Прынцып “адкрытых дзвярэй”

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Акурат на дзень нашага прыезду на Гомельшчыну прыпаў дзень нараджэння начальніка Гомельскага ўпраўлення культуры Алега Рыжкова. дзень гэты прайшоў у разнастайных справах ды клопатах, звыклых для чалавека, які працуе ў дынамічнай сферы, дзе рабочы дзень ніколі не заканчваецца а шостай вечара.

Кар’ера Алега Рыжкова — сюжэт яшчэ той! Звыклай “лесвіцы” ад нізу да верху не было. У сферу культуры ён прыйшоў у якасці... дырэктара начнога клуба — дарэчы, аднаго з першых у краіне.

— А былі тады “ліхія” дзевяностыя! — згадвае Алег Гар’евіч. — Не скажу, што працавалася лёгка, аднак... жывы, як бачыце, застаўся!

/i/content/pi/cult/399/8086/3-5.jpeg

Паспяховага менеджара заўважыў тагачасны старшыня гарвыканкама Аляксандр Якабсон. І прапанаваў яму трохі змяніць сферу дзейнасці ды заняць пасаду дырэктара Гарадскога цэнтра культуры. Той пагадзіўся, але — з умовай, што яму ўдасца “перацягнуць” на новае месца і сваю каманду. Гэтыя людзі па-ранейшаму працуюць у культуры Гомельшчыны ды паспелі зарэкамендаваць сябе найлепшым чынам.

Аляксандр Якабсон заўсёды вызначаўся сваім пільным ды мудрым вокам, і таму праз пэўны час Алега Рыжкова чакала новая неспадзяванка — па ініцыятыве ўжо губернатара: былы дырэктар клуба ўзначаліў адзін з найбуйнейшых музейных комплексаў краіны — Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Той, хто сачыў за яго працай ды імклівым развіццём, ахвотна пацвердзіць: гэтае кадравае рашэнне было трапляннем “у яблычак”.

Алег Гар’евіч шчыра прызнаўся: кожны такі ўзлёт па кар’ернай лесвіцы прадугледжваў і павелічэнне клопатаў — ледзь не ў геаметрычнай прагрэсіі. Але ад адказнасці ён, тым не менш, ніколі не адмаўляўся. Менавіта таму і заняў цяперашнюю пасаду.

— Адзін з маіх галоўных прынцыпаў кіравання заключаецца ў тым, што я ніколі не закрываю дзверы ў свой кабінет, — распавядае ён. — Ніколі і ні для каго! Бывае, людзі і самі не вераць, што іхнія ідэі ды прапановы выслухаюць і пачуюць. Але я слухаю, чую... І найлепшае — рэалізуецца…