Як нядаўна высветлілася, у Спаса-Праабражэнскай царкве змешчана фрэска з выявай святога Вацлава (у праваслаўнай традыцыі — Вячаслава), караля Чэшскага. Вядома, што ў 981 г. кіеўскім князем Уладзімірам была ўстаноўлена агульная мяжа з Чэхіяй. Лічылася, што саюз з Чэхіяй забяспечваў Кіеўскай Русі мір на ўсёй заходняй мяжы. Да таго ж, летапісныя крыніцы паведамляюць: у 992-м паслы Чэшскага Княства прыбылі ў Кіеў да Уладзіміра “з любоўю і мірам, віншавалі яго з хрышчэннем”. Палітычнае збліжэнне паміж Чэхіяй і Руссю знаходзіла сваё выражэнне і ў дынастычных шлюбах. Цікавая таксама згадка падарожніка Ібрахіма ібн Якуба, які паведамляе, што прыход у Прагу русаў ды іншых славян з таварамі з’яўляўся рэгулярным. Гэтыя сувязі пацвярджаюць і археалагічныя знаходкі.
І ўсё ж найбольш важкім доказам, што пацвярджае актыўную сувязь паміж Чэхіяй і Старажытнай Руссю, з’явілася адкрыццё ў Полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве фрэскі сярэдзіны XII ст.
Рэдкая выява святога пакутніка Вацлава Чэшскага, глыбока ўшанаванага ў Чэхіі, раскрыта насупраць сцяны, дзе знаходзяцца выявы рускіх князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба. Больш за тое: гэта адзіны вядомы малюнак чэшскага святога ў праваслаўных храмах на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі. Тлумачэннем, чаму выява чэшскага святога знаходзіцца насупраць пакутнікаў Барыса і Глеба, з’яўляецца тое, што святы князь, таксама як і ўсходнеславянскія князі, быў забіты братам.
Князь Вацлаў нарадзіўся прыкладна ў 907 годзе і вырас у крэпасці Будзеч, што на захадзе ад Прагі, дзе выхоўваўся ў духу хрысціянства і рыхтаваўся кіраваць краінай. Яго настаўнікам быў іерэй Павел, вучань свяціцеля Мяфодзія. На момант уступлення на пасад у 925-м яму споўнілася ўсяго 18 гадоў. Існуе паданне: прымаючы ўладу, Вацлаў сказаў, што хоча правіць так, каб у яго краіне быў мір, каб суддзі вызначаліся справядлівасцю і каб народ жыў па законах Божых. Перыяд праўлення князя Вацлава лічыцца часам значнага росквіту чэшскай дзяржавы. Яго лічылі шчырым хрысціянінам, які вызваляў зняволеных, падаваў міласціну бедным і вылечваў хворых. Для свайго часу Вацлаў быў незвычайна адукаваным чалавекам: ён пісаў глаголіцай, размаўляў на латыні ды грэчаскай мове. Такі спосаб кіравання дзяржавай і сацыяльныя парадкі, што ўводзіў Вацлаў, сустракалі процідзеянне язычніцкай шляхты, якая, у рэшце рэшт, і забіла князя, аб’яднаўшыся з яго братам Баляславам.
Неўзабаве пасля смерці князь быў кананізаваны. Святы Вацлаў як першы славянін-пакутнік быў вядомы і на Русі. Так, у пачатку XI ст. існавала вельмі шчыльная сувязь паміж Сазаўскім манастыром, што каля Прагі, і Кіева-Пячэрскай лаўрай. Акрамя таго, быў шырока вядомы пераклад на стараславянскую мову жыція гэтага святога. Калі яшчэ ўзяць пад увагу роднасныя сувязі Кіева і Полацка, патрабаванні святой Ефрасінні да сістэмы роспісаў яе царквы, становіцца абсалютна зразумелым, чаму выява пакутніка Вацлава змешчана на фрэсках.
Існуе меркаванне, што прападобная Ефрасіння ў перыяд высылкі полацкіх князёў у Візантыю выконвала функцыю кіраўніка Полацкага Княства. А таму відавочная прычына ўводу ў склад роспісу царквы новых імён, і пры гэтым імён знакавых.
Адольф СЯЛІЦКІ, кандыдат мастацтвазнаўства, Вольга КАСАТКІНА, архітэктар, старшы выкладчык БНТУ