Алібі для абласной філармоніі

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Арганізацыя канцэртаў — справа рук саміх “тапельцаў”? У сэнсе — кампазітараў...

Раней было ўстойлівае словазлучэнне: “прапаганда беларускай музыкі”. Сёння ўсё часцей “прапаганду” замяняюць на “папулярызацыю”. Але справа, насамрэч, не ў пошуку найбольш адпаведных сінонімаў, а ў самой з’яве. Ці дастаткова гучыць у нас нашай нацыянальнай класікі, асабліва ў рэгіёнах? Што робіцца тымі ж абласнымі філармоніямі ды іншымі ўстановамі для распаўсюджвання айчынных твораў, наладжвання гастролей нашых музыкантаў, а не адно прыезджых зорак з Расіі, нярэдка — сумніўнага гатунку? Вядома, “заманіць” публіку на добра раскручанае тэлеканаламі імя куды прасцей, чым падрыхтаваць яе да зацікаўленасці нацыянальным мастацтвам.

Свае? Адкладзём “на заўтра”!

Пра ўсё гэта мы і паспрабавалі паразважаць, далучыўшы да размовы прадстаўнікоў музычных колаў розных рэгіёнаў нашай краіны. Можа, звязаліся не з усімі, з кім хацелася б, але карціна паступова вымалёўвалася. З аднаго боку, поўная аптымізму ці хаця б шматлікіх “алібі”, чаму так цяжка палепшыць становішча. З іншага — не зусім радасная ды “вясёлкавая”, бо, у рэшце рэшт, для дасягнення мэты патрабуюцца з’яднаныя намаганні ўсіх і кожнага: ад кіраўнікоў канцэртных устаноў і творчых калектываў да ўласна слухачоў, для якіх актуальным быў бы лозунг накшталт: “Купляй білеты на сваё!”.

— Публіка тут ні пры чым, — кажа мастацкі кіраўнік ансамбля салістаў “Класік-Авангард”, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Байдаў. — Раней падобныя канцэрты абавязкова атрымлівалі датацыю з боку дзяржавы. Так і дагэтуль робіцца ва ўсім свеце: кожная краіна прапагандуе сваю нацыянальную культуру і сярод сваіх грамадзян, і ў замежжы. На гэта выдаткоўваюцца вялікія грошы, бо спадзявацца адно на “свядомасць” публікі ці на тое, што яна выкладзе свой заробак не за эстрадную дзіву, а за беларускую музыку, не даводзіцца. Асабліва ў нашых умовах, калі ў шырокіх масах на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў складалася перакананне, што, маўляў, замежнае — лепш. Да таго ж, сабекошт многіх беларускіх канцэртаў вельмі вялікі. Возьмем, да прыкладу, наш ансамбль. Для таго, каб ён выехаў з праграмай беларускай музыкі куды-небудзь за межы сталіцы, патрэбен, найперш, транспарт. Дадайце сюды камандзіровачныя, ганарары. Але наш ансамбль — усё ж такі невялікі калектыў, асабліва ў параўнанні з аркестрам ці хорам…

Нельга не ўлічваць і некаторыя псіхалагічныя фактары. Да прыкладу, тыя ж “госці”-гастралёры прыехалі на адзін дзень — і ўсё, паедуць далей. Значыць, калі зараз на іх канцэрт не сходзіш, дык наступнага можаш і не дачакацца. А свае — яны тут, побач, іх можна і “на заўтра адкласці”. А што такое “на заўтра”? Часта яно ператвараецца ў “ніколі”. Даўно заўважана, што некаторыя масквічы ніколі не бывалі ў сваіх знакамітых музеях і тэатрах. Усё з той жа прычыны: увесь час адкладалі гэта на “пасля”. Так, пэўна, і ў нас…

Шансон vs. 150 чалавек

— Нягледзячы ні на што, — кажа мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ, — мы намагаемся, каб беларуская музыка ў нас гучала. У першую чаргу, гэта, зразумела, ансамбль “Класік-Авангард”, які намагаецца прывезці да нас ледзь не кожную сваю новую праграму, складзеную з айчынных твораў. Дадам, што мы абавязкова ўказваем у афішах не толькі выканаўцаў, але і саму праграму, бо хтосьці ідзе менавіта паслухаць новыя творы, а не паглядзець на выканаўцаў, якіх ужо ведае. Увогуле, гэты калектыў для нас ужо зрабіўся, можна сказаць, “родным”. Не толькі таму, што яго мастацкі кіраўнік Уладзімір Байдаў родам з Віцебска, але і таму, што ансамбль выступіў у свой час адным з ініцыятараў правядзення ў нас Міжнароднага фестывалю імя Івана Салярцінскага і дагэтуль застаецца яго заўсёднікам. Гучаць у нас і творы маладога пакалення. Кампазітар Канстанцін Яськоў, які ўзначальвае суполку творчай моладзі пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў, прывозіў да нас і свае творы, і сваіх калег. Канешне, той жа шансон збірае куды большыя аўдыторыі, але калі на беларускі канцэрт прыходзіць хаця б сто — сто пяцьдзясят чалавек, гэта ўжо можна лічыць за вялікі поспех. Ва ўсіх выпадках — шукаем выйсце. Але вывезці штосьці за межы абласнога цэнтра, далей у рэгіёны — надзвычай складана. Не пацягнем!..

“Сакрэтны” канцэрт і абарваная афіша

У Гомельскай абласной філармоніі знайшлі выйсце ў тым, што… папярэдне не паведамляюць слухачам пра беларускую музыку.

— Мы не ўзнімаем вялізныя старадаўнія пласты нацыянальнай культуры, — расказвае мастацкі кіраўнік Гомельскай абласной філармоніі, заслужаная артыстка Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта краіны дзеячам культуры і мастацтва Галіна Паўлянок. — Але айчынная класіка ХХ стагоддзя, асабліва песенная і харавая, карыстаецца попытам у слухачоў. Праўда, з яе адной мы канцэрты не складаем. Да прыкладу, на афішы пазначаны старадаўнія рамансы — адзін з абсалютна бяспройгрышных варыянтаў, каб сабраць публіку, — але другая палова канцэрта цалкам складаецца з твораў Ігара Лучанка, Юрыя Семянякі, Уладзіміра Алоўнікава. Трэба бачыць, наколькі людзям падабаецца гэтая музыка! Бо тут і цудоўная паэзія, і непадзельнае спалучэнне, сапраўднае “зліццё” музыкі і тэксту, і зачараванне агульнай гармоніяй ды прыгажосцю. Асабіста я не баюся заканчваць свае сольныя праграмы менавіта беларускімі творамі, акцэнтуючы іх як своеасаблівую кульмінацыю канцэрта. Так, пэўна, паступова мы і прывучым публіку шанаваць сваё. Тое ж робіць і наш аркестр, выконваючы з салістамі беларускія песні, і хор, у рэпертуары якога шмат айчыннай духоўнай музыкі, ёсць і некаторыя сучасныя творы. У Таліне гэты калектыў выконваў беларускія канты — проста на ўра!..

Кампазітар Аляксандр Гулай, які жыве і працуе ў Гомелі, правёў ажно восем сваіх аўтарскіх канцэртаў. Такой лічбай не могуць пахваліцца нават самыя, здавалася б, знакамітыя творцы, за выключэннем хіба Ігара Лучанка ці Эдуарда Ханка. Але ўсе гэтыя вечары Аляксандр ладзіў… сам.

— Арганізоўваць усё даводзіцца самому, — прызнаецца кампазітар. — Не ты атрымліваеш ганарар за тое, што гучала твая музыка, а, наадварот, сам плаціш артыстам, каб тыя выканалі твае творы. І яшчэ паспрабуй знайсці ахвотных! Вучні музычнага ліцэя не настолькі падрыхтаваныя, каб справіцца з усімі складанасцямі новых твораў, а прафесіяналы звычайна занятыя. Тым не менш, 1 лістапада ў мяне адбыўся канцэрт з эстрадным аркестрам Гомельскай абласной філармоніі. Аўтарскі вечар, зразумела, аказаўся стратным. Білеты каштавалі па 50 тысяч рублёў — для абласнога цэнтра гэта ўсё ж многа. Калегі і сябры прасілі, каб я іх “правёў” бясплатна. Дык дзе ж было набраць паўнюткую залу? У лютым у мяне быў канцэрт у Мінску — можна сказаць, аншлагавы. Мае творы гучалі ў выкананні Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі — у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Канцэрт, вядома, быў бясплатны. І хаця, завітаўшы зранку ў сталічную ВНУ, афішы я не ўбачыў (мне патлумачылі, што яна папросту абарвалася), інфармацыю пра канцэрт аднавілі — і ўвечары зала была запоўнена студэнтамі, прафесурай, проста аматарамі музыкі. Але ж такія “бясплатныя прэзенты” ў наш час — хутчэй, выключэнне, чым правіла. І кампазітары (не толькі я адзін, а ледзь не ўсе) вымушаны самастойна займацца папулярызацыяй сваёй творчасці. Я прыйшоў да высновы, што прасцей гэта рабіць “па жанрах”, бо так лягчэй знайсці патрэбную аўдыторыю. Наступны мой канцэрт будзе адрасаваны дзецям. А матэрыялу ў мяне — канцэртаў на 20…

“Зарабіць вельмі цяжка…”

— Сёння ўсе ўстановы, — распавядае кампазітар, мастацкі кіраўнік ТАА “Арт-цэнтр” г. Магілёва Уладзімір Браілоўскі, — пастаўлены ва ўмовы зарабляння грошай. На беларускай жа музыцы зарабіць вельмі цяжка, калі не сказаць — немагчыма. Таму арганізацыя канцэртаў — гэта, часцей за ўсё, справа рук саміх “тапельцаў” (я маю на ўвазе кампазітараў). Сёлета ў лютым я ладзіў свой аўтарскі канцэрт, і каб не падтрымка саміх выканаўцаў (найперш, нашай Магілёўскай капэлы на чале з Сяргеем Лішчанкам), не ведаю, ці атрымалася б штосьці. Калі ўсе знаходзяцца ва ўмовах камерцыі, дык без сапраўднай апантанасці, выканальніцкага энтузіязму папросту не абысціся. І ў нашых музыкантаў усё гэта ёсць — неабходна толькі з’яднаць іх вакол якой-небудзь ідэі, даць магчымасць яшчэ больш шырока разгарнуць свае творчыя памкненні.

У тым жа Магілёве шмат гучыць беларускай музыкі. На розных канцэртных пляцоўках. Але не ўсе пра гэта ведаюць! У тых жа навучальных установах нацыянальныя творы пастаянна ўключаюцца ў канцэртныя праграмы — ужо хаця б таму, што іх выкананне з’яўляецца абавязковым у навучальным працэсе. І гэта правільна!

Але і тут ёсць праблемы, якія ваша газета ўзнімала неаднойчы. Рэпертуар амаль не папаўняецца, вучні граюць творы, напісаныя і выдадзеныя ў мінулыя дзесяцігоддзі, бо апошнім часам беларускія ноты друкуюцца не так часта, як, магчыма, хацелася б. Выконваюць беларускую музыку і творчыя калектывы, якія сёння ёсць у кожнай профільнай навучальнай установе і складаюцца з выкладчыкаў. Граюць айчынныя творы і філарманічныя калектывы — той жа наш аркестр рускіх народных інструментаў імя Л.Іванова пад кіраўніцтвам Мікалая Алданава. Але апошнім часам гэты славуты калектыў ужо ў сілу сваёй спецыфікі ўключае ў рэпертуар усё больш расійскіх твораў.

“Арт-цэнтр”, які я ўзначальваю, таксама задумваўся як своеасаблівая “філармонія”. Мы існуём на камерцыйных умовах, без дзяржаўнай падтрымкі, і ў такой сітуацыі рэалізоўваць беларускія праекты куды цяжэй, бо ўсё робіцца, як кажуць, за свой кошт. Але выйсце, лічу, — у крэатыўных ідэях, якія могуць зацікавіць грамадскасць. Ёсць у нас і праект, звязаны з адноўленай “песняроўскай” рок-операй “Гусляр” Ігара Лучанка. Новае прачытанне гэтага твора здзейсніў, у тым ліку, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. Вельмі хочацца, каб яго пачулі і магіляўчане.

— Галоўная праблема нашай установы, — лічыць мастацкі кіраўнік Магілёўскай абласной філармоніі Святлана Ефімук, — у адсутнасці ўласнай канцэртнай залы. Бо да ўсяго дадаецца яшчэ і арэндная плата за памяшканне, што значна павялічвае сабекошт любога канцэрта…

Фестывальнае пакаленне

А што ж фестывалі, якія праводзяцца ў Беларусі? Як часта гучыць на іх беларуская музыка? За прыклад, вядома, многія адразу згадаюць “Славянскі базар у Віцебску”, які штогод успрымаецца, акрамя ўсяго, яшчэ і “справаздачай” нашай нацыянальнай культуры. Ці — Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, які ўвогуле заснаваны менавіта на нашай спадчыне.

Узгадаем і нястомную дзейнасць народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга, калектыў якога — Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі — даўно ўжо стаў асобнай “філармоніяй”. Бо ў справе папулярызацыі нашай класікі ён робіць у разы больш за ўсе філармоніі, разам узятыя. З новымі праграмамі беларускай музыкі, старадаўняй і сучаснай, аркестр і яго камерныя склады ездзяць па ўсёй краіне, ахопліваючы малыя гарады ды мястэчкі, куды, бывае, месяцамі і нават гадамі не даязджаюць іншыя артысты і філарманічныя калектывы. Канцэрты беларускай камернай і харавой музыкі, якія ладзіць маэстра, бясплатныя для публікі. Бо грошы знаходзяць кіраўнікі райвыканкамаў, далучаючы ў спонсары вядучыя вытворчыя прадпрыемствы рэгіёна. Там, дзе падобная праца вядзецца пастаянна і рупліва, узрасло ўжо цэлае пакаленне прыхільнікаў класікі — нашай, нацыянальнай, змешчанай, што таксама вельмі важна, у кантэкст сусветнай музычнай культуры. Праўда і тое, што Міхаіл Якаўлевіч не супакоіцца, пакуль не пераканае раённае кіраўніцтва ў неабходнасці таго ці іншага фестывалю.

А што ж да іншых святаў мастацтваў? Наколькі для іх важны такі “нацыянальны складнік”? Заўсёднікам Міжнароднага фестывалю класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” ў Брэсце стаў, да прыкладу, народны артыст Беларусі, знакаміты піяніст, прафесар Ігар Алоўнікаў, у рэпертуары якога — безліч твораў нацыянальнай класікі, у тым ліку ў яго ўласных канцэртных пералажэннях для фартэпіяна. Беларускія творы граюць усе выканальніцкія калектывы Брэсцкага музычнага каледжа, сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага. Але буйным творчым калектывам рэспублікі выправіцца ў горад над Бугам, як і ў іншыя аддаленыя ад сталіцы гарады, бывае складана. Аўтобус на суткі каштуе 9 мільёнаў рублёў. І гэта — без начоўкі: каб музыканты зранку выехалі, удзень прыехалі, хуценька паабедалі, крыху парэпеціравалі, сыгралі канцэрт — і адразу дадому, дабраўшыся туды практычна на світанку. Фінансавання на такія гастролі не прадугледжана. Так што папулярызаваць нацыянальную класіку лепш за ўсё ўдаецца, калі на творчую сустрэчу з юнымі музыкантамі запрашаюць кагосьці з кампазітараў. У тым жа Брэсце было некалькі такіх сустрэч: з Сяргеем Картэсам, Галінай Гарэлавай, Людмілай Шлег, Ларысай Мурашка. Некаторыя праводзіліся ў час так званага Тыдня музыкі для дзяцей і юнацтва, што быў традыцыйным у былыя дзесяцігоддзі і адроджаны там зараз.

Творчыя ж сустрэчы, сапраўды, самыя танныя. Кампазітар распавядае пра сябе і сваю творчасць, дэманструе музыку ў запісе, дый самі навучэнцы да яго прыезду могуць штосьці развучыць. Так што, у рэшце рэшт, патрабуецца ўсяго адзін чыгуначны білет “туды — назад”. А яшчэ кветкі і гарбата ў больш вузкім выкладчыцкім коле — у складчыну. Таму сёння аднымі з найбольш рэальных папулярызатараў беларускай музыкі становяцца самі навучальныя ўстановы і іх выхаванцы. У тых жа Гродзенскім, Лідскім дзяржаўных музычных каледжах, у іншых падобных установах пастаянна праводзяцца сустрэчы з кампазітарамі (часцей — ураджэнцамі гэтых мясцін). Беларуская музыка развучваецца і выконваецца ў канцэртах — вядома, бясплатных, якія ладзяцца ў залах саміх навучальных устаноў. Штосьці гучыць у запісе: не толькі ўласна на занятках, але і ў дадатковых пазавучэбных мерапрыемствах, скіраваных на больш глыбокае спасціжэнне нацыянальнага музычнага мастацтва.

Праўда, і з запісамі ёсць праблемы. Цяперашнія кампазітары выдаюць свае кампакт-дыскі таксама, пераважна, самі, на ўласныя грошы. У аркестра М.Фінберга назапашана безліч нявыдадзеных праграм. Да ўсяго, такія кампакт-дыскі маглі б стаць метадычным дапаможнікам пры вывучэнні беларускай музыкі ў нашых навучальных установах.

Так што акрэсленая праблема “прапаганды-папулярызацыі” далёка не лакальная — яна папраўдзе датычыцца кожнага. І вырашыць яе магчыма толькі яднаннем намаганняў з розных бакоў

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"