Васілёк і кніга

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча завяршылі пошукі яркай эмблемы.

Конкурс на стварэнне лагатыпа Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, прымеркаваны да 30-годдзя з дня заснавання ўстановы, доўжыўся больш за год. Да ўдзелу ў ім далучыліся як прафесійныя мастакі, члены Саюза мастакоў, Саюза дызайнераў нашай краіны, так і непрафесіянальныя творцы, студэнты ВНУ, навучэнцы сярэдніх спецыяльных, агульнаадукацыйных устаноў, людзі, неабыякавыя да творчасці Максіма Багдановіча. Ва ўмовах конкурсу не было абмежаванняў для аўтараў ні ў палёце творчай думкі, ні ў выбары тэхнікі, ні ў колькасці прадстаўленых работ.

/i/content/pi/cult/399/8070/2-4.jpeg

А зусім нядаўна, пасля грунтоўнага аналізу дасланых твораў, пераможцам конкурсу і аўтарам афіцыйнага лагатыпа музея вызначаны Сяргей Калтовіч, член Беларускага саюза дызайнераў, таленавіты фотамастак. Лагатып музея прадстаўляе два знакавыя сімвалы творчасці Багдановіча — кнігу і васілёк. Вельмі сімвалічна, што ў “Апокрыфе” паэта васілёк з’яўляецца сімвалам самога творцы: “...Добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?..”

Супрацоўнікі музея ўпэўнены: знак, які будзе размешчаны на рэкламна-інфармацыйных стэндах, запрашэннях, афішах ды буклетах, — гэта своеасаблівы гарант якасці, высокага навуковага ўзроўню і эстэтычнай прывабнасці музейных праектаў.

Ірына МЫШКАВЕЦ, загадчык аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча