Шматлікія мерапрыемствы, якія зладзілі сёлета бібліятэкары Лідскай РЦБС у рамках Года кнігі, прайшлі пад грыфам “Упершыню”. А самым яркім і запамінальным стала правядзенне “Бібліяшоу-2012”.
Прысутным была прадстаўлена такая праграма, якая ўражвала любога, самага патрабавальнага, наведвальніка. У фае бібліятэкі ўдзельнікаў мерапрыемства сустракалі касцюмаваныя героі — Ефрасіння Полацкая і Францыск Скарына. Ахвотныя маглі сфатаграфавацца на памяць. Асаблівай папулярнасцю карысталася “Лаўка для знаёмстваў”, дзе наведвальнікі маглі ўласна знаёміцца, абменьвацца думкамі, даваць парады, ды і проста адпачываць.
У час мерапрыемства праходзілі такія акцыі, як “Падары кнігу дзіцячаму дому”, “Другое жыццё кнігі”. Каб прыцягнуць увагу лідчан да кнігі, у бібліятэцы арганізоўвалася промаакцыя “Час чытаць!”. Бібліятэчныя спецыялісты, апранутыя ў футболкі і бейсболкі з сімволікай “Горад, які чытае”, прапаноўвалі на вуліцах горада часопісы самай рознай тэматыкі ў падарунак.
Шмат прыхільнікаў знайшлося і ў фотаконкурсу “Заспеты за чытаннем”. А для тых, хто жадаў далучыцца да духоўнасці, была арганізавана духоўна-асветніцкая гутарка са святаром.
“Куток вячэрняга чытання” запрасіў удзельнікаў і гасцей пачытаць любімую кнігу, пагартаць часопіс пры ўтульным святле начніка. Цягам усяго свята праводзіліся інтэрактыўныя гульні і віктарыны “У крэсле з электроннай кніжкай”, гульнёвыя праграмы. Своеасаблівым бонусам у гэты дзень стала бясплатнае карыстанне Інтэрнэтам для кожнага пятага наведвальніка.
Свята скончылася, але… Разам са словамі падзякі нам выказвалі пажаданне зрабіць “Бібліяшоу” традыцыяй. Не сакрэт, што сёння такі час, калі заставацца ў традыцыйных рамках ужо нельга — трэба заўсёды шукаць нешта новае ды адметнае, каб быць цікавымі. Таму і ў далейшым мы будзем імкнуцца выкарыстоўваць увесь свой прафесіяналізм і крэатыў, інавацыйныя тэхналогіі ў сваёй дзейнасці, каб наша бібліятэка стала галоўнай крыніцай атрымання інфармацыі, цэнтрам захавання нацыянальнай культуры і адпавядала статусу сучаснага шматфункцыянальнага інфармацыйна-дасугавага комплексу.
Святлана КРЫВЕЦ, загадчык аддзела маркетынгу Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
На здымках: пад час "Бібліяшоу-2012".