Ін'екцыя натхнення

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Пасябраваць з журы… Не будзе памылкай сказаць, што пра гэта марыць амаль кожны ўдзельнік фестывалю. Прызнацца, пазнаёміцца бліжэй з гэтай прадстаўнічай і прызнанай у свеце кіно публікай паспрабавала і “К”. Напярэдадні “Лістапада” мы звязаліся са старшынямі журы, задаўшы шэраг нескладаных пытанняў, і — што надзвычай прыемна! — нягледзячы на надзвычайную занятасць кінематаграфістаў, атрымалі адказы на іх.

Андрэй ЗВЯГІНЦАЎ, старшыня міжнароднага журы асноўнага конкурсу ігравога кіно “Лістапада”, рэжысёр, кінасцэнарыст, прызёр Венецыянскага і Канскага кінафестываляў (Расія)

/i/content/pi/cult/398/8055/1-1.jpeg

— Андрэй, несумненнай удачай “Лістапада” з’яўляецца ваша згода ўзначаліць міжнароднае журы кінематаграфістаў асноўнага конкурсу ігравога кіно. Вядома, што вы ўпершыню будзеце выступаць у гэтай ролі. Ці адразу вы далі згоду на прапанову дырэкцыі? Якія чаканні звязаны ў вас з мінскім кінафорумам?

— Чаканні, па завядзёнцы, усё тыя ж: сустрэча з талентам — як мінімум, і з буйнымі творамі кінематаграфічнага мастацтва — гэта як максімум. Такога кіно ў свеце, на жаль, робіцца не так шмат, як усім нам хацелася б, але калі цуд адбываецца, то, пагадзіцеся, напаўняешся вялікай радасцю ад гэтай сустрэчы з прыгожым. Вось чаго я чакаю — атрымаць ін’екцыю радасці і натхнення для ўласнай творчасці.

Перамовы аб маім удзеле ў “Лістападзе” распачаліся яшчэ вясной гэтага года, і, паколькі ў мяне не было на той момант аніякіх абавязкаў на восень, я хутка даў згоду. Троху пазней атрымалася так, што мы, на шчасце, запусціліся з новым фільмам, але абяцанне фестывалю было ўжо дадзена. Такім чынам, мне давялося ўпісаць у свой рабочы графік паездку ў Мінск. Не шкадую аб тым, што зрабіў паўзу ў працы: для ўласнага творчага працэсу вельмі карысна змяніць абстаноўку ці нават ракурс погляду, што лёгка атрымліваецца на мерапрыемствах такога кшталту.

 — Якія вашы крытэрыі таленавітага кіно?

 — На маю думку, аніякіх крытэрыяў не існуе — сэрца беспамылкова вызначае, таленавіта гэта або не. І няма сэнсу, як мне падаецца, разважаць на гэтыя тэмы. Тым больш, што, як вядома, колькі людзей, столькі меркаванняў. У кожнага сэрца б’ецца ў сваім уласным рытме. Я неаднойчы сутыкаўся з дыяметральна супрацьлеглымі меркаваннямі пра адзін і той жа прадмет людзей, якім аднолькава давяраю. І як тут быць? Магчыма, толькі час расставіць усё на свае месцы, бо існуюць жа ў гэтым свеце бясспрэчныя шэдэўры, якія атрымалі прызнанне многіх і якіх не кранае карозія часу.

Хоць і тут здараюцца казусы. Памятаеце гісторыю з Фаінай Ранеўскай, калі, стоячы ў музеі насупраць “Джаконды”, яна пачула ціхі каментарый наведвальніка: “Ну і што тут такога асаблівага? На мяне асабіста яна не зрабіла аніякага ўражання”. Ранеўская скарысталася нагодай зрабіць дасціпную заўвагу. Праз невялічкую паўзу яна ціха, але так, каб чулі ўсе, прамовіла: “Ведаеце, гэтая дама за апошнія чатырыста гадоў столькіх ужо ўразіла, што зараз сама можа выбіраць, на каго ёй рабіць уражанне…”

—Фільмам-адкрыццём “Лістапада” мінулага года была ваша стужка “Алена”. Да гэтай пары памятаю, як “гаманіў” увесь Мінск, абмяркоўваючы гэткі моцны пачын форуму...

— Ніколі не намагаюся апраўдаць чаканні публікі — як будзе, так і будзе. Вядома, усялякаму чалавеку хочацца, каб яго пачулі, зразумелі, але не варта прыкладаць якіясьці намаганні спецыяльна дзеля таго, каб адпавядаць публіцы. Публіка чакае ад цябе не лаяльнасці ды патурання ейнаму густу, — гэта мяшчанскае патрабаванне. Сапраўдная публіка чакае ад цябе дзёрзкага, смелага рашэння, самастойнасці і незалежнасці не толькі ад рэгламентаваных каштоўнасцей, але і ад яе самой з яе чаканнямі…

— “Алена” стала крыху нечаканай карцінай для вашага гледача, да каго далучаю і сябе, — у тым сэнсе, што мы ўбачылі кіно сацыяльнае, вострае, злабадзённае, якое адрозніваецца ад вашых папярэдніх фільмаў. Ці значыць гэта, што “Алена” стала ў чымсьці паваротнай стужкай у вашай творчасці?

— Не думаю, што пакрыўлю душой, калі скажу, што кожная мая карціна з’яўляецца для мяне паваротнай. Фільм “Алена” — гэта гісторыя, распаведзеная на сучасным матэрыяле, на сённяшняй фактуры, і не больш за тое. Дакладна такая ж гісторыя магла здарыцца дзе заўгодна і ў які заўгодна гістарычны час — сэнс яе застаўся б тым самым. Проста, кінутая ў рэаліі нашых дзён, яна для многіх набыла дадатковую актуальнасць, або, як вы кажаце, злабадзённасць. Шкада, што гэты ж глядач у гісторыях “Вяртанне” або “Выгнанне” не бачыць гэткай жа дакладнай вастрыні ды сучаснасці. Няўжо толькі з-за размытасці межаў часу і прасторы яны не падаюцца яму такімі? Бо так лёгка разгледзець за гэтымі ўмоўнымі рысамі гісторыі, якія заўжды будуць актуальныя ды злабадзённыя… Што можа быць больш сучасным, чым вечныя сюжэты ды перыпетыі душэўных драм чалавека?..

 — Цікава даведацца, ад чаго адцягвае вашу ўвагу “Лістапад”?

— Яшчэ ад аднаго гэткага ж вечнага сюжэта (усміхаецца). У сярэдзіне ліпеня мы запусціліся ў падрыхтоўчы перыяд, і на сённяшні дзень ужо адшукалі цудоўную натуру для здымак. Да сярэдзіны — канца лістапада скончым, спадзяюся, напісанне першага драфта сцэнарыя. А далей — праца над рэжысёрскім і пошукі акцёраў. Гэта будзе сучасная правінцыйная драма пад рабочай назвай “Левіяфан”. Вось, уласна, і ўсё, што пакуль магу сказаць пра гэта…

На здымку: Андрэй Звягінцаў у атачэнні журналістаў пад час мінулага "Лістапада".