Скарэнне кабарэ

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Усё змяшалася ў іерархіі жанраў. У той час як нават салісты філармоніі імкнуцца да тэатралізаваных канцэртаў, дзе асобныя нумары з’яднаны скразной лініяй развіцця, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прыйшоў да “Местачковага кабарэ” (рэжысёр — Мікалай Пінігін), дзе асобныя сюжэтныя лініі ператвараюцца ў гала-канцэртны вінегрэт, прыпраўлены яўрэйскім гумарам. Можа, і сапраўды сімвалічна, што прэм’ера спектакля (так і хочацца сказаць: канцэрта) прыпала на Хэлаўін, калі мы ўсміхаемся маскам-”пярэваратням”?

Не, нічога “жудаснага”, каб напужала нас “да смерці”, у спектаклі няма і быць не можа. Бо ўжо сам жанр кабарэ скіраваны на забаўляльнасць, песні, танцы, лёгкі гумар, нязмушанае баўленне часу — усё тое, што разам з келіхам добрага віна павінна ўпрыгожыць вечарыну мясцовай элітнай публікі. Кабарэ, хаця і перакладаецца ўсяго толькі як “карчомка”, нарадзіла і аднайменны жанр. Бо, у адрозненне ад іншых піцейна-ежавых устаноў, разлік там рабіўся не на смажанага кабана, ды пад гарэлку, што ліецца ракой, а менавіта на “культурную праграму”, якая сама па сабе можа быць цікавай для наведвальнікаў. У Германіі ўвогуле праз кабарэ, назва якога перакладалася як “Маляўнічы (стракаты) тэатр”, збіраліся выхоўваць ледзь не “звышчалавека”.

/i/content/pi/cult/398/8054/2-1.jpeg

Купалаўскі тэатр, падобна на тое, ніякіх такіх “звышзадач” не ставіў. І правільна! Колькі можна выхоўваць? Тым больш, што “новы чалавек” (чытай: глядач) у нас ужо з’явіўся. Ён ідзе ў тэатр не столькі думаць і перажываць, колькі — адпачыць пасля працоўных будняў. І ў гэтым сэнсе новая пастаноўка — акурат для яго. Тым не менш, яна выхоўвае-такі нацыянальную свядомасць, бо кабарэ ў нас не абы-якое, а — “местачковае”, якое магло б (цытую прэз-рэліз) “...насамрэч існаваць у Слоніме, Баранавічах, Гародні ці іншых гарадах і мястэчках Заходняй Беларусі дзе-небудзь у 1930-я гады...”. Вось і змяшаны ў ім тры мовы: беларуская, польская, ідыш. А гэта значыць, што прэм’ера мае таксама асветніцкі характар — тым больш, вядучы Аляксандр Казела дасціпна тлумачыць усе незнаёмыя шырокай публіцы тэрміны.

У аснову музычнага матэрыялу легла творчасць Мар’яна Хемара — яўрэя родам з Львова, які ва ўзросце 24-х гадоў пераехаў у Варшаву і стаў сапраўдным класікам польскай даваеннай песні. Яго шлягеры, адноўленыя польскімі музыказнаўцамі і выдадзеныя на кампакт-дыску, трапілі да купалаўцаў пасля пастаноўкі “Пінскай шляхты” ў Польшчы. Уладзімір Кур’ян, якога можна назваць класікам сучаснай беларускай музыкі, зрабіў надзвычай “смачныя”, сакавітыя аранжыроўкі для інструментальнага ансамбля з шасці чалавек — са шляхетнымі “тупаннямі” і нават сольнай “прытанцоўкай” кантрабаса, не толькі з голасам, але і са “свістам” ды іншымі спецэфектамі кларнета, па-майстэрску прыпраўленымі ўдарнымі.

/i/content/pi/cult/398/8054/2-2.jpeg

Купалаўцы спраўляюцца з песнямі-танцамі (харэограф — Наталля Карчэўская) на “выдатна”. Некаторых артыстаў так і хочацца назваць салістамі Музычнага тэатра, тым больш, што Юлія Шпілеўская заўсёды гэта паспяхова сумяшчала. А тая ж Ганна Хітрык, пасля гурта “Дзецідзяцей” склаўшы іншы — “Sounduk”, акурат заўтра дае з ім сольнік у Маладзёжным тэатры эстрады, дзе прэзентуе новы альбом “Том ІІ”. Ну а такой сапраўднай “прымадонне”, як Зоя Белахвосцік, якая тут працягвае раскрываць яшчэ і яркі камедыйны дар, “скарылася” нават да немагчымасці Фігара з оперы Расіні “Севільскі цырульнік”. Вядома, каваціна была адаптавана да яе голасу і ішла ў больш запаволеным тэмпе, каб было добра чуваць перайначаныя словы, з якімі жонка, вымушаная рабіць сто спраў адначасова, звяртаецца да мужа, здатнага хіба “закрыцца” ад яе газетай (чым не нумар для “капусніка”?). А ёсць яшчэ шмонцэсы — тэатралізаваныя яўрэйскія анекдоты, дзе “дуэціруюць” народныя артысты Беларусі Віктар Манаеў і Сяргей Журавель.

/i/content/pi/cult/398/8054/2-3.jpeg

Праўда, некаторыя нумары, балансуючы на мяжы добрага густу, усё ж патрабуюць большай вытанчанасці, “грацыёзнасці” гумару і выканання. А галоўнае — калі кабарэ перанесена на сцэну тэатра, дык патрэбна адно з двух: ці ў зале расстаўляць столікі, ці “апраўдваць” прыкручаныя да падлогі рады крэслаў. Другое, пэўна, зрабіць прасцей. Можа, гэта адбудзецца ў наступным “нацыянальным кабарэ”? Была ж калісьці закладзеная яшчэ тэатрам Ігната Буйніцкага традыцыя “народных абрадаў на сцэне”. Яе адбіткі можна заўважыць нават у славутай купалаўскай “Паўлінцы”, дзе ледзь не палову спектакля займае сямейная вечарына з песнямі-танцамі. Але ж як там усё гэта “ўкладзена” ў сюжэтнае развіццё!

Нумары кабарэ таксама хочацца “адцяніць”. Ды не “ўключэннямі” гродзенскага барда Віктара Шалкевіча! Іншастылёвыя, з апорай на цяперашні, хай сабе і беларускі, “шансон”, яны зусім, прабачце, “з іншай оперы”. Да месца прыйшліся б нейкія, хаця б пункцірныя, узаемаадносіны наведвальнікаў ці саміх артыстаў кабарэ. Тым больш, што і зараз тыя “хтосьці”, бы “прывіды” тэатра абсурду з яго эстэтыкай няспраўджаных надзей (а сярод іх нават такі бліскучы акцёр, як Павел Харланчук), раз-пораз узнікаюць за столікамі на сцэне...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"