Але акурат у гэты час вучобы Эліна “пакаштавала” мастацкай самадзейнасці і адчула, што сцэна вабіць яе. А першы выхад на прафесійную сцэну Нежынскага драмтэатра ў спектаклі “Маруся Багуслаўка”, дзе яна танцавала ўсходні танец, яшчэ больш умацаваў гэтыя яе адчуванні. І, нягледзячы на пратэсты бацькоў, Эліна абірае мастацтва, паступаючы ў Кіеўскі тэатральны інстытут імя І.Карпенкі-Карага, а па заканчэнні яго працуе ў Вільнюскім рускім драматычным тэатры.
Падчас гастролей тэатра ў Ленінградзе Быстрыцкая атрымлівае адразу дзве прапановы зняцца ў кіно. Адна — ролі Віолы і Себасцьяна ў “Дванаццатай ночы” Шэкспіра, другая — сваёй сучасніцы, урача Лізаветы Максімаўны ў фільме “Няскончаная аповесць”. Яна выбірае другую, бо добра ведае ўрачоў і з агромністай павагай ставіцца да іх працы. Яна яшчэ неаднойчы сыграе людзей у белых халатах у “Тані”, “Гадах вандраванняў”... “Няскончаная аповесць” выйшла на экраны ў 1955-м, калі раны ваенныя яшчэ не зарубцаваліся, але людзі яшчэ мацней прагнулі дабрыні і прыгажосці. І так хацелася быць падобнай да гераіні Быстрыцкай! Паводле апытання газеты “Савецкая культура” яна была прызнана лепшай актрысай года. А колькі нованароджаных дзяўчынак назвалі імем Эліна! Потым быў шэраг бліскучых кінароляў у такіх фільмах, як “У мірныя дні”, “Багатыр” ідзе ў Марто”, “Дабравольцы”, “Рускі сувенір”, “Усё застаецца людзям”, “Нязгаснае полымя”, “Дачнікі”, “Мікалай Бауман”, “Сем дзён пасля забойства”, “Развітальныя гастролі”...Не будзь поспеху ў кіно, мажліва, Эліна Аўраамаўна так і не рашылася б паступіць у трупу Малога тэатра. Але ў 1958 годзе яе мара збылася: актрыса дэбютавала ў ролі лэдзі Уінтэрміер у п’есе “Веер ледзі Уінтэрміер” Аскара Уайльда. А потым былі Лідзія (“Шалёныя грошы”) і Глафіра (“Ваўкі і авечкі”), Атрадзіна і Кручыніна (“Без віны вінаватыя” А.М. Астроўскага), горкаўскія Юлія Піліпаўна (“Дачнікі”), Соф’я Маркаўна (“Стары”), Пелагея (“Фама Гардзееў”), баранэса Штраль (“Маскарад” М.Лермантава), Ганна Пятроўна (“Іванаў” А.Чэхава), Маскалёва (“Дзядзечкаў сон” Ф.Дастаеўскага), Панова (“Любоў Яравая” К.Транёва) і шэраг іншых яркіх, нешараговых, валявых жанчын.
Кадр з фільма “Ціхі Дон”. |
Хацелася б узгадаць і яшчэ адну не вельмі шырока вядомую творчую грань таленту Эліны Быстрыцкай — з 1975 па 1992 год яна ўзначальвала Федэрацыю мастацкай гімнастыкі СССР. І гэтае прэзідэнцтва не было намінальным. Менавіта дзякуючы яе намаганням мастацкая гімнастыка была ўключана ў Спартакіяду народаў СССР — задача вывесці гімнастыку на Алімпійскі памост была выканана. У свой час, убачыўшы ў спартыўнай зале Навагорска прыгожую дзяўчыну на расцяжках, яна сказала: “Відаць, чэмпіёнка свету вырасла...” Неўзабаве Ірына Дзяругіна (а гэта была яна) і сапраўды атрымала сваю першую чэмпіёнскую ўзнагароду.
Яе грамадскае жыццё надзвычай насычанае. Можна пералічыць толькі некаторыя пасады: Член Камісіі па культуры пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, член Міжнароднай камісіі па здароўі насельніцтва пры Савеце бяспекі Расіі, член Прэзідыума Акадэміі расійскага мастацтва, акадэмік Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій, правадзейны член Акадэміі энергаінфармацыйных навук, акадэміі “Эліат свету”.Яна з ахвотай дзеліцца сваімі прафесійнымі ведамі са студэнтамі: выпусціла два курсы ў ГИТИСе і адзін — у Шчэпкінскім вучылішчы. А ў “дадатак” да прафесійнай дапамогі стварыла дабрачынны фонд для таленавітых навучэнцаў творчых устаноў, прычым дапамагала не толькім расіянам, але і беларускім студэнтам (у часы студэнцтва ў Беларускай акадэміі мастацтваў аўтар гэтага матэрыялу таксама меў гонар атрымліваць стыпендыю Фонду Эліны Быстрыцкай).
Сцэна са спектакля "Гора ад розуму". |
Сярод узнагарод і званняў Эліны Быстрыцкай — народная артыстка СССР, народная артыстка Грузіі, народная артыстка Азербайджана, народная артыстка Казахстана, кавалер ордэнаў “За заслугі перад Айчынай” ІІ ступені, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двух ордэнаў “Знак Пашаны”, ордэна “Айчыннай вайны” ІІ ступені, медалёў “За перамогу над Германіяй”... А яшчэ на расійскім фестывалі “Жанчыны кіно” Эліна Быстрыцкая — па ролях у кіно і ў жыцці — была ўганаравана дыпломам “Самая жаноцкая” і “Прызам Веры Халоднай — сем прыгажунь кіно”.
Беларускім гледачам пашчасціла ўбачыць глыбінны талент Эліны Быстрыцкай не толькі ў фільмах, дзе кожная яе роля — непаўторная і запамінальная, але і ў тэатральных работах. У сярэдзіне дзевяностых гадоў мінулага ўжо стагоддзя яна са сваім партнёрам — акцёрам Уладзімірам Андрэевым упрыгожыла спектаклем “Скрыжаванне” паводле п’есы Л.Зорына фестывальную праграму Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Маладзечанская сакавіца”, які ў той час яшчэ толькі-толькі набіраў свае “сокі”. А літаральна летась мінскія тэатралы змаглі яе ўбачыць падчас гастролей Малога тэатра на сцэне сталічнага Дома афіцэраў у ролі Хлястовай у спектаклі “Гора ад розуму” А.Грыбаедава — на сённяшні дзень гэта адна з улюбёных роляў актрысы.
І ўсё ж, нягледзячы на тое, у якой сваёй іпастасі выступае Эліна Быстрыцкая, яна праз усё сваё жыццё праносіць, пражывае, а не іграе, важную і важкую ролю — Чалавека, не абыякавага да жыцця, людзей, што жывуць побач, Чалавека з актыўнай і адказнай грамадзянскай пазіцыяй.
Віват, Актрыса!
Падрыхтавала Таццяна КОМАНАВА
Эліна БЫСТРЫЦКАЯ (Расія):
“Дзякую Прэзідэнту, дзякую “Лістападу”...”
Наш карэспандэнт напярэдадні “Лістапада” патэлефанаваў Эліне Аўраамаўне ў Маскву.
— Прастудзілася, засмуцілася. Сеў голас... А сёння ў мяне — вячэрні спектакль у Малым тэатры — “Гора ад розуму”. Неабходна выйсці на сцэну і знайсці голас!.. Дарэчы, акурат з гэтым спектаклем мы зусім нядаўна былі ў Мінску на гастролях. Нас цудоўна прымалі, частавалі. Шчодра, весела, уважліва. Я была ўзрадаваная і шчаслівая. Мы ігралі “Гора ад розуму”, а Малы тэатр, як вы ведаеце, славіцца класічным рэпертуарам. І зараз мы гэтую традыцыю шануем. Услед за “Горам ад розуму” павінна выйсці і адыграць спектакль пад назвай “Круг”. Мы яго яшчэ называем “Круг любвеобильный”...
— У Мінску вас таксама чакае “шчодралюбнае” кола і, галоўнае, — Спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве”.
— Паважаю беларускага Прэзідэнта. Цаню яго мужнасць і цвёрдасць. І ўвагу да мяне — таксама! Дзякуй яму! Час ляціць, мы старэем... А вось Лукашэнка не забыўся пра Быстрыцкую... Ён ставіцца да ўсіх акцёраў з павагай, гэта прыемна адчуваць у маім узросце. Скажу вам па сакрэце, мне ўжо пайшоў... васьмідзесяты год.
— Што вы, Эліна Аўраамаўна, — у Быстрыцкай няма ўзросту! Вашы гады такія цудоўныя... Вы — адна з нямногіх актрыс, якая столькі часу на сцэне, без зрываў і перапынкаў. Ды і шчаслівы дар супаў з прыродным акцёрскім талентам...
— Так кажуць... Я не ацэньваю сваю работу. Люблю ездзіць, як усе, на гастролі і заўсёды шкадую, калі не атрымліваецца выехаць. Вось і ваш цудоўны Мінск мяне таксама чакае...
— Ведаю, што акрамя роляў у тэатры, вы яшчэ займаецеся і грамадскай дзейнасцю. Дарэчы, як дзейнічае ваш імянны дабрачынны фонд у падтрымку мастацтва і навукі? Вы даволі доўгі час дапамагалі маладым талентам...
— Зараз я прыпыніла дабрачыннасць у тым выглядзе, у якім яна была: імянныя стыпендыі для маладых і адораных.
— Чаму ж?
— Вельмі проста: дзяржаўныя стыпендыі сталі вялікімі. Супернічаць няма сэнсу. Я падумала: мы ў свой час не разлічвалі ні на чыю дапамогу. Шмат працавалі, бескарысліва. А цяпер вельмі многія састарэлыя таленавітыя акцёры бядуюць, незаслужана забытыя. Фонд Быстрыцкай павінен дапамагаць найперш ім!
— Многія лічаць, што вас “зрабіў” “Ціхі Дон”. Аксіння незабыўная і любімая многімі пакаленнямі і зараз.
— Вы думаеце? Бадай, так — “Ціхі Дон” нарабіў мне славы... Але колькі пасля Аксінні было роляў!.. І ў кіно, ды і ў тэатры. Дарэчы, запрашаю ўсіх на мае спектаклі!
— Вялікі дзякуй!
Гутарыла Вольга ЯГОРАВА