Дзмітрый МЕСХІЕЎ (Расія): “Вынесці як мага больш аб’ектыўны вердыкт”

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

Старшынёй журы “Лістапада-2007” запрошаны знакаміты рэжысёр Дзмітрый МЕСХІЕЎ. Сын вядомага кінааператара Дзмітрыя Месхіева, ён паспрабаваў сябе ці не ва ўсіх кірунках, акрамя... аператарства. Здымаўся і як акцёр, а як рэжысёр да чаго толькі ні звяртаўся! Cярод яго самых нашумелых работ — “Асаблівасці нацыянальнай палітыкі”, “Механічная сюіта”, “Свае”, “7 кабінак”... А вось на нашым “Лістападзе”, як высветлілася, ён ні разу не быў, хаця “Свае” ў 2004 г. атрымалі “Серабро “Лістапада”, прыз кінапрэсы і прыз “За лепшую мужчынскую ролю” (Багдан Ступка).

 /i/content/pi/cult/137/809/Meshijev.jpg
— Прыехаць усё ніяк не ўдавалася, — пачаў размову Дзмітрый. — І я рады, што сёлета ўсё склалася так, што, нарэшце, наведаю “Лістапад” асабіста.
— Вы прыедзеце ўжо ў іншай “ролі”. Бо ўдзельнічаць у фестывалі і быць ў складзе журы (а тым больш — яго ўзначальваць) — рэчы прынцыпова розныя. У якой з гэтых “роляў” вам больш камфортна і чаму?
— Мне, бадай, не камфортна ні ў адной. Я ўвогуле не самы палкі аматар наведвання кінафестываляў. Калі ёсць магчымасць — еду. Але ж калі з’яўляецца хоць бы маленечкая зачэпка, каб не ехаць, — не еду. У пачатку творчага шляху вельмі хочацца ў кінафестывалях удзельнічаць. І гэта сапраўды вельмі важна, асабліва для маладога творцы! Ды толькі справа гэтая надта нервовая. Хочацца, вядома, атрымаць прыз. І пры гэтым не хочацца, каб той прыз атрымаў хтосьці з тваіх калег-канкурэнтаў. Пагадзіцеся, атрымліваецца не самая прыгожая, з чалавечага пункта гледжання, сітуацыя: быццам камусьці зла зычыш. Адчуваць жа сябе нядобразычліўцам, нават вымушаным, не надта прыемна. А быць у журы — па-першае, цяжкая праца: адгледзець столькі кінастужак за невялікі час. А па-другое — вялізная адказнасць. Хочацца вынесці як мага больш аб’ектыўны вердыкт, а гэта не заўсёды атрымліваецца. Не заўсёды... З аднаго боку, прафесіяналы, якія ацэньваюць фільмы, з другога — публіка. І часам узнікае неадпаведнасць, бо публіка не заўсёды прытрымліваецца той жа ацэнкі.
— Не хвалюйцеся, на “Лістападзе” ёсць традыцыя мець два журы: прафесійнае і глядацкае. Кожнае прымае свае рашэнні. Дарэчы, бывае, што яны супадаюць.
— Дый сярод саміх членаў журы часам такія баталіі падчас прыняцця рашэння надараюцца! Бо ў кожнага свой пункт гледжання, сваё стаўленне. А яшчэ — хтосьці кагосьці падтрымлівае, ці проста адкрыта лабіруе, ці нават па-чалавечы добра ставіцца. Калі ўдзельнічаю ў журы, стараюся гэта ад сябе адпрэчыць, быць максімальна аб’ектыўным, іначай усё ўвогуле не мае сэнсу.
— Чаго вы чакаеце ад “Лістапада” і, больш шырока, ад кінафестываляў?
— Галоўнае — цікавых фільмаў. Гэта па-першае. Па-другое — добрай арганізацыі. Гэта два асноўныя складнікі паспяховага фестывалю. Ад журы ж чакаю аб’ектыўнасці і сумлення. А яшчэ — каб да канца захоўваліінтрыгу.
— У чым тады, на ваш погляд, значэнне кінафорумаў, іншых фестываляў, конкурсаў? Адлюстроўваць найбольш характэрныя тэндэнцыі мастацтва, даваць “зрэз эпохі”? Фарміраваць будучае развіццё дадзенага віду мастацтва? Стымуляваць мастакоў, дазваляючы ім супаставіць свае дасягненні з чужымі?
— Кінафорум для мяне — гэта найперш прафесійная ацэнка калег калегамі. Гэта менавіта вынясенне працы на суд прафесіяналаў. Па-другое, роля кінафестывалю — у далейшым прасоўванні карцін. Калі фільм удзельнічае ў такім паказе, ён падаграе да сябе цікавасць, становіцца заўважаным. Нарэшце, кінафестывалі патрэбны для таго, каб узнімаць культурны ўзровень гледача, прывіваць яму добры густ, адбіраць і прапагандаваць лепшае з таго, што створана. І хаця я не самы заўзяты “наведвальнік” кінафорумаў, я цалкам падтрымліваю іх правядзенне. Яны не проста патрэбны — яны неабходны!
— Чаго б вы хацелі пажадаць нашаму фестывалю?
— Пажадаў бы поспеху. Беларускаму гледачу і небеларускаму, бо гэта таксама вельмі важна. Каб вашы госці з радасцю ўзгадвалі “Лістапад-2007” яшчэ многа-многа гадоў. Па меншай меры, ад усіх, хто калісьці ў вас бываў, я заўсёды чуў толькі самыя цудоўныя водгукі. І першае, што ўсе згадвалі ледзь не ў адзін голас, — гэта дабрыня, якая на ім пануе. Добрае стаўленне не толькі ўласна да гасцей, а дабрыня — ва ўсім.
— Вашы рэжысёрскія работы, дарэчы, бываюць прасякнуты не толькі дабрынёй і спагадай. Сярод іх ёсць, так бы мовіць, “жорсткі рэалізм”, трагіфарсы, іранічныя камедыі — максімальна шырокі ахоп розных жанраў і стылістычных напрамкаў. Ці даводзілася вам абіраць тую дарогу, якая прыводзіла вас да думкі: гэта — “маё”, гэта — таксама “маё”, а вось гэта — “не маё”?
— Я свядома ўвесь час імкнуся да чагосьці рознага. Гэта рызыкаваная справа, але хочацца і тое паспрабаваць, і гэта.
— Паспрабаваць абсалютна ўсё?
— Не ўсё, а тое, што, як мне здаецца, у мяне можа атрымацца. Так, штосьці са зробленага мне бліжэй, штосьці — не, але ўсё мае сэнс на існаванне. І галоўнае — мне гэта цікава. Мне цікава! Сесці, вобразна кажучы, на веласіпед і ўсё жыццё ездзіць на ім па адной дарозе — гэта дакладна “не маё”, бо гэта мне нецікава.
— У прэсе неаднаразовабыла інфармацыя, што вы пачынаеце працу над фільмам пра Сцяпана Разіна. На якой стадыі зараз знаходзіцца гэтая стужка?
— Ні на якой.
— ?!..
— Бо я пакуль яе не пачынаў. Хутчэй за ўсё, я выступлю ў ёй толькі прадзюсерам, але не рэжысёрам. Мабыць, зоркі так склаліся, але ўзніклі іншыя магчымасці, прапановы... Карацей, у гэты ж час як рэжысёр я буду здымаць іншы фільм.
— Калі не сакрэт, які?
— Сакрэт. Скажу толькі — антытэрарыстычны.
— У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што рэжысура — гэта спачатку прафесія і толькі потым — талент. А прадзюсіраванне?
— Таксама: спачатку прафесія, потым — талент.
— А чаму вы ўвогуле заняліся прадзюсіраваннем?
— Мабыць, так склаліся зоркі. У канцы 80-х — пачатку 90-х, калі адбывалася маё станаўленне як творцы, кожны рэжысёр сутыкаўся з тым, што павінен быў у той ці іншай меры быць “сам сабе прадзюсер”. Інстытута прадзюсіравання ўвогуле не было, спецыялістаў такіх ніхто не рыхтаваў. І нават цяперашнія кінапрадзюсеры ўсе выйшлі хто з рэжысёраў, хто з дырэктараў вытворчасці. Вось і мне давялося паспрабаваць.
— Не баіцеся, што прадзюсерскія клопаты адымаюць шмат часу ў вас як мастака, творцы?
—Мне гэта — цікава. У мяне гэта, трэба меркаваць, атрымліваецца. Дык чаму б і не?
— Вы яшчэ і свой рэстаран адкрылі. Чаму? Таму, што гэта “модна”? Ці, пэўна, любіце смачна паесці?
— Люблю (смяецца). Дый зоркі так склаліся. Яшчэ ў 1994-м годзе я ўдзельнічаў у адкрыцці адной установы грамадскага харчавання. І пасля таго ўвесь час гэтым займаўся. Так, “я понимаю в еде толк”. Мне гэта цікава! Дый якраз на той час сабраліся вакол мяне аднадумцы, якія добра ведалі, што хочуць, разумелі, як гэта зрабіць, і хацелі гэта зрабіць. Таму і атрымалася. Гэта мясны рэстаран. І, я вам скажу, вы больш нідзе не знойдзеце лепей прыгатаванага мяса.
— І дзе ж яно такое?
— Не скажу. Ні назвы рэстарана, ні адраса. Таму што гэта будзе рэклама.
Пачуўшы пра “рэкламу”, я пачала смяяцца. І скрозь смех задала наступнае пытанне:
— Цікава, а на сваіх камедыях вы калі-небудзь смеяцеся?
— Ніколі!
— А з чаго смеяцеся ў жыцці?
— З многага. Я ўвогуле вельмі жыццярадасны чалавек.— Я гэта заўважыла. А які-небудзь смешны эпізод узгадаеце?
— Ні ў якім разе. Я ніколі не расказваю гэтага журналістам.
— Прабачце, не ведала. Затое ведаю, што ваша кінакампанія называецца “Чарапаха”. Дык менавіта таму вы працуеце так хутка? Ці ёсць іншыя сакрэты?
— Сакрэтаў няма, так складвалася жыццё. У час перабудовы, калі даводзілася эканоміць на ўсім, кожны рэжысёр стаяў перад выбарам: ці здымаць танна і хутка — ці ўвогуле нічога не здымаць. Зняць кіно за меншую колькасць часу — гэта значыць зэканоміць значную суму. Вось і круціліся. А потым, мабыць, ужо і звычка выпрацавалася. Зараз я, праўда, намагаюся адыходзіць ад гэтага, але ўжо — як атрымліваецца. Апошнія два гады ўвогуле нічога не здымаў — для кагосьці, можа, гэта і мала, а для мяне гэта вялізны час.
— Вы некалькі разоў узгадалі: маўляў, так зоркі склаліся. Мабыць, вы неяк піетэтна ставіцеся да гараскопаў, да астралогіі?
— Я стаўлюся не да іх, а да лёсу. І супраць гэтага наўрад ці хто будзе пярэчыць.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ