Сяргей ЛАЗНІЦА: “Хацеў дакладна ўвасобіць думку Быкава на экране”

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Прэзентацыя кнігі “Майстар-клас” Андрэя Звягінцава, сустрэча з французскай актрысай Андрэа Феррэоль, візіт адной са знакавых фігур расійскага экрана Васіля Сігарава… Колькасць мерапрыемстваў, падзей на сёлетнім Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” як ніколі прымушае зацікаўленага гледача хвалявацца, бо трэба выбраць, на што жадаеш паспець. Карэспандэнтам “К” у гэтым прапанаваным кінафорумам шэрагу магчымасцей пашчасціла на дзве сустрэчы. Эксклюзіўнае інтэрв’ю нам пагадзіліся даць асобы, якія, бадай, не маюць патрэбы ў прадстаўленні: літоўскі рэжысёр Шарунас БАРТАС (на фестывалі зладжана рэтраспектыва стужак аўтара) і рэжысёр з беларускімі каранямі Сяргей ЛАЗНІЦА (ягоны фільм “У тумане” паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава адкрываў “Лістапад” і стаўся адным з твораў, які больш за ўсе абмяркоўваюць на кінафоруме).

Сяргей ЛАЗНІЦА прыехаў на кінафестываль, каб прадставіць беларускім гледачам сваю другую поўнаметражную стужку “У тумане” на дадатковым паказе ў сталічным Доме кіно. Як высветлілася, рэжысёр у свой час атрымаў блаславенне на карціну ад Васіля Быкава. Некалькі разоў ён гутарыў з пісьменнікам па тэлефоне. І Лазніца атрымаў пажаданне ад Быкава: “Ні пуху, ні пер’я”.

У час візіту ў Мінск рэжысёр знайшоў чвэрць гадзіны, каб адказаць на пытанні карэспандэнта “К”.

/i/content/pi/cult/399/8073/1-1.jpeg

— Сяргей Уладзіміравіч, мяркую, што гэтае пытанне гучала неаднойчы, але ж не магу не спытаць: чаму, калі гэта ўсё ж такі Васіль Быкаў, вы спынілі выбар на рускамоўнай версіі стужкі?

— На гэтае пытанне ёсць некалькі адказаў, і яны павінны гучаць адначасова. Па-першае, я, шчыра кажучы, беларускай мовы не ведаю, а для таго, каб рабіць такую карціну, я мушу яе добра разумець. Па-другое, дзе ўзяць адпаведных акцёраў, якія добра валодалі б беларускай мовай? Папрасіць усіх яе вывучыць і прымусіць размаўляць на ёй — гэта будзе адчувацца. Добра, Уладзімір Свірскі (выканаўца галоўнай ролі Сушчэні. — Д.А.) з Беларусі. А што рабіць з астатнімі акцёрамі? Хіба зрабіць так, як Фасбіндэр: стварыць гэткі “Антытэатр”, каб давесці акцёраў да пэўнага стану? Бо акцёр — гэта, у першую чаргу, “расцёрты” матэрыял, які вы бераце — і вам не трэба з ім працаваць. Ведаце, як казаў Хічкок: “Я з акцёрамі не працую. Я даю ім грошы — і ўсё”. Дзе знайсці такіх акцёраў? Я праводзіў у Беларусі кастынг і магу зазначыць, што праблемы з кандыдатамі былі. Не хачу нікога крыўдзіць, але людзей, якія былі мне патрэбны на ролі, я не знайшоў. А каго з беларускіх акцёраў вы маглі б прапанаваць у якасці галоўных персанажаў аповесці Быкава?

/i/content/pi/cult/399/8073/1-2.jpeg

— Гэта складанае пытанне, над ім, шчыра кажучы, трэба падумаць…

— Падумайце. Магчыма, тых людзей я проста не сустрэў. І далучыце яшчэ трэцяе пытанне, якое таксама мае вялікае значэнне для фільма, — прадзюсарскае: на якую тэрыторыю вы плануеце распаўсюджваць карціну. На рускай мове размаўляюць 250 мільёнаў чалавек — пагадзіцеся, што перавага тут відавочная.

— “Ідзі і глядзі” Элема Клімава, напрыклад, быў двухмоўным…

— Так, там было двухмоўе, але ў асноўным — руская мова. Я разумею, чаму тут узнікае дадзенае пытанне, але лічу, што ўсё ж не гэта галоўнае ў карціне.

— Справа ў тым, што вам удалося стварыць надзвычай аб’ёмнае ўражанне гэтай гісторыі. Выдатная праца аператара, мастака… А работа гукарэжысёра Уладзміра Галаўніцкага ўвогуле заслугоўвае найвышэйшай ацэнкі! Аднак ваша датклівае стаўленне да гуку выявіла дзіўны момант успрымання гаворкі герояў: яны нібыта дэкламуюць тэкст. У сувязі з гэтым ужо нарадзілася версія: вы імкнулся ўзняць гэтую нацыянальную гісторыю на ўзровень наднацыянальны, так бы мовіць, узровень антычнай трагедыі…

— Магчыма, камусьці здаецца, што героі размаўляюць нібыта занадта літаратурна. Але гэта тэкст, які быў у аповесці, я не адышоў ад літаратурнай крыніцы ні на ёту. А наконт антычнай трагедыі... Гэта ілюзія меркаваць, што мы з вамі бачым адну і тую ж карціну. У гэтым і ёсць каштоўнасць кіно: яно канчаткова выбудоўваецца ва ўяўленні гледача. Антычная трагедыя — не зусім тое, што задумваў, але стужка — трагедыя.

— Што для вас было самым складаным пад час працы на гэтай карцінай?

— Анджэй Вайда лічыць, што рэжысёр павінен двойчы прасіць дапамогі ў Бога: калі выбірае тэму сваёй будучай стужкі і калі выбірае акцёра на галоўную ролю. Усё астатняе — справа тэхнікі і досведу. Што ж да практычных складанасцей… Напрыклад, масоўка ў 250 чалавек, дождж пад час здымак, тыя ж абмежаванні, якія накладвае бюджэт... Удзень мы здымалі па пяць карысных хвілін, часам — па сем, як многастаночнікі. Па сутнасці, такім чынам здымаюцца серыялы. І ацаніць ды зразумець, што адбываецца ў момант здымак, было дастаткова складана. Чалавек — гэта інертная істота, і неабходны пэўны час, каб зразумець, што вы знялі і наколькі гэта адпавядае вашай задуме. У мяне гэтага часу не было. Але гэта тэхналагічныя рэчы…

— Чым для вас была важная гэтая тэма?

— Проста, я лічу яе актуальнай. Як казаў Макс Фрыш: “Паколькі ўсё даўно сказанае так ніхто і не пачуў, даводзіцца паўтараць зноў і зноў”. Лічу тэму актуальнай, як і, напрыклад, Томас Уітэнберг лічыць важнай гісторыю пра мужчыну, на якога ўзвялі паклёп у невялікім гарадку: распаўсюдзілі чуткі, што ён педафіл. Таму што мы жывём у грамадстве, якое не знайшло выйсця з падобных сітуацый, якое структуравана такім чынам, што стварае гэтыя складаныя сітуацыі. І няўжо не цікава тое, якім чынам саслізвае нібыта выдуманая гісторыя ў наша жыццё?

— Вам не хацелася змяніць фінал напрыканцы карціны? Многія рэжысёры дазвалялі сабе адыход ад першакрыніцы…

— Гэта іх асабістая справа. Для мяне замяніць фінал — здрадніцтва. Я хацеў дакладна ўвасобіць думку Васіля Быкава — дзеля гэтага стужка і рабілася. Вы разумееце, што гэты адзін гук і выражае гэтую думку: чалавек робіць той выбар, таму што інакш ён не можа, не бачыць іншага шляху. А калі прыбіраеш гук стрэлу — усё змяняецца…

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"