Партрэтны “экшн”

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Што “працуе” на фотавыстаўку?

Напэўна, кожнаму пасажыру Мінскага метрапалітэна запомнілася афіша гэтай выстаўкі Нацыянальнага гістарычнага музея ў фармаце чорна-белага здымка з выявай маладога ваеннага. Старое фота  — як сродак расповеду гісторыі і візуальны “ўкол”, элемент прыцягнення ўвагі — ход, якi інтрыгуе.

Першае, што ўражвае на выстаўцы, — гэта візуальная падача. Вялізныя планшэты з выявай Сяргея Вайцэхоўскага ў розныя гады — вабяць вока і надаюць адчуванне своеасаблівага асабістага знаёмства з героем. Памер здымка — у чалавечы рост. Побач — розныя гістарычныя артэфакты: дакументы, кнігі, значкі, узнагароды, — але ж галоўны візуальны акцэнт зроблены на фатаграфію. І гэта — “працуе”.

/i/content/pi/cult/398/8059/1-7.jpeg

Ініцыятарам і арганізатарам выстаўкі пра Сяргея Вайцэхоўскага, пры непасрэдным удзеле Нацыянальнага гістарычнага музея, стала сям’я Радаевых, якая прамога дачынення да гэтай асобы не мае. Апантаныя “шукальнікі гістарычнай спадчыны” Іна і Аляксандр Радаевы даведаліся пра “генерала дзвюх армій” зусім выпадкова: будучы ў Празе два гады таму, яны ў краме натрапілі на выданне нарысаў аб лёсах эмігрантаў “Дом у выгнанні”. У ім пара і прачытала пра трагічны лёс ваеннага з Віцебска.

— Лёс Вайцэхоўскага настолькі нас крануў, што захацелася адкрыць гэтае незаслужана забытае імя як мага большай колькасці людзей, асабліва тут, у Беларусі, — на яго радзіме, — распавядае Аляксандр. — І мы распачалі пошукі…

Дык чым жа выбітны гэты ваенны з бездакорнай выпраўкай і ўважлівым позіркам?

Сяргей Вайцэхоўскі нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў Віцебску ў 1883 годзе. Пасля заканчэння вайсковых навучальных устаноў ён служыў у Маскоўскай ваеннай акрузе, на Каўказе, Далёкім Усходзе. У час Першай сусветнай ваяваў на тэрыторыі Беларусі, дзе на лініі фронту “Вілейка — Маладзечна” атрымаў раненне. У 1917-м яго прызначылі начальнікам штаба 1-й Чэхаславацкай стралковай дэвізіі, якая была сфарміравана ў складзе рускай арміі на Паўднёва-Заходнiм фронце.

Тут Сяргея Мікалаевіча і заспелі звесткі аб кастрычніцкіх падзеях. Ён робіць свой выбар: не прымае новай улады, працягваючы службу ў чэхаславацкім легіёне. Тут сустракаецца ў баях з “чырвонымі” военачальнікамі — будучымi савецкімi маршаламi Тухачэўскім i Блюхерам. У кастрычніку 1918-га ў 35 гадоў Сяргей Вайцэхоўскі быў узведзены ў генеральскі чын.

Лёс земляка на той час непасрэдна звязаны з фігурай адмiрала Калчака. Менавіта ў яго армію, папрасіўшы адстаўку ў чэхаславакаў, ён і сыходзіць на пачатку 1919 года. Але на гэтым “экшн” жыцця Вайцэхоўскага не заканчваецца.

Эміграцыя (спачатку — у Канстанцiнопаль, а потым — ізноў у Чэхаславакію), новае грамадзянства — і прапанова ад чэхаславацкага Урада прадоўжыць ваенную службу. Без сумневу, гэта адна з самых бліскучых кар’ер нашага земляка на ваеннай службе ў эміграцыі. Пад час Мюнхенскага крызісу 1938 года Сяргей Мікалаевіч з’яўляўся прыхільнікам узброенага супрацьстаяння германскай агрэсіі, і гэта паслужыла падставай для адпраўкі ў адстаўку 1 красавіка 1939-га.

У 1943 годзе ўжо немцы звяртаюцца да Вайцэхоўскага прапановай прыйсці на месца генерала Уласава. Але і тут Сяргей Мікалаевіч адмаўляецца. Тым не менш, праз два гады ён быў арыштаваны ў Празе органамі савецкай контрразведкі, вывезены ў Маскву, дзе яго асудзілі за ўдзел у белагвардзейскім руху на дзесяць гадоў папраўчых лагераў. Там, у лагернай бальніцы Азерлага паблізу горада Тайшэт Іркуцкай вобласцi, ён і пайшоў з жыцця ў 1951 годзе, так і не дачакаўшыся вызвалення…

Толькі ў 1996-м Вайцэхоўскі быў рэабілітаваны, а ў наступным годзе Указам Прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела ён быў уганараваны ордэнам Белага Льва 3-й ступені за ваенныя заслугі — найвышэйшай узнагародай Чэшскай Рэспублікі…

Вернемся да выстаўкі. Рупліўцы Радаевы праз выдавецтва звязаліся з рускай дыяспарай у Чэхіі і пачалі збіраць інфармацыю пра асобу Вайцэхоўскага. Дзякуючы дапамозе кіраўніка чэшскай дыпмісіі ў Беларусі Іржы Караса, энтузіясты змаглі атрымаць доступ у Ваенна-гістарычны інстытут, Цэнтральны ваенны архіў у Празе, звязацца з нашчадкамі Вайцэхоўскага ў ЗША, якія прадаставілі экспанаты для выстаўкі. Больш за тое: калі матэрыялаў стала дастаткова, Радаевы вырашылі набыць пэўныя прадметы для фарміравання экспазіцыі. Тыя ж лісты аўстра-венгерскіх ваеннапалонных — чэхаў па нацыянальнасці, якiя яны пісалі ў лагерах у Вілейцы і Радашковічах сваім родным у 1917 годзе, даследчыкі-энтузіясты цудам адшукалі на “блышыным рынку”…

— Мы маем значны досвед у гэтай справе — арганізацыі выставачнай прасторы, — раскрыў карты Аляксандр Радаеў, — але ж упершыню зрабілі падобную экспазіцыю — абапіраючыся на гісторыка-фатаграфічны матэрыял.

І, як падаецца аўтару гэтых радкоў, рашэнне апраўданае.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"