Замест зносу

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Алег Рыжкоў неаднаразова падкрэсліваў, што ў выніку працэсу аптымізацыі занядбаных і лядашчых устаноў культуры на Гомельшчыне практычна не засталося. На рамонтна-будаўнічыя работы пастаянна выдаткоўваюцца абласныя сродкі. Натуральна, грошы праграмна выкарыстоўваюцца і з раённых бюджэтаў. На аднаўленні памяшканняў актыўна працуюць і гаспадарчыя групы аддзелаў культуры. Адзін з прыкладаў такой сістэмнай аптымізацыі — установа культуры ў вёсцы Вялікія Аўцюкі.

Спачатку — перадгісторыя, характэрная ці не для кожнага беларускага рэгіёна.

Клуб у Вялікіх Аўцюках месціўся ў памяшканні даваеннай пабудовы, знаходзіўся на балансе мясцовага сельсавета, меў стопрацэнтную зношанасць. Па словах начальніка аддзела культуры Уладзіміра Елісеева, старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Іван Піліпец паставіў пытанне аптымізацыі ўстановы. Але гаворка ішла не пра ліквідацыю клуба, а аб пярэбарах яго ў мясцовую… агульнаадукацыйную школу. Праект сапраўды крэатыўны і аналагаў на Беларусі, як падаецца, не мае.

Справа ў тым, што колькасць насельнікаў Вялікіх Аўцюкоў, што і казаць, скарачаецца. Калісьці ў школцы было 400 вучняў, зараз — менш за 60. Памяшканні пуставалі…

Цяпер пад школьным дахам размясціліся не толькі клуб з бібліятэкай (з асобным уваходам), але і пошта ды фельчарска-акушэрскі пункт. Па словах начальніка аддзела культуры, на пераўтварэнне будынка пайшло каля ста мільёнаў рублёў з раённага бюджэту. Палова работ выканана гаспадарчым спосабам. Аддзел культуры арандуе правае крыло трохпавярховага будынка.

І яшчэ адна арыгінальная акалічнасць. Мясцовая клубная ўстанова называецца “Сельскі клуб народных майстроў”. Вялікія Аўцюкі заўжды славіліся ткацтвам. У кірунку развіцця мясцовага традыцыйнага мастацтва і працуюць цяпер вясковыя клубнікі…

Рэзюмэ “К” у дарозе

А цяпер падумайце, колькі школьных памяшканняў пустуе ў вёсках Беларусі. І які эканамічны эфект прынясе менавіта разумная аптымізацыя, якая патрабуе не навабуду, а бягучага рамонту.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"