Памятны знак і “Скарбы Напалеона”

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Урачыстымі мерапрыемствамі, якія гэтымі днямі адбываюцца на Барысаўскай зямлі, завяршаецца ў нашай краіне цыкл мерапрыемстваў да знакавай даты ў айчыннай гісторыі — 200-годдзя вайны 1812 года.

У прыватнасці, пры падтрымцы Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь у Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева адбылося адкрыццё IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Каладзееўскія чытанні”, арганізаванай сумесна з Цэнтрам напалеонаўскіх даследаванняў.

/i/content/pi/cult/401/8140/1-1.jpeg

На Брылёўскім полі ва ўрачыстай атмасферы прайшло адкрыццё памятнага знака “Смутак і пакаленне”, а таксама адбыўся міжнародны мітынг-рэквіем, цырымонія ўскладання вянкоў. Каля вёскі Студзёнка шматлікія дэлегацыі, аматары гісторыі наведалі месца гібелі дзясяткаў тысяч чалавек з абодвух варагуючых бакоў. Да таго ж, кожны ахвотны мог пазнаёміцца з музейнай экспазіцыяй “Вайна 1812 года ў гісторыі Барысаўшчыны”, якая адкрылася ў Барысаўскім аб’яднаным музеі, а таксама ўбачыць паказальнае выступленне ваенна-гістарычных клубаў. Гэтымі днямі ў памяць шматлікіх ахвяр вайны 1812 года ў храмах Барысава прайшлі памінальныя малебны.

Тым часам сёння завяршаецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Вайна 1812 года і Беларусь” на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у якой прымаюць удзел не толькі айчынныя даследчыкі, але і іх калегі з бліжэйшага замежжа.

Падрыхтаваліся да 200-годдзя бітвы каля вёскі Студзёнка і пераправы войск Напалеона праз Бярэзіну і на тэлебачанні. У прыватнасці, сёння гледачы “Беларусь 1” змогуць пазнаёміцца з чарговым фільмам цыкла “Журналісцкае расследаванне” — “Скарбы Напалеона”, дзе даследуецца гісторыя страчанага багацця, пакінутага французскім палкаводцам на беларускіх абсягах. Цягам гэтых дзён будуць паказаны і іншыя праграмы тэматычнага “тэлеменю”.

К.А. 

На здымку: манумент на Брылёўскім полі.