Валянціна ЦЯЛІЧКІНА (Расія): “Люблю кіно добрае, таленавітае...”

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

Народная артыстка Расіі, кінаактрыса Валянціна ЦЯЛІЧКІНА сёлета ўзначальвае журы, якое ацэньвае дзіцячыя мастацкія фільмы, прадстаўленыя на “Лістападзіку-2007”. Зрэшты, цяперашні “Лістапад” — чацвёрты ў творчым жыцці вядомай расійскай актрысы.

 /i/content/pi/cult/137/810/Cyalichkina.jpg
— Калі б мне гэты фэст не падабаўся, дык я, — прызнаецца Валянціна Іванаўна, — у чацвёрты раз не паехала б у Мінск. У прынцыпе, я вельмі мала езджу кудысьці. Але ў Беларусь заўсёды наведваюся з задавальненнем. Мне тут добра. І не толькі на фэсце. Проста вось добра паўсюль. Відаць, я сумяшчальная з Мінскам, з Беларуссю, з беларусамі. Маёй душы тут спакойна і мяне нішто не напружвае. Гэта вельмі важна для мяне зараз — у маім узросце і ў маім пэўным настроі. Што датычыць кінафэстаў увогуле — а я шмат дзе пабывала, — дык кожны з іх адметны тымі фільмамі, якія на ім паказваюць. Для мяне важна: якія фільмы дэманструюцца, іх мастацкая вартасць, хто прыязджае на такія імпрэзы. Мне цікава атрымаць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў свеце кіно, так бы мовіць, з першых вуснаў. У Маскве сачыць за гэтым працэсам даволі цяжка. Раней усе кінапрэм’еры праходзілі ў нашым Доме кіно. А зараз яны адбываюцца ў розных кінатэатрах, бываюць закрытыя паказы. Таму прасачыць за ўсім складана. Пасля распаду Саюза кінематаграфістаў СССР і сувязей з кінадзеячамі з былых саюзных рэспублік, калі кіно амаль “скончылася”, я не вельмі любіла фестывалі, бо, прынамсі, “тусовачны” рух мяне мала хваляваў і хвалюе. Але праз пэўную колькасць гадоў я ўсё-ткі пачала часам ездзіць на кінафэсты. Бо гэта сталася, здаецца, адзінай магчымасцю ўбачыць кіно не толькі расійскае, але і тое кіно, якое робіцца на былой прасторы Савецкага Саюза. І мне, як чалавеку з савецкага мінулага, цікава, што адбываецца ў былых саюзных рэспубліках — зараз суверэнных дзяржавах. Таму і прымаю запрашэнні. Заўсёды адгукаюся на запрашэнні арганізатараў мінскага фэсту. Таму што тут, як ужо казала, мне добра і спакойна. Я ведаю: тое, што прадстаўлена на “Лістападзе”, не абурыць ні слых, ні вока чалавека, які завітаў на фестываль. Праграма яго фарміруецца, на маю думку, годна. Спадзяюся, што і зараз яна сфарміравана таксама з улікам чалавечага фактару. Бо траўміраваць чалавека, і так траўміраванага нашай рэчаіснасцю, не варта (смяецца). А вось мінскаму фэсту неяк удаецца ашчадна ставіцца да чалавека.
— Што прынцыпова адрознівае, на ваш погляд, кінафестываль “Лістапад” ад іншых?
— Адрозная рыса “Лістапада”— яго чалавечы твар. Ён цікавы і тымі магчымасцямі, якія прадастаўляюцца замежным удзельнікам. У Беларусі ёсць што паглядзець. Бо, дзякуй Богу, не парушана ўсё тое добрае, што было. І пабудавана шмат. Дом міласэрнасці ў Мінску мяне проста ўзрушыў, калі чатыры гады таму я разам з калегамі пабывала ў ім падчас экскурсіі. Гэта выдатна! Думаю, што і сёлета арганізатары “Лістапада” прапануюць цікавую культурную праграму. Калі ў мяне будзе нейкі вольны час, дык я абавязкова пазнаёмлюся са славутасцямі Мінска і Беларусі. Калі ж будзе шмат фільмаў, якія неабходна прагледзець, — значыць, гэта стане маёй асноўнай культурнай праграмай. Увогуле, я планую сустрэцца са сваімі беларускімі сябрамі, сябрамі па творчым цэху. Заўсёды на такіх кінафорумах адбываюцца цікавыя сустрэчы, тут збіраюцца людзі, з якімі хочацца паразмаўляць, падзяліцца думкамі. Гэта адна з самых прыемных частак фэстаў — сустракацца са сваімі знаёмымі. За 42 гады ў кіно я пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей, якія мне сімпатычныя. Яны прыязджаюць за тым жа самым на фэсты, мяркуюць пабачыцца са старымі знаёмымі. Я гэтую магчымасць спадзяюся выкарыстаць на ўсе належныя мне працэнты.
— Як старшыня журы, якія задачы вы ставіце перад сабой?
— Мяркую, што мне разам з калегамі, якія будуць судзіць прадстаўленыя кінатворы, удасца вызначыць лепшых і ўзнагародзіць за іх працу. Зрэшты, зараз вельмі мала для дзяцей здымаецца фільмаў. Але ўсё-ткі яны здымаюцца. Ствараюцца і цікавыя мульцікі. Я мяркую, што на “Лістападзіку-2007” усё будзе дэмакратычна.Што датычыцца беларускага дзіцячага кінематографа, дык ён славіцца сваімі выдатнымі фільмамі. Стужкі “Прыгоды Бураціна” і шматлікія іншыя, знятыя ў Беларусі, сталі ўжо класікай. Шмат што знята было ў свой час знакамітым рэжысёрам Нячаевым. Апошні фільм — “Дзюймовачка” — Нячаеў рабіў у Маскве. Але расійскія кінематаграфісты яго дасюль звязваюць з Беларуссю. Складана здымаць у цяперашні няпросты час дзіцячыя фільмы. І тым не меней, “Дзюймовачка”, як амаль усё, што робіць Нячаеў, атрымалася яркай, адметнай.
— Ці паступаюць да вас прапановы зняцца ў новых ролях?
— Зараз я не здымаюся. Інакш не паехала б на фестываль“Лістапад”. Калі я здымаюся, дык я нікуды не еду, стараюся сканцэнтравацца на працы над фільмам.
— Чым вы займаецеся зараз, апроч кіно?
— Зрэшты, я вельмі заняты чалавек. Я жыву паўнавартасным жыццём. Надаю значную ўвагу сваёй сям’і. У мяне шмат творчых заняткаў: я пішу жывапісныя карціны, мэблю расфарбоўваю — усяго не пералічыш. У мяне шмат планаў і заняткаў. Часу не хапае на ўвасабленне ўсіх маіх ідэй.
— А вашы хатнія, ці займаюцца яны кіно?
— Муж у мяне — архітэктар, сын — юрыст. Яны не звязаны з кіно.
— Цікава, якое ваша самае любімае кіно?
— На гэтае пытанне ў двух словах не адкажаш. Я люблю добрае кіно, таленавітае. Яно можа быць розным, што датычыць жанру: хоць трагедыяй, хоць трагікамедыяй, проста камедыяй, лірычным, філасофскім фільмам. Што я за апошні час для сябе вызначыла? Фільм “Востраў” Лунгіна — цудоўнае кіно! “Вяртанне” Звягінцава, хоць дадзенаму фільму — чатыры гады. Гэта тыя фільмы, якія закранулі за жывое і ў прафесійным, і ў чалавечым плане. Гэта два паказальныя фільмы. Мне надта спадабаўся апошні фільм Разанава аб Гансе Хрысціяне Андэрсене. Проста вельмі спадабаўся! І здзівіў. Я лічу, што Разанаў абсалютна з новага боку адкрыўся як рэжысёр. Ён зняў такое дзіўнае, сур’ёзнае, глыбокае пастановачнае кіно. Так што фільмы, на мой погляд, павінны абавязкова адкрываць нешта новае.Мне заўсёды падабаліся — у маладыя гады і цяпер — такія фільмы, як “Вясна на Зарэчнай вуліцы”. Разумееце, я яго магу глядзець колькі заўгодна. Фільм “Прыходзьце заўтра” таксама глядзела б і глядзела. Здаецца, на памяць яго ведаю. Але ўвесь час, калі ён з’яўляецца на тэлеэкране, я саджуся ля тэлевізара і гляджу яго да канца.
— Што вы хацелі б пажадаць “Лістападу” надалей?
— Каб ён развіваўся і ўзбагачаўся новымі ідэямі. Каб на ім заўсёды былі адметныя фільмы, каб удзельнічалі цікавыя і таленавітыя людзі. На падобных фэстах праводзяцца майстар-класы.Мне падаецца, што гэта можна зрабіць і на “Лістападзе”. Бо сустрэчы са значным чалавекам заўсёды шмат карыснага даюць маладым кінатворцам, тым, хто любіць кіно, сочыць за кіно.Увогуле, арганізатары мінскага кінафэсту рупяцца аб тым, каб ён праходзіў на належным узроўні. Хацелася б, каб гэты ўзровень не рабіўся ніжэйшым, а ўзнімаўся вышэй і вышэй. Я ведаю, што вельмі няпроста, затратна бюджэтна праводзіць такія кінафестывалі. І таму трэба падзякаваць арганізатарам “Лістапада” за тое, што ім ўдаецца годна праводзіць фэст. Хачу пажадаць таксама, каб гэтае кінамерапрыемства кожны раз знаходзіла штосьці, што б бадзёрыла, натхняла стваральнікаў кіно і заўсёды радавала гледачоў.

Занатавала Наталля КІРПІЧЭНКАВА