Мастакі — Году кнігі

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Беларускі саюз мастакоў робіць свой унёсак у святкаванне краінай Года кнігі. 14 лістапада ў сталічным Палацы мастацтва адкрыецца выстаўка “Фэст кнігі”.

Увесну БСМ зладзіў “Фэст літары”, прысвечаны мастацтву каліграфіі, цяпер жа гаспадыня Палаца — кніга. У экспазіцыі будзе прадстаўлена ўсё, што мае дачыненне да кнігі як мастацкага аб’екта. Але найперш выстаўка будзе рэтраспектывай беларускай кніжнай графікі за апошнія 50 гадоў — з 1960-х да нашых дзён.

60-я гады ўзяты за кропку адліку, бо менавіта тады пачалося дынамічнае развіццё ўсяго беларускага мастацтва, у тым ліку графікі. Гэты час прадстаўлены імёнамі А.Кашкурэвіча, А.Лось, В.Шаранговіча, Г.Паплаўскага ды іншых. У 1980-я эстафету пераймаюць М.Басалыга, М.Селяшчук, В.Славук, У.Вішнеўскі. Ёсць чым ганарыцца і сёння: П.Татарнікаў, Ю.Якавенка, Ю.Алісевіч…

Усяго ў экспазіцыі — больш як сто ілюстрацый розных перыядаў. На іх прыкладзе дапытлівы глядач здолее пабачыць, як за дзесяцігоддзі змяніліся інструментарый мастакоў і запыты чытаючай публікі, як ясны і просты канон афармлення кнігі масавых накладаў саступіў мудрагелістаму дызайну на базе камп’ютарных праграм. Гэта ўжо не кажучы пра выданні, галоўная функцыя якіх — падарункавая. Тым не менш, і раней, і цяпер глядач ды чытач аддае перавагу кнігам, у афармленні якіх адчуваецца не дасканаласць інструмента, але рука майстра. Такіх твораў кніжнага мастацтва на гэтай выстаўцы багата.

П.В.