Дзяржаўнай рэгістрацыі падлягаюць фільмы, прызначаныя для паказу, пракату, тыражавання, продажу на тэрыторыі Беларусі, за выключэннем выпадкаў іх паказу дзяржаўнымі тэлевізійнымі сродкамі масавай інфармацыі, наймальнікамі для сваіх работнікаў у вучэбна-метадычных мэтах, паказу з дазволу Міністэрства культуры краіны ў рамках кінематаграфічных мерапрыемстваў, а таксама іншых выпадкаў, устаноўленых заканадаўствам.
Дзяржаўную рэгістрацыю фільмаў, вядзенне дзяржаўнага рэгістра, а таксама выдачу дазволаў на паказ фільмаў у рамках кінематаграфічных мерапрыемстваў ажыццяўляе Дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Сярод асноўных задач дзяржрэгістрацыі — вызначэнне ўзроставага абмежавання глядацкай аўдыторыі; выдача дзяржаўнага рэгістрацыйнага пасведчання; уключэнне звестак аб дзяржрэгістрацыі кінастужкі, у тым ліку рэкамендацый па ўзроставым абмежаванні глядацкай аўдыторыі, у дзяржаўны рэгістр фільмаў.
На дзяржрэгістрацыю карціны прадстаўляюць іх вытворцы (прадзюсары) альбо заяўнікі, якім у адпаведнасці з дамовай прадастаўлены правы на выкарыстанне фільма.
Заяўнік у выпадку неабходнасці павінен забяспечыць работнікам Дэпартамента ўмовы для прагляду кінастужкі.
Фільмы, якія змяшчаюць элементы эротыкі, насілля і жорсткасці, накіроўваюцца Дэпартаментам у Рэспубліканскую экспертную камісію па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці (РЭК) для атрымання экспертнага заключэння.
Зыходзячы са зместу фільма, Дэпартамент вызначае рэкамендуемыя ўзроставыя абмежаванні глядацкай аўдыторыі і прысвойвае яму адпаведны індэкс, які вызначае парадак выкарыстання. Індэкс паказваецца ва ўсіх выпадках выкарыстання фільма (у тым ліку пры трансляцыі па тэлебачанні) і яго рэкламы (буклеты, запрашальныя білеты, улёткі, аб’явы, газеты і іншыя), а таксама на ўпакоўцы носьбітаў, якія змяшчаюць запіс карціны.
Рашэнне аб выдачы дзяржаўнага рэгістрацыйнага пасведчання або адмове ў яго выдачы прымаецца на працягу дзесяці рабочых дзён з дня рэгістрацыі заявы з прыкладаннем усіх неабходных дакументаў і матэрыялаў, а пры неабходнасці накіравання фільма ў РЭК — на працягу месяца.
Дзеянне дзяржаўнага рэгістрацыйнага пасведчання можа быць спынена пры выяўленні невыканання заяўнікам умоў і парадку выкарыстання фільма, прадугледжаных ва ўказаным пасведчанні і заключэнні РЭК. У выпадку прыняцця рашэння аб спыненні дзеяння дзяржаўнага рэгістрацыйнага пасведчання Дэпартамент накіроўвае пісьмовае паведамленне аб гэтым яго ўладальніку. Цягам тэрміну, пазначанага ў паведамленні, уладальнік абавязаны вярнуць пасведчанне ў Дэпартамент.
Пастанова ўступіла ў сілу 17 лістапада 2012 года.