Чарговы пачатак з аналітыкай

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Канец сустрэчы — гэта толькі яе пачатак. У самым бліжэйшым будучым і на якасна новым узроўні. А што ён будзе сапраўды якасна новым, мы пераканаліся пасля першага “круглага стала” на Гомельшчыне. А іх было тры — ёмістых, багатых на эмоцыі ды фактуру.

Так, у кожным раёне Беларусі мы паспелі пабываць па некалькі разоў. Але тое, што мы добра ведаем рэгіянальнае жыццё, — праўда толькі напалову. Яно, гэтае жыццё, — імклівае, пярэстае, часам нечаканае, і заўтра — заўжды не падобнае на ўчора. І кожны клубнік, бібліятэкар, музейшчык зразумее нас: новы дзень прыносіць новыя праблемы, вырашэнне якіх вымагае новых падыходаў.

Таму кожны наш прыезд у рэгіёны — гэта і працяг даўняй гаворкі-сяброўства, і чарговы пачатак аналітычнага пераасэнсавання пачутага і пабачанага...

“К” заўжды імкнецца да дыялога з рэгіёнамі. Дыялога канструктыўнага і плённага. Пошук новага і нестандартнага не бывае лёгкім. Аднак той, хто шукае — заўжды знаходзіць. І мы чарговы раз пераканаліся ў тым на Гомельшчыне.

Так, мы стараемся адысці ад сумнай справаздачнасці, шэрай апісальнасці, небяспечнай руціннасці, якая забівае ўсё творчае. Так, мы абавязкова будзем выходзіць на праблемы. Не дзеля крытыканства, а для агульнага канкрэтнага выніку. І будзем рабіць гэта разам з вамі. Менавіта такі дыялог, як падаецца, і адпавядае патрабаванням сённяшняга няпростага дня. Дый калі гэты дзень быў для вас простым? Нацыянальная культура — гэта заўжды нацыянальная ідэалогія. А такі пачэсны абавязак вымагае максімальнай аддачы ды маральных і фізічных сіл. І мы ад усёй душы жадаем, каб былі яны невычарпальнымі!

Усяго добрага, і — вітаем!..

“Культура”ўцы

Фота ў час выязной рэдакцыі рабіў Юрый ІВАНОЎ