“Слуцкі ўспамін” — “цвік” экспазіцыі

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка-продаж “Свет шкла і керамікі-2012” працуе зараз у шкляным жа павільёне Нацыянальнага выставачнага цэнтра “БелЭКСПА” па вуліцы Янкі Купалы.

Свае стэнды на выстаўцы маюць тыя, хто вырабляе шкло і кераміку ў прамысловых маштабах, і тыя, хто стварае ўнікальныя ўзоры, сапраўдныя творы мастацтва, здольныя ўпрыгожыць не толькі жытло, але і музейныя залы. Да таго ж, ёсць тут і звычайны асартымент сувенірных крам: скураная галантарэя, біжутэрыя і гэтак далей.

/i/content/pi/cult/401/8143/1-2.jpeg

Сярод удзельнікаў выстаўкі — Барысаўскі камбінат дэкаратыўнага мастацтва імя А.М. Кішчанкі. Камбінат мае два цэхі: керамічны і ткацкі. Прадстаўлены ўзоры прадукцыі абодвух. “Цвік” экспазіцыі барысаўчан — аналагі славутых Слуцкіх паясоў. Яны дакладна паўтараюць арыгіналы, але выкананы з сучасных матэрыялаў і на сучасным абсталяванні. Гэта сувеніры, прызначаныя для аздобы побыту. Тут ўжо знаёмыя нашым чытачам пано “Слуцкі ўспамін”, уласна паясы і папкі, прызначаныя для падзячных альбо віншавальных лістоў ды іншых такога ж кшталту дакументаў.

/i/content/pi/cult/401/8143/1-3.jpeg

На выстаўцы наш карэспандэнт гутарыў з начальнікам ткацкага цэха Барысаўскага камбіната Таццянай Шастухінай. Яна паведаміла, што на сувеніры паводле гістарычных узораў ёсць стабільны попыт. Нельга сказаць, што яны танныя, але, зрэшты, для шараговага пакупніка даступныя. Аднак набываюць іх звычайна для прэзентацыйных мэт, калі трэба годна прадставіць Беларусь. Спадарыня Шастухіна з гордасцю падкрэсліла, што на сённяшні момант барысаўчане сваю частку дзяржаўнай ініцыятывы па адраджэнні Слуцкага пояса фактычна выканалі. Сувенірныя Слуцкія паясы камбіната імя А.М. Кішчанкі — ужо не праект, а матэрыялізаваная ідэя.

П.В

На здымках: Таццяна Шастухіна дэманструе сувенірны аналаг слуцкіх паясоў; стылізаваныя папкі.

Фота аўтара і Юрыя ІВАНОВА