На што робіць стаўку Спіс UNESCO?

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Каардынацыя ў справе зберажэння

Cёння завяршаецца прадстаўнічы форум — Другі Рэгіянальны семінар краін — удзельніц СНД, прысвечаны пытанням удасканалення, развіцця і эфектыўнага кіравання аб’ектамі Сусветнай спадчыны. Форум прайшоў на базе Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску і Замкавага комплексу “Мір”.

Як адзначыў на адкрыцці семінара намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, сёння вельмі важная каардынацыя намаганняў міжнародных і нацыянальных экспертаў у ахове і аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны. Намеснік міністра адзначыў, што Беларусь мае вялікі вопыт у гэтай сферы і з задавальненнем гатова падзяліцца сваімі напрацоўкамі. У прыватнасці, Віктар Кураш адзначыў: наша краіна ганарыцца тым, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, захавалася нацыянальная школа рэстаўрацыі. Ён выказаў падзяку UNESCO за дапамогу ў рэстаўрацыі не толькі аб’ектаў, якія ўвайшлі ў Спіс сусветнай спадчыны, але і пазіцый па-за пералікам, як, да прыкладу, сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, палаца Тызенгаўза ў Паставах.

У рамках семінара абмяркоўваліся пытанні захавання аб’ектаў Сусветнай спадчыны ў сучасным урбанізаваным асяроддзі, навучання і будучых трэнінгаў па ўкараненні сучасных тэхналогій, адбылося знаёмства ўдзельнікаў з лепшымі практыкамі кіравання аб’ектамі Сусветнай спадчыны, абмен дасягненнямі і станоўчым вопытам у галіне яе аховы і выкарыстання ў краінах СНД. Акрамя таго, на семінары былі распрацаваны выніковыя дакументы, уключаючы рэкамендацыі па развіцці менеджмент-планаў на аб’ектах Сусветнай спадчыны ў краінах СНД і іх эфектыўным выкарыстанні.

У кулуарах карэспандэнт “К” пагутарыў з некаторымі замежнымі ўдзельнікамі семінара, якія пагадзіліся расказаць пра асноўныя праблемы ў названй сферы і спосабы іх вырашэння ў сваіх краінах.

Альгімінтас ДЭГУЦІС, намеснік дырэктара Дэпартамента культурнай спадчыны Літвы, дырэктар Агенцтва па аднаўленні Старога горада Вільнюса:

/i/content/pi/cult/401/8146/2-1.jpeg

— Праблемы, з якімі сутыкаюся ў сваёй працы, актуальныя, думаецца, і для беларускіх калег. Многія ўласнікі гістарычных аб’ектаў імкнуцца перарабіць будынкі на свой густ, часам не захоўваючы яго аўтэнтычныя элементы. Для нас доўгі час вялікай праблемай было тое, што ў гістарычнай частцы горада імкліва ўзводзілася сучасная архітэктура. Але дзякуючы інтэнсіўнай інфармацыйнай працы цягам апошніх дзесяці гадоў з інвестарамі ды ўласнікамі апошнія зразумелі, што трэба захоўваць аўтэнтычны каларыт горада. Акрамя таго, створана вялікая буферная зона вакол старога горада. Застаўся іншы клопат — транспартны. Мы імкнёмся, каб праз Стары горад не праходзілі транзітныя аўтамагістралі. Акрамя таго, плануем аддаць большую частку гэтага масіву пешаходам.

Кажучы пра ахову спадчыны, нельга не адзначыць і пастаянныя міграцыйныя працэсы. Справа ў тым, што з Вільнюса шмат насельніцтва выязджае на працу ў Заходнюю Еўропу, а ў нашу сталіцу пераязджае вялікая колькасць людзей з рэгіёнаў, суседніх краін. У пераважнай большасці, яны не ўсведамляюць гістарычнай каштоўнасці будынкаў, не палюбілі сам горад, а таму інфармацыйную працу трэба весці пастаянна.

Дзяржава дапамагае інвестарам і ўладальнікам старадаўніх будынкаў у рэстаўрацыі. У прыватнасці, інвестар можа прадставіць праект рэстаўрацыі і атрымаць сродкі на яго рэалізацыю, альбо пасля правядзення ўсіх рамонтных работ дзяржава кампенсуе асобныя выдаткі. Калі называць лічбы, то бюджэт аплачвае 100% выдаткаў за даследчыя і 50% за праекціровачныя ды рэстаўрацыйныя работы…

Любава МОРАВА, праграмны спецыяліст па культуры Бюро UNESCO ў Маскве (Расія):

/i/content/pi/cult/401/8146/2-3.jpeg

— Унясенне аб’екта ў Спіс — толькі адна з шэрагу задач у справе аховы аб’екта спадчыны. А вось выкарыстоўваць аб’ект не толькі для турыстычных мэт, але і для падтрымкі каштоўнаснай іерархіі — ці не самая галоўная наша місія. А для гэтага, у сваю чаргу, неабходны абмен вопытам — ці не найлепшы сродак для паляпшэння эфектыўнага выкарыстання і захавання сусветнай спадчыны. Менавіта таму UNESCO падтрымлівае ініцыятыву правядзення такіх сустрэч. Вельмі важна разам убачыць агульныя праблемы і задачы, якія можна сумеснымі намаганнямі якасна вырашыць.

Хачу прыгадаць эфектыўны пілотны праект, што цягам трох гадоў рэалізуецца ў Арменіі. У яго рамках ужо праведзены даследаванні, трэнінгі, майстар-класы, па выніках якіх падрыхтаваны буклеты, што разаслалі па ўсіх мясцовых гасцініцах, навучальных установах, каб прыцягнуць увагу да каштоўнасці мясцовых жыхароў. Справа ў тым, што маніторынг паказаў: многія школы, навучальныя ўстановы, якія знаходзяцца непадалёк ад аб’ектаў, уключаных у Спіс сусветнай спадчыны, не ведаюць, якім багаццем валодаюць. А таму для папулярызацыі такіх мясцін варта прыцягваць да супрацоўніцтва спонсараў, прадстаўнікоў розных ведамстваў, устаноў, грамадскіх арганізацый…

Кенуль ДЖАФАРАВА, загадчык сектара культурных каштоўнасцей, Міністэрства культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі:

/i/content/pi/cult/401/8146/2-2.jpeg

— Паміж нашымі краінамі існуюць супольныя праекты, скіраваныя на абмен вопытам у сферы культуры, і нягледзячы на тое, што гэта толькі мой першы візіт у Беларусь, я ўбачыла і запазычыла для далейшай працы шмат карыснага. Усе мае чаканні, у прыватнасці, адносна Мінска як прыгожай і ўтульнай еўрапейскай сталіцы, цалкам апраўдаліся…

Алена СЯРДЗЮК, кандыдат гістарычных навук, генеральны дырэктар Нацыянальнага запаведніка “Сафія Кіеўская” (Украіна):

/i/content/pi/cult/401/8146/2-4.jpeg

— Асноўная праблема, якая характэрна для большасці краін свету, у тым ліку і нашых — Беларусі і Украіны, — ахова помнікаў ва ўмовах агрэсіўнага ўрбаністычнага асяроддзя. Для вырашэння яе ў нас ствараюцца Планы кіравання, якія не толькі будуць абараняць той або іншы помнік, але і каардынаваць усю дзейнасць, што адбываецца навокал яго, у тым ліку — у буферных і ахоўных зонах. Дакумент дазваляе не толькі захаваць, але і развіваць помнік, знайсці кампраміс у адносінах паміж гістарычным і сучасным асяроддзем. План — гэта патрабаванне не толькі UNESCO, але і самога жыцця. Ён уключае функцыянальнае заніраванне, як на тэрыторыі помніка, так і ў яго буфернай зоне, праграму рэстаўрацыі, абароны, маніторынгу аб’екта.

Калі казаць пра наш аб’ект — Сафійскі сабор, — то ва ўмовах глабалізацыі мы губляем свайго наведвальніка, нават нягледзячы на тое, што гэта помнік, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. За апошнія гады наведвальнасць Сафійскага сабора неверагодна знізілася. А таму для нас важная праца па інфармаванні грамадства, увага да моладзі, у тым ліку — прадстаўнікоў субкультур. Хаця і ў гэтай сітуацыі ёсць свае перавагі: меншае ўздзеянне на помнік з боку навакольнага асяроддзя.

Пад час папярэдніх візітаў у Беларусь мяне прыемна ўразілі старадаўнія храмы, у першую чаргу — у Гродне і Полацку. Больш за тое: у нас з калегамі з’явілася ідэя распрацоўкі для будучага ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO трансгранічнага праекта, які аб’яднаў бы хрысціянскія помнікі перыяду існавання Кіеўскай Русі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі…

Фота аўтара і Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"