Зрэшты, палацава-паркавы комплекс — сапраўды комплекс. Ён дазваляе наведвальніку не толькі атрымаць уяўленне пра раскошу побыту яго колішніх уладальнікаў, але і прапануе мноства іншых цікавых опцый, уключна з назіраннем за слыннымі на ўсю краіну вавёркамі, якія неўзабаве будуць гатовы “пацясніць” на гербе Гомеля гордую рысь. Сродкі на іх корм выдаткоўваюца па лініі культуры — і хто б сумняваўся ў тым, што яны акупляюцца!
— Мы нядаўна правялі “інвентарызацыю” вавёрак, — распавёў дырэктар Палацава-паркавага ансамбля Андрэй Гарбачоў. — Лік атрымаўся ўнушальным, але... Лепш няхай ён застанецца ў сакрэце…
Тым не менш, куды важнейшай падаецца менавіта культурна-асветніцкая функцыя гэтай установы. У ёй ладзяцца найцікавейшыя выстаўкі рэгіёна. І без увагі яны не застаюцца: у адрозненне ад колькасці вавёрак, лік наведвальнікаў у сакрэце не трымаюць. У гэтай намінацыі музейная ўстанова — другая ў краіне!
За пару месяцаў да прыезду ў Гомель твораў мастакоў “Парыжскай школы” (а яны трапяць туды напрасткі з Нацыянальнага мастацкага музея краіны) сваю лепту ў напаўненне артэфактамі гістарычных сцен унёс і знакаміты беларускі фотадакументаліст (прапануем гэты тэрмін у супрацьвагу “фотамастаку”), загадчык аддзела фотаілюстрацый “К” Юрый Іваноў. Акурат у дзень нашага візіту там адкрылася яго выстаўка “Паміж белым і чорным”, якая вось ужо другі год паспяхова гастралюе па Беларусі. Прычым аўтар парупіўся пра тое, каб зрабіць гомельскі яе варыянт эксклюзіўным. Адзін з падрыхтаваных ім банераў адлюстроўваў акурат культуру вобласці — у тварах, падзеях, эмоцыях.
І можна быць упэўненым, што гэтыя здымкі ўбачаць не толькі жыхары Гомеля, але і шматлікія турысты, якія складаюць ладную частку наведвальнікаў. Як вядома, Палацава-паркавы ансамбль з’яўляецца адзінай на сёння музейнай установай краіны, якая самастойна выконвае функцыі тураператара. Запыталіся ў дырэктара ўстановы Андрэя Гарбачова, ці быў карысным для музея гэты досвед пашырэння “паўнамоцтваў”.
— Вядома, так, — адказаў ён. — Сваё турагенцтва дазваляе нам пашыраць сферу дзейнасці. У нас ёсць уласны мікраўтобус, і дзякуючы гэтаму мы можам прапаноўваць свае паслугі не толькі вялікім групам, але і сямейным кампаніям. Ды і праграма тура можа быць вельмі гнуткай: людзі маюць магчымасць абраць менавіта тыя адметнасці “Залатога кольца Гомельшчыны”, якія іх найбольш цікавяць…
А вось палётаць на самалёце ці верталёце агенцтва пакуль не прапаноўвае: такія задумы, як вядома, былі, але... іх рэалізацыя атрымалася занадта дарагой.
Супрацоўнічаючы з усімі магчымымі іншымі туарагенцтвамі ды проста зацікаўленымі арганізацыямі, музейная ўстанова, у той самы час, самастойна прыкладае намаганні для пошуку зацікаўленых наведвальнікаў, працуючы па ўсіх кірунках, у тым ліку і геаграфічных. Яно і не дзіва: ад расійскага Бранска да Гомеля нават бліжэй, чым да беларускай сталіцы, не кажучы ўжо пра ўкраінскі Чарнігаў, які зусім “пад бокам”.
— Прамінаючы па дарозе на працу аўтобусную стаянку, я ўжо неаднойчы звяртаў увагу на тое, што добрая палова транспарту мае расійскія альбо ўкраінскія нумары, — кажа Андрэй Гарбачоў.
Літаральна месяц таму Гомельскі палацава-паркавы ансамбль атрымаў Гран-пры Нацыянальнага конкурсу “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю”, які праводзіўся ў рамках Першага Музейнага форуму ў Гродне. Часу ад гэтага трыумфальнага моманту прайшло зусім небагата, але ж адчувальны плён справядлівая перамога прыносіць ужо і сёння.
— Мы адразу адчулі вельмі істотнае павелічэнне цікавасці да нас з боку турфірм ды саміх наведвальнікаў, — распавёў Андрэй Гарбачоў. — І гэта вытлумачальна: усім цікава пабываць у тым музеі, які прызналі найлепшым у краіне…
Адпаведна, музейны форум здатны прыносіць вынікі не толькі ў пэўнай перспектыве — яны заўважныя амаль адразу па яго правядзенні.