“Жадаем быць не капіістамі і рукадзельнікамі, а сапраўднымі мастакамі…”

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Жыццё і лёс Казіміра Стаброўскага, жывапісца з Круплян

(Працяг. Пачатак у № 43.)

…Мне здаецца, што менавіта гэтыя “часткі” ўзяў на ўзбраенне і малады Стаброўскі, калі прыступіў да сваёй праграмнай работы “Магамет і Сеід у пустыні”. Прыступіў смела, рашуча, і на тое меліся свае прычыны. Па-першае, тады, да пачатку 1890-х, амаль усе акадэмічныя праграмы былі строга скіраваны на распрацоўку розных гістарычных ды рэлігійных сюжэтаў (і Чысцякоў, і Рэпін таксама раней праз гэта прайшлі); па-другое, за гады навучання Стаброўскі здолеў атрымаць ажно чатыры сярэбраныя медалі розных ступеняў за “курсавыя” эскізы і эцюды. Мала хто ведае, але Казімір быў ледзь не апошнім студэнтам, які атрымаў такія ўзнагароды: пасля акадэмічнай рэформы сістэма медалёў была скасавана — ставіліся толькі катэгорыі за малюнкі ды эцюды. Хто атрымаў лепшыя, пераводзіўся з галоўнага класа ў натурны, з натурнага — у майстэрні прафесараў-кіраўнікоў. Ніякімі тэрмінамі гэтыя пераводы не звязваліся, і можна было скончыць Акадэмію і за шэсць — сем гадоў, і за чатыры...

/i/content/pi/cult/398/8060/2-2.jpeg

А ў канікулярны час Казімір ухітрыўся наведаць некаторыя краіны мусульманскага Усходу, дзе яго вельмі зацікавілі гісторыя і культура гэтага рэгіёна. Вось чаму такая тэма раптам з’явілася ў творчасці беларускага шляхціча. Праўда, больш ніколі мастак не маляваў падобных гістарычных карцін, але сакральны дух Усходу адчуваецца ў яго позніх палотнах, насычаных глыбокай сімволікай. Ды фундамент творчасці Стаброўскага быў цалкам закладзены ў Чысцякова. За доўгія гады настаўніцтва Павел Пятровіч распрацаваў адмысловую “сістэму рысавання”. Ён вучыў бачыць натуру, якой яна з’яўляецца і якой здаецца, злучаць (але не змешваць) лінейны і жывапісны пачаткі, ведаць і адчуваць прадмет незалежна ад таго, што трэба адлюстраваць: ці гэта будзе гіпсавы злепак, ці складаны гістарычны сюжэт, ці марская хваля, ці тэатральны касцюм, ці скамечаны ліст паперы… Карацей кажучы, Стаброўскі для сябе ўсвядоміў чысцякоўскую формулу “жывых адносін да прыроды”, дзе малюнак з’яўляецца адным са спосабаў спазнання апошняй. Менавіта на такой сістэме былі выхаваны М.Урубель, В.Сяроў, В.Паленаў, В.Сурыкаў, В.Васняцоў, ды і сам І.Рэпін.

Успамінаючы акадэмічныя гады як самыя светлыя ў сваім мастацкім жыцці дзякуючы заняткам у Чысцякова, Міхаіл Урубель (ён скончыў Акадэмію за тры гады да паступлення ў яе Стаброўскага) пісаў: “…Чысцякоў умеў на дзіва хутка развянчаць у вачах кожнага неафіта мары карціннага майстэрства ды бязглуздзіцы грамадскага служэння мастацтвам, і на месцы гэтага баласту запаліць любоў да таямніц мастацтва самадастатковага, мастацтва выбраннікаў…” Думаю, такія ж словы мог бы сказаць і Казімір Стаброўскі. Гэта — па яго! Дарэчы, Казімір наведваў Чысцякова па суботах нават у “неакадэмічны час”: на яго кватэры ў флігелі на 3-й лініі Васільеўскага вострава, дзе прафесар стварыў уласную мазаічную майстэрню для маладых сваіх выхаванцаў, бо ў самой Акадэміі такой магчымасці для яго не было. Сам жа Стаброўскі жыў непадалёк: здымаў пакой на рагу набярэжнай Нявы і 6-й лініі Васільеўскага вострава…

/i/content/pi/cult/398/8060/2-3.jpeg

Адважуся зрабіць здагадку, што ў першыя гады вучобы Стаброўскі мог зазіраць і ў студыі іншых прафесараў, акрамя Чысцякова: Івана Пажаласціна, Васіля Верашчагіна, Давіда Грыма, Багдана Вілевальдэ, Карла Веніга. Усе яны тады вялі свае майстэрні-класы, пакуль іх не змянілі дзёрзкія, рашучыя перадзвіжнікі. Амаль усіх “старых” аксакалаў звольнілі “з пенсіяй і мундзірам”. Прычым рэформа праводзілася пад патранатам прэзідэнта акадэміі, вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча і віцэ-прэзідэнта Івана Талстога, якія пазней пазбавіліся і ад непаслухмянага Куінджы…

Словам, новая рэформа закранула ўсіх, і асабліва — тых, каму да заканчэння Акадэміі заставалася ўсяго нічога, як нашаму Стаброўскаму. Тады ўжо можна было кожнаму студэнту самому выбраць сабе кіраўніка, і традыцыйны акадэмізм змяніўся поўнай свабодай творчасці. Выкладанне дзялілася на ніжэйшае і вышэйшае. Першае зводзілася да двух акадэмічных класаў — галоўнага і натурнага, другое — да спецыяльных майстэрняў, паспяховае заканчэнне якіх завершалася маляваннем праграмнай карціны на ўласную тэму. Гіпсавыя класы былі скасаваны. Рысавалі і пісалі толькі з натуршчыкаў. Але Стаброўскаму ўдалося прайсці ўсе этапы вучобы і ў дарэформеннай, і ў парэформеннай Акадэміі: ад антычных гіпсавых злепкаў ён натуральна перайшоў да “жывых мадэлей”.

З усіх старых прафесараў застаўся толькі “непатапляльны” Чысцякоў. Вось як успамінае гэты перыяд блізкі сябра Стаброўскага Мікалай Рэрых: “…У ім (Чысцякове. — Б.К.) шмат было ад прыроднага настаўніка. Своеасаблівасць меркаванняў і выказванняў прыцягвала ды запаміналася. Але ўсе мы імкнуліся хутчэй перайсці з натурнага класа ў майстэрню. Цяжкі быў выбар паміж Рэпіным і Куінджы не толькі таму, што адзін быў жанрыстам, а другі — пейзажыстам, але з-за самога характару гэтых майстроў…”. Рэрых тады з другога курса пайшоў да Куінджы, а Стаброўскі ў апошні год свайго навучання — да Рэпіна. Існавала легенда пра варожасць паміж рэпінцамі і куінджыстамі. На самой справе, гэтага ў прынцыпе не было, бо ўсе яны ставіліся адно да аднаго з павагай. Стаброўскі, напрыклад, незадоўга да сканчэння Акадэміі вельмі пасябраваў з “куінджыстамі” — земляком Фердынандам Рушчыцам, латышом Вільгельмам Пурвітам, грэкам Мікалаем Хімонам, палякам Канстанцінам Урублеўскім, рускімі Аркадзем Рыловым і Канстанцінам Багаеўскім — імёны, вартыя згадкі.

/i/content/pi/cult/398/8060/2-1.jpeg

Дарэчы, Стаброўскі ахвотна забягаў і ў майстэрню Куінджы. Думаю, Архіп Іванавіч зрабіў уплыў на Казіміра не меншы, чым Ілья Яфімавіч, а можа, і большы. Прынамсі, у маральным аспекце: у стаўленні да мастакоўскай працы. Аднойчы да Куінджы (па ўспамінах Рэрыха) прыйшоў малады мастак са сваімі творамі. Маэстра пахваліў яго, а той стаў скардзіцца, што яго мастацтву перашкаджаюць сям’я і служба. “Колькі вы гадзін на службе?” — спытаў Куінджы. — “Ад дзясятай раніцы да пятай вечара”. — “А што вы робіце ад чацвёртай да дзясятай?” — “Як гэта “ад чацвёртай”?” — “Менавіта ад чацвёртай раніцы”. — “Але я сплю!” І тады Архіп Іванавіч адрэзаў: “Значыць, вы праспіце ўсё жыццё! Калі я служыў рэтушорам у фатаграфіі, праца доўжылася ад дзясятай да шостай, але затое ўся раніца — ад чацвёртай да дзясятай — была ў маім распараджэнні. А каб стаць мастаком, хопіць і чатырох гадзін для сну кожны дзень…” Думаю, гэта не перашкаджала б ведаць і нашым сучасным маладым мастакам, ці не так?

А хто ж былі сакурснікі майго героя? Па архіўных матэрыялах дакладна вядома: жывапісцы Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, Рыгор Дзядчэнка, Хрыстафор Скарнякоў, Еліязар Палякоў, Мікалай Розанаў, Аляксандр Раеўскі і Мікалай Пракоф’еў, архітэктары Міхаіл Папоў, Феадосій Вахрушаў, Эмануіл Хаджаеў, Іван Тораў, Віктар Гіберцэтэль і Аляксандр Лішнеўскі, якія 4 — 5 лістапада 1894-га разам са Стаброўскім абаранілі свае “праграмы” і атрымалі званні класных мастакоў. Праўда, Богуш-Сестранцэвіч якраз у гэтым годзе падаў у Савет Акадэміі прашэнне, у якім заявіў аб нежаданні працягваць навучанне ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Можа, радыкальныя рэформы яго не задаволілі? Невядома.

У адзін час з Казімірам (канец 1880-х — першая палова 1890-х) вучыліся Ігар Грабар, Маісей Сляпян, Андрэй Дайнэка, Дзмітрый Шчарбіноўскі, Леў Антакольскі (сын вілянчаніна, знакамітага скульптара Марка Антакольскага), Дзмітрый Кіплік, Аляксей Кашчанка, Мікалай Мурашка, Філіп Малявін, Пётр Арклін, Яўген Кенке, Варвара Астаф’ева, Хрысціян Раўд і згаданы вышэй Мікалай Рэрых. Не ўсе яны сёння вядомыя, але кожны з іх так ці інакш зрабіў сваю справу, а некаторыя сталі “зоркамі” сусветнага жывапісу ХХ стагоддзя, у тым ліку М.Рэрых, Ф.Рушчыц і Ф.Малявін.

Мікалай Рэрых скончыў Акадэмію пазней за Стаброўскага, але яны вельмі моцна пасябравалі не толькі на глебе агульных інтарэсаў у жывапісе, але і дзякуючы захапленню тэасофіяй у духу Алены Блавацкай, якая пайшла з жыцця яшчэ ў час навучання гэтых маладых людзей — у 1891-м. Ці не адсюль у хуткім часе зарадзіўся той самы сімвалічны жывапіс Стаброўскага, з якім ён, былы рэаліст-часцяковец, чалавек, што вельмі любіў творчасць Рэпіна, і ўвайшоў у гісторыю мастацтва? Канешне ж, адсюль...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"