Спонсар падтрымае, калі...

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Кобрыншчына: рэальныя вынікі "мазгавых штурмаў"

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Кобрынскі раён Брэстчыны назваць шараговым ці малацікавым на культурнай карце Беларусі язык не павернецца. Хапае тут сваіх мясцовых раскручаных брэндаў, культурных праектаў не толькі абласнога, але і рэспубліканскага ўзроўню, а аўтэнтычныя мясцовыя калектывы — жаданыя госці за межамі краіны…

Словам, крэатыву не бракуе. Прычым і на спонсарска-мецэнацкай дзялянцы. Усё гэта адбываецца, па перакананні намесніка старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянціна Трубчыка, толькі з той прычыны, што шчыльныя сувязі з мецэнатамі ў мясцовым аддзеле культуры наладзілі яшчэ шмат гадоў таму, не чакаючы загаду “зверху”. І здаўна мясцовыя культработнікі праводзяць цікавыя ды адметныя акцыі, на якія, натуральна, прыцягваюцца значныя спонсарскія сродкі.

Але, на мой погляд, справа тут не толькі ў гэтым. Падаецца, гаворку варта весці таксама і пра своеасаблівы ды нават у нечым унікальны падыход да планавання культработнікамі сваёй дзейнасці. Бо мясцовыя клубнікі, бібліятэкары ды музейшчыкі не кіруюцца адно шаблонным, ды, па вялікім рахунку, “мёртвым” штогадовым планам работы, а пастаянна імкнуцца стварыць новы праект, зладзіць акцыю, яшчэ і зацікавіўшы сваімі ноу-хау кіраўнікоў мясцовых прадпрыемстваў, фірм, арганізацый. З такім падыходам да справы і вынікі, натуральна, адпаведныя.

Праекты на перспектыву

Неаднойчы пісаў пра тое, што адшукаць арыгінальны творчы праект, як сведчыць практыка журналістаў “К”, складана. Бо не для каго не сакрэт: рэгіянальныя культработнікі зазвычай прастуюць торным шляхам. Усім нам вядомы шматлікія “сядзібы Дзеда Мароза”, скапіраваныя на адзін капыл святы вёсак ці дыскатэкі, кніжныя выстаўкі ды вечары-сустрэчы. Аматарскія ж бібліятэчныя аб’яднанні называюць “Чамучка”. І ніяк інакш.

/i/content/pi/cult/400/8127/1-1.jpeg

Натуральна, прыдумаць нешта адметнае значна цяжэй, чым збіцца на праверанае, але старое. Выйсцем з гэтай сітуацыі, лічу, можа — і павінна — стаць своеасаблівае канкурыраванне паміж бібліятэкарамі, клубнікамі, музейшчыкамі рэгіёна па распрацоўцы і ўвасабленні таго або іншага цікавага праекта. Зразумела, пры ўмове, што начальнік аддзела культуры сам зацікаўлены ў падобнай праектнай дзейнасці і заахвочвае да актыўных высілкаў у названым кірунку.

Менавіта гэткім пасылам і кіруюцца ў Кобрынскім раёне. Кіраўнік мясцовай сферы культуры Надзея Жук пастаянна ладзіць у сваім кабінеце своеасаблівыя “мазгавыя штурмы”, ставячы перад сваімі падначаленымі толькі адну задачу: прыдумаць нешта новае і адметнае. Крэатыўныя высілкі, як мне распавядалі самі культработнікі, ад пачатку даваліся досыць складана. Але з цягам часу новыя праекты ў аддзеле культуры пачалі з’яўляцца як грыбы пасля дажджу.

Да таго ж, праз пэўны час і самі супрацоўнікі ўбачылі плён сваіх прапаноў. Цяпер ужо клубнікі, бібліятэкары ды музейшчыкі, што называецца, самі засыпаюць кіраўніцтва новымі ідэямі. Так што практыка “мазгавых штурмаў” у маштабах раёна цалкам сябе апраўдала. Магчыма, падобныя “баявыя” планёркі варта ўвесці ў кожным аддзеле культуры краіны? Плён падобных пасяджэнняў, калі ім умела распарадзіцца, выявіўся б, на мою думку, абавязкова.

Лянота ці “адмазка”?

Пра колькі праектаў распавяду асобна. Да прыкладу, пра фестываль маладзёжных ініцыятыў “Свабодны рух”, які ладзіцца на базе кінатэатра “Вясёлка”. Па словах дырэктара ўстановы Руслана Грышко, на фэст прыязджаюць з Мінска, Віцебска, Брэста ды з іншых гарадоў краіны. Хтосьці прыме ўдзел у конкурсе графіці, нехта прадэманструе свае здольнасці ў брэйк-дансе, а іншы ўразіць гледачоў сваімі вакальнымі данымі…

Не сакрэт, што ўвагу моладзі да падобных мерапрыемстваў прыцягнуць звышцяжка. Але фестываль, які распачынаўся на раённым узроўні, узняўся да фактычна рэспубліканскага за год-другі. Падобнага выніку немагчыма было б дасягнуць без наладжанай рэкламы. А гэта не толькі аб’явы ды запрашэнні да ўдзелу ў раённым ці абласным друку, але і выкарыстанне Інтэрнэта. Напрыклад, сёння ў адной з сацыяльных сетак створана група, якая аб’ядноўвае аматараў “Свабоднага руху” і дазваляе кожнаму далучыцца да акцыі.

/i/content/pi/cult/400/8127/1-2.jpeg

Спонсары, натуральна, названы маладзёжны фестываль не абмінаюць. Таму, напрыклад, з харчаваннем удзельнікаў фэсту дапамагаюць, не раўнуючы, усе прадпрыемствы горада. Мясцовая студыя “Легенда” ў час мерапрыемства ладзіць відэасесіі, з якіх потым робіцца відэакліп, а яшчэ адна студыя друкуе за свой кошт дыпломы для пераможцаў... Маладзёжнае свята зазвычай заканчваецца феерверкам, які, зноў-такі, ладзіцца на грошы мясцовых бізнесменаў... Карацей, прасіць і “вымольваць” фінансавую дапамогу не даводзіцца. Але ж, натуральна, без наладжанай арганізацыі такога выніку дасягнуць было б не так проста. Не кажу ўжо і пра тое, што моладзі падобных акцый заўсёды не стае ні ў райцэнтрах, ні ў сельскай мясцовасці…

Так што культработнікі такім чынам забіваюць “двух зайцоў”: узаемакарысна супрацоўнічаюць са спонсарамі і пашыраюць свой уплыў на мясцовае маладзёжнае асяроддзе. На жаль, у многіх раёнах Беларусі пра рэалізацыю маладзёжных ініцыятыў паспяхова забываюць, наракаючы пры гэтым звычайна то на Інтэрнэт, у якім сядзяць падлеткі, то на само “пакаленне next”, якое немагчыма нічым зацікавіць… Тое, што гэта — толькі, кажучы маладзёжным слэнгам, “адмазкі”, зразумела кожнаму. А па досвед правядзення падобных маштабных мерапрыемстваў раіў бы звярнуцца да Руслана Грышко, бо на базе “Вясёлкі” ладзіцца не адна падобная акцыя. Але ж гэта тэма, магчыма, для іншага, асобнага, артыкула.

Ад “Золата...” да турызму

Яшчэ адным арыгінальным праектам можна лічыць Свята традыцыйнай культуры Кобрыншчыны, прымеркаванае да дзён Еўрапейскай культурнай спадчыны, што праходзіць пад назвай “Золата палёў”. Пад час акцыі ладзяцца выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дэманструюцца традыцыйныя абрады і танцы, а наведвальнікаў частуюць стравамі нацыянальнай кухні...

На мой погляд, названае мерапрыемства нечым нагадвае Фестываль традыцыйнай палескай кухні “Мотальскія прысмакі”, што ладзіцца ў суседнім Іванаўскім раёне, але ж без прывязкі да пэўнага месцазнаходжання. Тым больш, як сцвярджае Надзея Жук, галоўная ідэя свята — піяр свайго рэгіёна і прыцягненне на Кобрыншчыну турыстаў не толькі з Беларусі, але і з замежжа.

Падобнае свята нельга назваць інавацыяй кобрынскіх культработнікаў, але ж мушу адзначыць, што падобныя рэгіянальныя фэсты маюць вялікую будучыню, прычым не толькі ў плане захавання культурных традыцый беларусаў. Спашлюся ў пацвярджэнне свайго меркавання на думку эксперта. Старшыня Праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова лічыць, што рэгіянальныя фэсты могуць і павінны зацікаўліваць турыстаў ды замежных гасцей. Варта толькі працаваць на перспектыву: уключаць падобныя мерапрыемствы ў турыстычныя замежныя даведнікі, рэкламуючы такім чынам свае акцыі не толькі ў тым або іншым рэгіёне Беларусі, а і ў далёкіх краінах. І, натуральна, ствараць сваю брэндавую сувенірную прадукцыю: майкі, наклейкі, каляндарыкі з лагатыпам фэсту, наладзіць выпуск ды продаж вырабаў з гліны ці дрэва і многае іншае…

У сваю чаргу, заўважу, што калі ў Іванаўскім раёне дадзеную праблему “раскруткі” фэсту паспяхова вырашылі, дык на Кобрыншчыне, на мой погляд, шмат што яшчэ можна зрабіць… Але ж не будзем спяшацца, бо, як кажа Надзея Жук, “Золата палёў” — гэта новы праект мясцовых культработнікаў. Перакананы, праз некалькі гадоў кобрынская ініцыятыва набудзе зусім іншы размах і розгалас.

Дэлійскі поспех

Па сцвярджэнні Надзеі Жук, наладжанае дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва — рэальная дапамога сферы раённай культуры. Напрыклад, кіраўніцтва мясцовага аддзялення “Беларусбанка” выдаткавала 15 мільёнаў рублёў на набыццё музычных інструментаў, а адно з СВК праспансіравала набыццё баяна для мясцовага калектыву на суму ў 37 мільёнаў рублёў. Прадпрыемства “Калор” часта выдаткоўвае для патрэб культработнікаў сваю прадукцыю — фарбы, якія ідуць на афармленне фасадаў і ўнутраных памяшканняў многіх устаноў культуры раёна. Дый прафесійныя святы кіраўнікі прадпрыемстваў Кобрына стараюцца адзначаць з удзелам мясцовых калектываў, а не запрашаць на іх прыезджых “зорак”. Натуральна, выдаткоўваючы пасля гэтага для многіх ансамбляў грошы на набыццё новых камплектаў сцэнічных касцюмаў.

Цікава і вось яшчэ што: мясцовы філіял РУП “Беларуснафта” і ААТ “Кобрындрэў” праспансіравалі паездку народнага ансамбля песні і музыкі “Бурштын” Палаца культуры ў… Дэлі. Палёт у сталіцу Індыі быў ажыццёўлены, у тым ліку, і дзякуючы актыўнаму пазіцыянаванню калектыву праз Інтэрнэт: менавіта такім чынам арганізатары IV Дэлійскага міжнароднага фестывалю фальклору і выйшлі са сваім запрашэннем на кобрынцаў. Ці варта казаць, што выступленні калектыву з далёкай Беларусі, што называецца, скарылі мясцовую публіку? У сувязі з гэтым “Бурштын” паляцеў таксама яшчэ і ў… Калькуту, прычым — ужо за кошт сродкаў арганізатараў фэсту.

Вось яшчэ адзін яскравы доказ вядомай прымаўкі пра камень, пад які не цячэ вада. Выкарыстанне ў сваёй дзейнасці Інтэрнэта, а таксама стварэнне асобных сайтаў аддзелаў культуры Беларусі, пра што неаднойчы пісала “К”, як бачна, цалкам сябе апраўдваюць. Але чамусьці гэтая ісціна ўсё яшчэ выклікае неразуменне ў многіх аддзелах, дзе над піярам сябе ў Сусветным павуцінні толькі пачынаюць задумваюцца…

Праца на імідж

Яшчэ адно з найбольш паспяховых, на мой погляд, пачынанняў аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама звязана з замежжам. Аб праекце “Там, па майскай расе”, што ладзіцца мясцовымі культработнікамі ў шчыльным кантакце з музеем “Малая Бацькаўшчына” ў Студзіводах (Польшча) і скіраваны на захаванне ды папулярызацыю традыцыйнай культуры палешукоў, “К” пісала. Але важныя, на маю думку, не толькі выезды кобрынскіх аўтэнтычных калектываў за мяжу, але і тое, што названая акцыя — не аднадзённая, а разлічаная на доўгатэрміновае супрацоўніцтва. Да слова, у 2013 годзе ўжо таксама запланаваны выезд мясцовых ансамбляў у суседнюю краіну.

Развіццю замежных кантактаў павінна пасадзейнічаць, дарэчы, і падпісанае днямі пагадненне паміж Беластокам і Кобрынам. Паводле дакумента, для артыстаў прадугледжана, у прыватнасці, адкрыццё бясплатных шматразовых віз. Такія выезды, натуральна, узнімаюць прэстыж ансамбля і прыцягваюць у яго моладзь. А гэта — рэальны падмурак для захавання традыцый на Кобрыншчыне.

Ёсць у падобным супрацоўніцтве і іншы, на мой погляд, немалаважны аспект: падобныя кантакты на рэгіянальным узроўні дазваляюць пазіцыянаваць беларускую культуру далёка за межамі краіны. Дык чаму ж сёння прыклады паспяховага ўзаемадзеяння з замежжам у аддзелах культуры можна пералічыць па пальцах? Паказаць беларусам сапраўды ёсць што. А вялікія транспартныя выдаткі, на якія спасылаюцца звычайна ў рэгіёнах, як бачна, можна звесці да мінімуму з дапамогай таго ж прымаючага боку.

Сайт для музея

Не мог не завітаць і ў Кобрынскі ваенна-гістарычны музей, дзе таксама маецца шэраг цікавых ініцыятыў. Гэта, па словах дырэктара ўстановы Алены Бабенка, і зладжаная сёлета ў музеі Міжнародная канферэнцыя “Айчынная вайна 1812 года ў гісторыі Беларусі”, і Ноч музеяў, што прайшла ва ўстанове з элементамі тэатралізацыі, і многія іншыя праекты.

Няблага шчыруюць мясцовыя музейшчыкі і на спонсарска-мецэнацкай дзялянцы. Шмат хто з гараджан ды гасцей Кобрына дорыць установе каштоўныя і рарытэтныя прадметы, якія, зразумела, папаўняюць музейную экспазіцыю. А нядаўна адзін з мясцовых жыхароў закупіў для ўстановы копію сцяга 11 гвардзейскай Пінскай дывізіі, якая вызваляла горад ад фашыстаў у 1944 годзе.

Іншы спонсар бясплатна зрабіў для музея сайт
www.museum.mykobrin.by. Cярод усіх фактаў, тут можна атрымаць звесткі пра кошты на музейныя паслугі.

І яшчэ адзін немалаважны факт: актыўны ўдзел мясцовых музейшчыкаў у міжнародных праектах. Да прыкладу, у стварэнні выдання “Ілюстраваная гісторыя рускага ваеннага касцюма” — ад эпохі Пятра І да нашых дзён. На сёння выйшлі тры першыя тамы серыі, і ва ўсіх іх прадстаўлены экспанаты з Кобрынскага музея.

На жаль, зноў-такі даводзіцца канстатаваць, што ні падобныя міжнародныя праекты, ні нават праца па стварэнні музейных сайтаў пакуль для нашых музейшчыкаў так і не сталася звыклай. А, пэўна, ні для каго не з’яўляецца адкрыццём той факт, што прэстыж музея, яго вядомасць і запатрабаванасць складаецца вось з такіх яркіх ініцыятыў. Адно толькі — ці шмат іх у музеях Беларусі? І выйсцем тут можа стацца толькі зацікаўлены падыход да сваёй дзейнасці, праца на перспектыву. У тым ліку — і ў сферы дзяржаўнага-прыватнага супрацоўніцтва. Іншага ў сённяшніх эканамічных умовах ні для музейных, ні для клубных ці бібліятэчных устаноў папросту не дадзена.

Парк для ўсіх

Гаворку пра Кобрынскі парк культуры імя А.Суворава варта, на мой погляд, распачаць з Дзіцячага забаўляльнага цэнтра “Кеша”. Супрацоўнікі ўстановы не сядзяць склаўшы рукі ў чаканні дзяржаўнай дапамогі, а актыўна зарабляюць самі. І рэнтабельнасць — значная: каля 50 працэнтаў.

Акрамя таго, супрацоўнікі Цэнтра актыўна ўзаемадзейнічаюць са спонсарамі. Да прыкладу, ва ўстанове маюцца дзіцячыя цацкі, як кажуць, на любы густ, і прадастаўлены яны кіраўніцтвам сумеснага беларуска-ізраільскага прадпрыемства “Палессе”. Агульны кошт падоранага пацягнуў на суму амаль у 30 мільёнаў рублёў.

Калі ж казаць пра сам парк, дык на яго тэрыторыі працуюць атракцыёны, летняя дыскатэчная пляцоўка, амфітэатр, якія, натуральна, таксама дадаюць грошай у скарбонку платных паслуг... А яшчэ не так даўно супрацоўнікі пачалі ладзіць у парку вяселлі ў старадаўнім стылі, апранаючы маладых у касцюмы XIX стагоддзя і прадастаўляючы ім сапраўдную карэту... Прычым такія цікавыя ды незвычайныя вяселлі карыстаюцца вялікім попытам у кобрынцаў.

Шмат у чым дапамагае ў прыцягненні сродкаў і тое, што, па словах дырэктара кобрынскага парку Ірыны Карабчук, яе ўстанова мае статус юрыдычнай асобы. Толькі сёлета супрацоўнікі ўжо здолелі прыцягнуць прыкладна 45 мільёнаў спонсарскіх сродкаў, якія пайшлі на добраўпарадкаванне паркавай тэрыторыі, устаноўку тут малых скульптурных форм ды многае іншае. ААТ “Кобрынскі масласырзавод” выдаткаваў 10 мільёнаў рублёў, як і прыватнае прадпрыемства “Кізбел”, суму ў 5 мільёнаў рублёў выдзеліў ААТ “Кобрынаграмаш”, а ПГУП “Кобрынпрадукт” — 6 мільёнаў…

Спіс можна было б доўжыць, але ж заўважу, што падобная падтрымка ўстановы культуры выглядае цалкам натуральна. Кожны бачыць, як працуюць супрацоўнікі парку, як рэалізоўваюцца тыя праекты, якія тут ладзяцца, і, зразумела, любы кіраўнік прадпрыемства жадае, каб парк выглядаў яшчэ лепш, чым зараз. Таму і ідуць насустрач пажаданням мясцовых культработнікаў. Але ж, натуральна, без тых шматлікіх праектаў, што рэалізоўваюцца супрацоўнікамі гарадскога парку, прывабіць сюды мецэнатаў было б значна складаней. Чым не рэальны вынік творчага падыходу да справы?..

Праектная дзея “Ясніцы”

Напрыканцы — пра спонсарства на сяле. У адным з паселішчаў Кобрынскага раёна — вёсцы Стрыгава — пры мясцовым СДК працуе народны ансамбль беларускай песні “Ясніца”. Ансамбль даўно зрабіўся сапраўдным брэндам не толькі свайго сельскага клуба, але і ўсёй Кобрыншчыны. З самога пачатку сваёй дзейнасці калектыў адрозніваўся ад іншых сваіх “сабратаў” тым, што амаль кожны артыст у ансамблі не толькі спявае ды грае, але яшчэ і танцуе!

/i/content/pi/cult/400/8127/1-4.jpeg

Чаму спыніў сваю ўвагу менавіта на гэтым калектыве? А таму, што вядомасць артыстаў даўно перасягнула раённыя межы. Скажам, “Ясніца” — часты госць у Польшчы. Красамоўны факт: за бягучы год ансамбль даў блізу 90 канцэртаў! Гэтай лічбе, без перабольшання, могуць пазайздросціць і шматлікія знакамітыя рэспубліканскія калектывы…

Але хачу распавесці пра гэты калектыў і з той прычыны, што “Ясніца” вядомая сваёй актыўнай дзейнасцю па прыцягненні спонсарска-мецэнацкіх грошай. І супрацоўнічае яна ў гэтым аспекце не толькі з кіраўніцтвам мясцовага СВК. Ды прыкладу, выехаўшы ў суседні аграгарадок “Дывін” артысты з “Ясніцы” настолькі ўразілі сваім прадстаўленнем кіраўніцтва тамтэйшага беларуска-нямецкага прадпрыемства “Лангхайрых”, што яно без ваганняў выдаткавала 18 мільёнаў на набыццё гукаўзмацняльнага комплексу для патрэб калектыву.

Кажу пра гэта таму, што пад час шматлікіх выездаў неаднойчы даводзілася чуць і нараканні, і просьбы кіраўніцтва таго або іншага сельскага Дома культуры паспрыяць у набыцці касцюмаў ці інструментаў для мясцовага калектыву. А чаму б не ўзяць прыклад “Ясніцы” за ўзор да дзеяння? Наладзіць кантакты і выязджаць з канцэртамі не толькі на калгасныя палеткі або ў маланаселеныя вёскі, але і туды, дзе ёсць рэальная магчымасць атрымаць фінансавую падтрымку, выходзіць са сваімі прапановамі на прадпрыемствы, бізнес-структуры, уладальнікаў аграэкасядзіб… Прыклады падобнага ўзаемакарыснага супрацоўніцтва ўжо маюцца ў некаторых раёнах. Магчыма, “вечнае” пытанне нястачы грашовых сродкаў такім чынам і вырашылася б — калі не поўнасцю, дык хоць часткова. Перакананы, кіраўніцтва аддзела культуры, бачачы такую актыўнасць па прыцягненні спонсарскіх сродкаў, і само было б зацікаўлена развіваць дадзены напрамак.

На Кобрыншчыне гэтую аксіёму, як бачна, разумеюць. Таму і маюць шэраг цікавых праектаў, падтрыманых сацыяльнымі партнёрамі, ад чаго ўжо займелі неблагі фінансавы прыбытак. Скарыстацца іхнімі знаходкамі, а таксама, як ужо пісаў, зладзіць “мазгавыя штурмы” ў сваім раёне, можа кожны. Дык мо варта пачынаць?..

Галерэя спонсараў ад “К”

Сход акцыянераў вырашыў: дапамагчы!

Ігар МАСЬКО — чалавек у Кобрынскім раёне вядомы. І не толькі тым, што сельскагаспадарчае прадпрыемства ААТ “СВК “Стрыгава”, якое ён узначальвае, — адно з найбуйнейшых у раёне (у ім працуе блізу 300 чалавек), а фінансавыя паказчыкі арганізацыі — на вышыні. Лічыце самі: за дзевяць месяцаў бягучага года тут быў атрыманы прыбытак прыкладна ў 6 мільярдаў 300 мільёнаў рублёў, а рэнтабельнасць гаспадаркі склала 38 працэнтаў.

/i/content/pi/cult/400/8127/1-3.jpeg

— Мы заўсёды імкнёмся вырашыць усе набалелыя пытанні з дырэкцыяй СДК, — кажа Ігар Валер’евіч. — Але самае галоўнае, мне зразумела, куды ідуць нашы фінансы, бачу высокую якасць працы культработнікаў, іх стаўленне да сваёй дзейнасці. Таму і гатовы заўсёды ісці ім насустрач. Адно што хацелася б, каб нашы мясцовыя калектывы выходзілі на больш высокі ўзровень, каб тая ж “Ясніца” актыўна заяўляла пра сябе ў маштабах рэспублікі. А то часцяком бывае, што нашых артыстаў больш ведаюць за мяжой у Польшчы, чым на радзіме.

— Вы шмат дапамагаеце кіраўніцтву СДК з транспартам, з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі (тым больш, сума на гэта пайшла сёлета немалая: прыкладна 30 мільёнаў рублёў), з набыццём інструментаў для калектываў Дома культуры... Вось, ведаю, нядаўна з вашай дапамогай культработнікі “разжыліся” неабходным баянам. Падтрымка сапраўды даволі значная. Гэта менавіта ваша ініцыятыва як кіраўніка прадпрыемства?

— Нашымі даходамі распараджаецца агульны сход акцыянераў, і ў статуце нашага таварыства прапісаны артыкул пра спонсарскую дапамогу. За кошт гэтага мы маем магчымасць дапамагаць і ансамблю “Ясніца”, і сельскаму Дому культуры, як, дарэчы, і мясцовай школе ды і ўсёй сацыяльнай сферы. На маю думку, бізнес у сённяшніх умовах папросту павінен быць сацыяльна арыентаваным. Бо ад гэтага, зразумела ж, выйграюць усе: і кіраўнікі прадпрыемстваў, і супрацоўнікі сацыяльнай сферы, і, натуральна ж, людзі, якія жывуць у гэтай мясцовасці. Таму магу сказаць, што пры далейшым паспяховым развіцці гаспадаркі падтрымка праектаў мясцовых культработнікаў, натуральна, таксама павялічыцца…

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Кобрынскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"