“Тэатральны раман” Тызенгаўза

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла прэзентацыя кнігі польскага тэатразнаўцы Збігнева Ендрыхоўскага “Гродзенскія тэатры 1784 — 1864”. Да прэзентацыі была прымеркавана выстаўка “З гісторыі тэатральнага жыцця Беларусі” з фондаў аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў.

У экспазіцыі — больш як сто рукапісных і друкаваных дакументаў XVIII — XXI стагоддзяў. Найстарэйшы дакумент датаваны 1778-м — гэта праграма “Сялянскага балета” ў пастаноўцы Гродзенскага тэатра А.Тызенгаўза. На старонках асобных экспанатаў захаваліся пячаткі і рукапісныя нататкі знакамітых асоб.

/i/content/pi/cult/399/8078/1-4.jpeg

На імпрэзе, якую бібліятэка ладзіла разам з Польскім Інстытутам у Мінску, выступалі і бралі слова даследчыкі беларускай культуры, якія да кнігі спадара Ендрыхоўскага маюць прафесійную цікавасць. Гэта Адам Мальдзіс, Рычард Смольскі, Язэп Янушкевіч, Валерый Пазнякоў, Вольга Дадзіёмава ды іншыя. Беларускія даследчыкі далі высокую ацэнку працы польскага калегі. У прыватнасці, было адзначана, што аўтар здолеў спалучыць грунтоўнасць навуковага даследавання і чытабельнасць. Са зборніка дакументаў, якім фактычна з’яўляецца гэтая кніга, Збігнеў Ендрыхоўскі зрабіў захапляльны “тэатральны раман”.

Значная частка дакументаў, змешчаных у кнізе, раней была не вядомая нашым даследчыкам. Аўтар працаваў не толькі ў архівах Мінска і Гродна, але яшчэ і Вільнюса, Санкт-Пецярбурга і сваёй краіны. Агульная думка ўсіх, хто выступаў на прэзентацыі: кнігу “Гродзенскія тэатры 1784 — 1864” варта як мага хутчэй перакласці на беларускую мову, каб змешчаная ў выданні інфармацыя стала даступная нашым навукоўцам.

Апошнім браў слова на імпрэзе Збігнеў Ендрыхоўскі. Асобнік сваёй кнігі аўтар падарыў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы.

Азнаёміцца з кнігай “Гродзенскія тэатры 1784 — 1864” варта кожнаму беларускаму тэатразнаўцу. На маю думку, нашым навукоўцам варта павучыцца ў спадара Ендрыхоўскага ўпартасці ды мэтанакіраванасці. Чаго варты хаця б наступны факт: у Гродне ён працаваў з дакументамі, да якіх беларускія навукоўцы не мелі доступу. Альбо цікавасці?

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"