Рэжысура варажбы

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Магілёўшчына: сучаснасць мінуўшчыны

Святочныя мерапрыемствы тут ідуць шчыльным шэрагам: канцэрты, урачыстыя прыёмы, музычна-забаўляльныя праграмы, тэатралізаваныя шэсці, відовішчы, конкурсы і фестывалі… Асобным пунктам стаяць народныя святы каляндарнага цыкла. Традыцыі, якія цягам вякоў бытавалі ў беларускіх вёсках, сёння актыўна адраджаюцца, наноў асэнсоўваюцца.

Сёлета Магілёўскаму гарадскому цэнтру культуры і вольнага часу споўнілася сорак пяць гадоў.

/i/content/pi/cult/398/8047/1-4.jpeg

Асабліва далікатнага падыходу да адраджэння нацыянальных традыцый патрабуе праца метадыстаў і рэжысёраў. Трансфармаваць абрад у суадноснасці з сучаснымі патрабаваннямі гледача, зрабіць актуальны сцэнічна-пастановачны варыянт свята, захаваўшы глыбіню, сімволіку і нацыянальны каларыт, — вось асноўныя нашы задачы.

У рэпертуары фальклорных калектываў Цэнтра — беларускія народныя песні, у тым ліку і рэгіянальныя. Метадысты, ствараючы сцэнарыі на нацыянальнай аснове, не толькі звяртаюцца да кніг ды артыкулаў знакамітых даследчыкаў фальклору, але і рупліва збіраюць мясцовы матэрыял.

Напрыклад, варажба — неад’емная частка любога народнага свята і абраду. І ў “купальскай” Александрыі, і ў “дажынкавых” Горках на сваіх пляцоўках метадысты Магілёўскага ГЦКіВЧ уключалі ў праграму, акрамя іншых абрадавых элементаў, варожбы. Напрыклад, на “Дажынках” варажылі на дажыначных снапках: у які бок снапок упадзе, адтуль дзяўчыне і чакаць сватоў. На Пакроў, 14 кастрычніка, магілёўскія дзяўчаты кідалі пару чаравікаў праз вяроўку: калі пара пералятала, дык гэта азначала, што дзяўчына “будзе ў пары”.

Але ў Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу — спецыялісты не толькі па варожбах. Добра вядомыя іхнія гульнёвыя праграмы на кірмашах ды народных святах. А сцэнічныя канцэртныя нумары — вакальныя, харэаграфічныя — кожны раз радуюць гледачоў арганічным знітаваннем традыцыйнага фальклорнага матэрыялу ды сучасных выразных сродкаў.

— Збіраем, захоўваем, развіваем нашу культурную спадчыну па ўсіх напрамках, — распавядае дырэктар Цэнтра Вікторыя Максімава. — Пры нашай установе дзейнічае рыцарскі клуб, працуюць народныя майстры, фальклорныя вакальныя і харэаграфічныя ансамблі... Нашы народныя тэатры ў сваіх пастаноўках звяртаюцца да беларускіх легенд ды паданняў...

Алена БЕЛАНОЖКА, метадыст Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу