Гомельшчына: культурны код

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Сутнасць выязной рэдакцыі для журналістаў “К” заключалася ў тым, каб яшчэ раз грунтоўна зафіксаваць дыханне і пульс канкрэтнага рэгіёна ў культурнай галіне. Падаецца, гэтая сутнасць патрабуе сціслай расшыфроўкі.

Рэаліці-рэгіён, або Ці існуе карпарацыя К.?

Рэдакцыя ехала па праблематыку, “болевыя кропкі”, пошукі рашэнняў і выйсцяў са складаных сітуацый. Карацей — па практыку, па рэальнае жыццё, калі хочаце. Яшчэ выезд дае журналістам магчымасць не праз словы справаздач, якія, на вялікі жаль, дамінуюць у лістах з раёнаў, а на грунце зробленых спраў яшчэ раз (бо камандзіровачныя маршруты па Гомельшчыне — рэгулярныя) пабачыць вынік такога дэфіцытнага цяпер крэатыву, пошуку свежых ідэй ды іх аўтараў. Прычым зрабіць тое разам, камандай.

/i/content/pi/cult/399/8080/1-1.jpeg

Начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег Рыжкоў таксама вызначыў сутнасць выязной рэдакцыі газеты “Культура” для работнікаў сферы вобласці пад час першай жа сустрэчы амаль са 150 прадстаўнікамі раёнаў гомельскага" куста. Ён сказаў: “Спадзяюся, ваш прыклад будзе ўзорам і для іншых рэдакцый: не чакаць, пакуль чытач прыйдзе да іх, а ехаць да чытача самім, каб пачуць яго пажаданні ды чаканнні, каб ведаць, што чытач хоча бачыць на старонках газеты. Такі дыялог вельмі важны”.

Таксама Алег Рыжкоў дадаў: “Са свайго боку, мы таксама плануем своеасаблівы працяг вашай акцыі. Неўзабаве мяркуем зладзіць “дэсант” прафесійных тэатральных крытыкаў, каб яны праглядзелі нашы спектаклі і выказалі свае кампетэнтныя меркаванні адносна таго, што робіцца ў тэатральным жыцці Гомельшчыны на дадзеным этапе. Нам вельмі важна ўсведамляць, куды мы рухаемся, і погляд збоку дапамагае зрабіць правільную ацэнку”.

Лагічным падаецца пытанне: а ці рэальна адшукаць кропкі судакранання за некалькі гадзін прабывання ў пэўным раёне? Аказваецца, тое — абсалютна магчыма, калі журналісты пабывалі цягам апошніх, прынамсі, сямі гадоў абсалютна ў кожным раёне Беларусі. Прычым у большасці — не па адным разе. Такі досвед дае магчымасць не паўтараць завучаныя формулы пра адметнасці (далёка не ўсе яны “раскручаны” настолькі, каб назвацца паўнавартаснымі брэндамі), але — аналізаваць развіццё, адсочваць працэс, бачыць тыя пункты, адкуль можна весці адлік новых тэндэнцый сферы культуры. Гэта штрых рэальнага жыцця, па якое мы і прыехалі на Гомельшчыну, сучасны этап развіцця якога няспынна шукаем.

І яшчэ адна дэталь. Па выніках выязной рэдакцыі газеты адчулі, што сферы культуры пры паўсядзённым узаемадзеянні розных яе напрамкаў бракуе пакуль такой рысы, як карпаратыўная еднасць. Парадокс. Але мы, да прыкладу, чарговы раз пераканаліся ў наяўнасці інфармацыйнага вакууму паміж абласцямі, які, апрача матэрыялаў у “Культуры” і асабістых стасункаў, ніяк не запаўняецца. Ды і сам кантэкст газеты, цікавы для рэгіёнаў, паверце, палягае не толькі на пэўных традыцыйных палосах. Ідэй, праектаў ды рашэнняў канкрэтных праблем дастаткова нават на творчых рубрыках, інфармацыйных, гістарычных старонках!

Разам з тым, намі пачуты і ўзяты на ўзбраенне вашы пажаданні ды меркаванні па напаўненні газеты. Адказы на пэўныя з іх чытайце на палосах, прысвечаных выязной рэдакцыі, штосьці гарантавана шукайце ў будучых нумарах “К”. Разам з тым, шмат што вызначае актыўнасць кожнага з аддзелаў, любога з работнікаў сферы культуры. І, да слова, падпіска на “сваю газету” (дарэчы, ваша вызначэнне, паважаныя чытачы), зваротная сувязь з рэдакцыяй — таксама праява карпаратыўнасці еўрапейскага кшталту.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах