"Маладосць на маршы" да... прадзюсараў

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Крысцін К. Уокер, старшыня міжнароднага журы кінематаграфістаў конкурсу "Маладосць на маршы", прадзюсар (ЗША)

— Як вы даведаліся пра Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”? Што прывабіла вас у гэтым форуме ды прымусіла ляцець праз акіян, каб узначаліць журы яго маладзёжнага конкурсу?

— З праграмным дырэктарам фестывалю Ігарам Сукманавым мы пазнаёміліся ў Злучаных Штатах, куды ён прыехаў у складзе міжнароднай групы кінематаграфістаў. Агульная тэма для размоў у нас з’явілася адразу: Ігар аказаўся вялікім прыхільнікам стужкі Бэлы Тара “Турынскі конь”, да якой я маю пэўнае дачыненне. Яе паказ адбыўся на леташнім “Лістападзе”, і, натуральна, мне было прыемна даведацца, што мінскі глядач прыняў гэты даволі складаны фільм надзвычай прыязна.

Таму калі праз колькі месяцаў Ігар запрасіў мяне да ўдзелу ў фестывальным журы, я без ваганняў пагадзілася, палічыўшы за гонар магчымасць наведаць Беларусь і непасрэдна фестываль “Лістапад”. Яшчэ большым гонарам для мяне стала прапанова ўзначаліць журы конкурсу “новых кінематаграфістаў”. Мне шмат разоў даводзілася выступаць прадзюсарам фільмаў маладых рэжысёраў, робячы свой унёсак у важную справу “прасоўвання” новых імёнаў на вялікі экран. І вось з’явілася яшчэ адна цудоўная магчымасць спрычыніцца да гэтага працэсу  — цяпер ужо ў ролі старшыні журы конкурсу “Маладосць на маршы”. Спадзяюся на прыемныя адкрыцці ды яркія індывідуальнасці, чый даробак варты ўвагі міжнароднай аўдыторыі

/i/content/pi/cult/398/8056/1-2.jpeg

 — Звыклае пытанне для старшыні журы: якога кшталту фільмы вы любіце? Без сумневу, гэтыя ўпадабанні ўплываюць і на крытэрыі ацэнкі...

— Гэта складанае пытанне, бо я люблю так шмат розных стужак… Чацвёрка маіх фаварытаў — гэта “У джазе толькі дзяўчаты, або Некаторыя любяць пагарачэй“ Білі Уайльдэра, “Сем самураяў” Акіры Курасавы, “Шукальнікі” Джона Форда ды “Попел і алмаз” Анджэя Вайды. Гэтыя фільмы даюць папраўдзе глыбокае і вычарпальнае разуменне крытэрыяў добрай стужкі: дасканалае даследаванне і ўвасабленне характараў, высокі ўзровень мастацкага аздаблення, здымачнай кампазіцыі, працы са святлом, гукавога аздаблення, музыкі і, вядома ж, акцёрскай ігры. Маладыя рэжысёры, якія замахваюцца на такі маштаб, выклікаюць у мяне шчырае захапленне.

— Вы назвалі толькі класічныя фільмы, і гэта наводзіць на пэўную думку...

— Што вы! Сёння таксама багата выбітных індывідуальнасцей, якія пашыраюць межы звыклага кінанаратыву і рознымі спосабамі дасягаюць аднолькава ўражальных вынікаў. Згадаю і смелую дзёрзкасць “Голаду” Стыва МакКуіна, і правакацыйнае хараство стужкі “Я бачыў д’ябла” Кім Чжы Уна, і заблытаны пазл “Разводу” Асгара Фархадзі. Дадзеныя карціны аб’ядноўвае тое, што ўсе яны адлюстроўваюць свет як бы ў іншым ракурсе, адкрываючы гэтае новае бачанне і для нас. На маю думку, найлепшыя фільмы — гэта тыя, што пашыраюць межы кінематографа, звяртаючыся, у той самы час, да ўніверсальных тэм.

Што да крытэрыяў... У якасці члена журы я буду ацэньваць усе конкурсныя стужкі паводле тых самых высокіх стандартаў, якія ўсталявалі згаданыя вышэй рэжысёры. Зрэшты, паколькі я таксама непасрэдна працую ў кінавытворчасці, дык цудоўна разумею, наколькі складана бывае дасягнуць належных вынікаў, асабліва калі ты маеш абмежаваныя рэсурсы. І таму ў ліку іншых крытэрыяў адзначыла б таксама ўнікальнасць бачання і тое, наколькі крэатыўным быў рэжысёр у сваім падыходзе да матэрыялу. Заўсёды ўхваляю пэўную рызыку: адважнасць для мяне нават больш важная, чым дасканалае выкананне.

Урэшце, сярод крытэрыяў для мяне важная таксама і сапраўднасць. Пытанне, якое я задаю сама сабе ды тым кінематаграфістам, з якімі я супрацоўнічаю: ці “купіць” гэта аўдыторыя? Ці прыме глядач той свет, які ты стварыў? Рэжысёры робяць свае творы для пэўнай аўдыторыі, і мы павінны браць пад увагу непазбежную ў такім выпадку адказнасць…

— Вы з’яўляецеся старшынёй кінакампаніі “New Globe” і адным з заснавальнікаў кампаніі “Werc Werk Works”, якая дапамагае незалежным рэжысёрам. Ці складана ў наш час запаліць новую зорку кінематографа?

 — Думаю, у Амерыцы гэта куды складаней, чым за яе межамі. Для таго, каб займець хоць які бюджэт для сваіх пастановак, амерыканскія незалежныя рэжысёры мусяць дзейнічаць паводле тых самых схем, што і іхнія калегі з Галівуда. Вядома, большасць фінансавых кампаній разумее: укладанне сродкаў у стужкі з удзелам суперзорак альбо ў жанравыя фільмы — гэта куды больш гарантаваны спосаб вяртання іх інвестыцый, такія праекты маюць нашмат больш шанцаў прыцягнуць шырокую аўдыторыю ды атрымаць добрыя зборы. Натуральна, падобныя фактары надта абмяжоўваюць маладых рэжысёраў. Нам у “Werc Werk Works” ужо не прызвычайвацца ісці на фінансавую рызыку, але нават мы куды з большай ахвотай бяромся за фільмы, у цітрах якіх пазначаны гучныя імёны.

У той самы час, у многіх еўрапейскіх краінах існуе куды больш разгалінаваная схема дзяржаўнай падтрымкі кінавытворчасці. Ды і крытэрыі ацэнкі факусіруюцца ў большай ступені менавіта на мастацкіх ды культурных вартасцях стужкі, а не на яе камерцыйнай перспектыве. На маю думку, такія варункі ствараюць больш умоў для прадзюсарскай рызыкі ў незалежным кіно і, адпаведна, для развіцця кар’еры маладых рэжысёраў. Прыкладам фільм “Factotum” рэжысёра Бента Хамера, прадзюсарам якога я з’яўлялася, у значнай ступені быў прафінансаваны Урадам Нарвегіі — і гэта прытым, што мы здымалі яго выключна ў Злучаных Штатах! Так, гэта быў незвычайны выпадак, але ён красамоўна выяўляе памкненне гэтай краіны падтрымліваць кінематаграфістаў, каму ўласціва адметная скандынаўская пачуццёвасць.

Адной з амерыканскіх выбітных стужак апошняга часу стаў фільм “Звяры Дзікага Поўдня” рэжысёра Бэна Зайтліна, які атрымаў Гран-пры журы на фестывалі “Sundance” і прыз ФІПРЭСІ ў Канах. Гэты спакойны чароўны фільм з’явіўся на свет дзякуючы супольнай падтрымцы неймавернай колькасці грантадаўцаў і кінаарганізацый. Спалучыць іх у адным праекце — гэта вельмі складаная праца. Але, у той самы час, яна спараджае выбітныя мастацкія вынікі!

— Ці жадаеце пазнаёміцца з маладым беларускім кіно?

— Безумоўна! Спадзяюся, што гэтае знаёмства будзе прыемным!..