць нейкая свая атмасфера, свой узровень культуры і творчасці…

Ізноў пра Сноў

Што і казаць, Сноў — мястэчка не тыповае, і завітаўшы сюды сапраўды пераконваешся: тут пануе свая атмасфера, свой адметны, сноўскі, стыль жыцця. А знакамітая не толькі на ўсю Беларусь, але і далёка за яе межамі мясцовая гаспадарка дапамагае сацыяльнай сферы паселішча выглядаць узорнай у параўнанні з многімі іншымі аграгарадкамі ды вёскамі нашай краіны.

Кажу гэта таму, што на свае вочы пераканаўся ў тым, што ўвага старшыні Праўлення СВК “Агракамбінат “Сноў” Мікалая Радамана да аб’ектаў сацыяльнай сферы — найвялізнейшая. Як распавёў “К” намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Майсеня, паўгода таму ў Снове быў адкрыты пасля рэканструкцыі спартыўна-аздараўленчы комплекс. Пад гэтыя мэты агракамбінатам было выдаткавана прыкладна 6 мільярдаў рублёў. Сем месяцаў таму была ўведзена ў дзеянне новая паліклініка, разлічаная на сто наведванняў у дзень, з дзённым стацыянарам на дваццаць месцаў, а таксама — пабудаваны сацыякультурны цэнтр у вёсцы Слабада. Таксама заслуга кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі. Ды і той жа Сноўскі СЦКіА быў нядаўна адрамантаваны дзякуючы фінансавай дапамозе агракамбіната.

— Мая ўвага да сацыяльнай сферы — невыпадковая, — адзначыў карэспандэнту “К” Мікалай Радаман. — Я часта прысутнічаю на канцэртах мясцовых артыстаў, на іхніх рэпетыцыях. А каб падтрымаць культработнікаў, мы, са свайго боку, згодна з рашэннем Праўлення нашай гаспадаркі, робім ім даплату да заробку. Гэтае стымуляванне, а таксама якасны кадравы адбор спецыялістаў і кіраўнікоў калектываў, як бачыце, прыносяць свой плён і вынік…

Канцэрт — на ўра

Зрэшты, пра плён і вынік. Калектывы Сноўскага сельскага цэнтра культуры і адпачынку ўразілі членаў Рэспубліканскай камісіі адразу па прыездзе ў аграгарадок. Чым, спытаеце вы? А сваім узорным духавым аркестрам! Па прызнанні членаў журы конкурсу, менавіта духавы ансамбль ніхто з іх не спадзяваўся ўбачыць ва ўстанове культуры аграгарадка. А супрацоўнікі Сноўскага СЦКіА здолелі, да таго ж, не толькі прадэманстраваць умельства сваіх духавікоў, а і зладзіць цікавую творчую сустрэчу.

Адразу на ўваходзе ў фае ўстановы была зладжана выстаўка работ майстроў народнай творчасці. Але ж, зразумела, галоўная падзея чакала членаў камісіі ў актавай зале. Зоркі эстрады не заўсёды збіраюць поўную залу, як тое ўдалося артыстам-аматарам.

Даваць ацэнку выступленняў артыстаў не буду: няхай гэта зробіць кампетэнтнае журы. Магу сказаць толькі адно: тэатралізаваны канцэрт “Дзверы талентаў сваіх адчыняем”, на мой погляд, прайшоў на ўра і быў вельмі цікава зрэжысіраваны. Немалая заслуга ў гэтым — і яго вядучых Юліі Івашка і Аляксея Дунчанкі. Мне, да прыкладу, вельмі спадабаліся выступленні народнага ансамбля песні і танца “Вяночак” пад кіраўніцтвам Тамары Прыгун і Эдуарда Чарняўскага. Уразіў і народны ансамбль песні “Акцэнт”. Апошняе слова — за экспертамі.

— Падводзіць вынікі конкурсу, натуральна, яшчэ зарана, — адзначыў член журы — дэкан факультэта культуралогіі і сацыяльнай дзейнасці БДУКіМ Мікалай Каралёў. — Але несумненна адно: гэты конкурс — выдатная магчымасць для абмену вопытам паміж рэгіёнамі нашай краіны, для завязвання кантактаў, прыкладам, паміж кіраўніцтвам нашага ўніверсітэта і практыкамі на месцах…

Напрыканцы дадам, што вынікі Рэспубліканскага конкурсу будуць падведзены бліжэйшым часам, пра што, натуральна, паведаміць і “К”. Да таго ж, для падагульнення напрацаванага вопыту, як зазначыў рэктар Інстытута культуры Беларусі Янка Крук, на пачатку 2013 года запланавана правесці выніковую канферэнцыю, якая таксама пройдзе з удзелам нашай газеты. А ў наступных нумарах “К” чытайце матэрыял “круглага стала” аб праблемах і перспектывах развіцця клубнай сістэмы Беларусі.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Нясвіжскі раён — Мінск

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"