У пошуках страчанага чытача

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Кніганоша — яшчэ патрэба часу для аддаленых вёсак, а электронная кніга пакуль… выклікае ўсмешку

Он-лайн-канферэнцыя: бібліятэчная палітыка рэгіёнаў

Мы працягваем аналіз развіцця бібліятэчнай справы ў рэспубліцы. Сённяшняя он-лайн-канферэнцыя — чарговая спроба разабрацца ў тым, чаму жыхары краіны чытаюць без карысці для сябе, чаму кепска ведаем родную мову, робім памылкі не толькі ў сачыненнях, але і ў службовых паперах, абвестках, на шыльдах і бігбордах, чаму ў Год кнігі мы яшчэ толькі вучымся шанаваць мову… На дадзеныя ды іншыя, не менш надзённыя, пытанні гэтым разам адказваюць дырэктары цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм з самых розных раёнаў Беларусі: Карэліцкага — Лілія АРЦЮХ, Бялыніцкага — Ірына КОННАВА, Жыткавіцкага — Людміла КРОНДА, Крупскага — Наталля КУПРЫЯНАВА, Драгічынскага — Наталля КАРАЛЮК, Ушацкага — Ларыса ГОЛУБ.

Падбор субяседнікаў, як вы здагадаліся, — невыпадковы. ЦБС — своеасаблівы штаб, дзе распрацоўваюцца ды рэалізоўваюцца стратэгія і тактыка бібліятэчнага ўдасканалення ў межах кожнага раёна. Прынамсі, так яно павінна быць. А як справы ідуць насамрэч, пабачым з нашай сённяшняй гаворкі.

/i/content/pi/cult/398/8044/1-2.jpeg

adm:

— Мы шчыра вітаем удзельнікаў нашай чарговай он-лайн-канферэнцыі! І адразу пачнём з “вузкіх месцаў” бібліятэчнай справы. Якія праблемы турбуюць найперш?

ushachy:

 — Асноўныя праблемы развіцця бібліятэчнай справы, відаць, — аднолькавыя ва ўсёй рэспубліцы: недастатковае фінансаванне, адсутнасць у ЦБС статуса юрыдычнай асобы, састарэлая заканадаўчая і слабая матэрыяльна-тэхнічная базы. Апошняе асабліва датычыцца памяшканняў бібліятэк Ушацкай ЦБС. Раённая бібліятэка знаходзіцца ў цесным, халодным будынку 1959 года. Не ва ўсіх бібліятэках аграгарадкоў зроблены рамонт, што ўжо казаць пра звычайныя сельскія бібліятэкі… У многіх з іх у зімовы час тэмпература апускаецца ніжэй за нулявую адзнаку...

karelichy:

 — Надзвычай хвалюе слабая матэрыяльна-тэхнічная база нашых устаноў. Бібліятэкі патрабуюць рамонту, новага сучаснага абсталявання. Камп’ютарны парк ЦБС — 24 машыны. Быццам, нямала, аднак магутнасць далёка не ўсіх камп’ютараў адпавядае сучасным патрабаванням. Карацей, мадэрнізацыя тэхнікі — справа неадкладная…

bialуnichy:

— А ў нас праблема з бібліятэчнымі будынкамі: амаль 40 працэнтаў ад агульнай колькасці ўстаноў маюць памяшканні плошчай да 50 квадратных метраў. Бібліятэкі пры гэтым не могуць паспяхова функцыянаваць: належным чынам захоўваць кніжны фонд, нармальна абслугоўваць карыстальнікаў, арганізоўваць цікавую культурна-масавую дзейнасць…

Не мае сталага прыстасаванага памяшкання Цэнтральная раённая бібліятэка. Будаўніцтва новай магчымае, відаць, толькі пры фінансавай падтрымцы рэспублікі. Патрэбна, як падаецца, дзяржаўнае мэтавае фінансаванне на будаўніцтва і рэканструкцыю бібліятэк.

dragichyn:

 — Недастатковае фінансаванне адмоўна адбіваецца на тэхнічным абсталяванні бібліятэк, на якасці кніжнага фонду. У выніку зніжаецца чытацкая актыўнасць насельніцтва…

krupki:

 — Патрэбна, як мне падаецца, удасканаленне сістэмы інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва. Інакш кажучы, я — за аптымізацыю сельскай бібліятэчнай справы.

adm:

 — А што канкрэтна маеце на ўвазе?

krupki:

 — Інтэграцыю сельскіх публічных і школьных бібліятэк, а таксама — стварэнне ўстаноў культуры змяшанага тыпу.

zhytkavichy:

 — Сярод праблем не магу не назваць самую для нас балючую: маю на ўвазе якаснае папаўненне бібліятэчных фондаў. Стрымліванне спісання цягам некалькіх гадоў прывяло да таго, што нашы бібліятэчныя фонды ў значнай ступені састарэлі.

adm:

 — Што з фондамі ў іншых бібліятэках?

karelichy:

— У фондах бібліятэк шмат састарэлай літаратуры, таму што працэнт фондавага абнаўлення — нізкі. Станоўчая дынаміка іх папаўнення стала магчымай у выніку безумоўнага выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы. Штогод на камплектаванне фондаў выдзяляецца звыш 15 працэнтаў ад бюджэтнага фінансавання на ўтрыманне бібліятэк. Набываем літаратуру для дзяцей, даведачныя, энцыклапедычныя, вучэбныя і мастацкія выданні.

bialynichy:

 — Сёння сукупны фонд бібліятэк раёна — больш за 250 тысяч экзэмпляраў. За дзевяць месяцаў бягучага года на набыццё навінак выдаткавана звыш 17 працэнтаў грошай ад агульнага фінансавання ўстаноў, у выніку займелі больш за 12 тысяч экзэмпляраў новых кніг. Дарэчы, за набыццё сацыяльна значнай літаратуры летась мы былі адзначаны дыпломам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь… Але ў фондзе яшчэ шмат дублетнай, састарэлай па змесце і зношанай матэрыяльна літаратуры, якую мы не маем магчымасці спісаць цалкам…

dragichyn:

 — Хацелася б мець больш вучэбнай, галіновай літаратуры. А таксама — перыядычных выданняў, што карыстаюцца чытацкім попытам…

krupki:

— Фонды нашых бібліятэк папаўняюцца самымі рознымі выданнямі, але ў асноўным — дакументамі на папяровых носьбітах.

zhytkavichy:

 — А фонды нашай ЦБС даўно ўжо не адпавядаюць запытам карыстальнікаў. Да прыкладу, недастаткова галіновай і навучальнай літаратуры, мала кніг па сацыялогіі, статыстыцы, сельскай гаспадарцы. Нашы айчынныя выдавецтвы выпускаюць іх у абмежаванай колькасці… Адсутнічае сёлета і расійская падпіска. За дзевяць месяцаў бягучага года ЦБ было закуплена 4 440 кніг, большая частка — мастацкая літаратура.

ushachy:

 — Кніжны фонд перанасычаны састарэлай галіновай літаратурай, якую нельга спісаць з-за невялікіх паступленняў новых выданняў, бо дазваляецца спісанне 0,01 працэнта ад паступлення. Гэтую лічбу даўно трэба перагледзець. Праводзіцца аптымізацыя сеткі, закрываюцца сельскія бібліятэкі, іх фонды звозяцца ў раённую ўстанову. Часткова яны разбіраюцца работнікамі іншых бібліятэк сеткі, але асноўная доля — дублетныя экзэмпляры — гадамі псуецца ў неацяпляльным падсобным памяшканні. Працэнт аднаўляльнасці кніжнага фонду нізкі — тры працэнты…

adm:

 — Становішча не надта суцяшальнае… Пытанне да ўсіх: якія стасункі падтрымліваеце з нашымі выдавецтвамі?

karelichy:

— Аддзел камплектавання і апрацоўкі Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі наўпрост кантактуе з “Мастацкай літаратурай”, “Беларуссю”, “Беларускай Энцыклапедыяй імя Петруся Броўкі”, “Літаратурай і мастацтвам”, з выдавецтвам Беларускага Экзархату...

bialynichy:

 — Супрацоўнічаем, да ўсяго, з “Народнай асветай”, “Беларускай навукай”, “Адукацыяй і выхаваннем”, “Пачатковай школай”, а таксама з кнігагандлёвымі арганізацыямі...

dragichyn:

 — У гэты пералік мы маглі б далучыць і шэраг прыватных выдавецтваў.

ushachy:

 — Хочацца адзначыць выдавецтва “Мастацкая літаратура”, якое адрозніваецца ад іншых добра наладжанай работай, своечасовасцю дастаўкі заказаў…

krupki:

 — Непасрэдна ў выдавецтвах сёлета набыта 6 380 экзэмпляраў кніг, або 84 працэнты ад усяго паступлення. У рамках рэспубліканскай акцыі “Беларускую кнігу — у рэгіёны” прайшла сустрэча з калектывам”Беларусі”, а на раённае свята кнігі “Халапеніцкі карагод” мы таксама запрасілі выдаўцоў. Натуральна, пад час гэтых акцый прэзентавалася і новая літаратура.

adm:

 — Усё гэта цудоўна. Але, мяркуючы па змесце вашых фондаў, стасункі з выдавецтвамі не надта ўплываюць на павелічэнне выпуску той жа галіновай літаратуры, пра недахоп якой згадвалі раней?

zhytkavichy:

 — У нас таксама існуе шчыльная сувязь з усімі дзяржаўнымі выдавецтвамі, дзе мы набываем сацыяльна значную літаратуру. А дзякуючы кантактам з прыватнымі мы маем магчымасць закупляць у асноўным мастацкую літаратуру расійскіх аўтараў, запатрабаваную ў нашых чытачоў… Так, мы ўдзельнічаем у афармленні заказаў планаў-выпускаў літаратуры. Але існуе праблема з закупкай, зноў-такі, расійскіх выданняў. Часта сутыкаемся і з праблемай “незадаволенага запыту”. Бывае так, што фінансаванне прыходзіць, калі на рынку няма патрэбнай кнігі.

adm:

 — Замежныя выданні — рэч добрая. Але ж і пра беларускія варта дбаць. А тэма стасункаў паміж бібліятэкамі ды выдавецтвамі, як паказвае наш он-лайн, заслугоўвае асобнага і выключна грунтоўнага аналізу з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў… Якія бібліятэчныя праблемы мы яшчэ не закранулі ў нашай сённяшняй гаворцы?

bialynichy:

 — Існуе вострая патрэба ў новых тыпавых штатах для ЦБС у сувязі з камп’ютарызацыяй, аўтаматызацыяй бібліятэчных працэсаў, стварэннем і падтрымкай сайтаў, аказаннем сэрвісных паслуг. А тэхнічнае абслугоўванне камп’ютарнай тэхнікі бібліятэк не пад сілу інжынеру-праграмісту, які працуе толькі на 0,5 стаўкі, што прадугледжана 4-й групай па аплаце працы…

adm:

 — І ў чым, на ваш погляд, выйсце з сітуацыі? Пытанне — да ўсіх удзельнікаў канферэнцыі.

bialynichy:

 — Выйсце — у стварэнні інфармацыйных аддзелаў (сектараў) з адпаведнымі спецыялістамі. Гэта, як падаецца, дазволіць узняць узровень бібліятэчнай работы.

ushachy:

 — Заробленыя бібліятэкамі сродкі павінны заставацца ў распараджэнні ЦБС.

karelichy:

 — Варта выдзяляць фінансавыя сродкі на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэк, пашырэнне пазабюджэтнай дзейнасці. Неабходна распрацаваць нарматыўна-прававую базу па нашай дзейнасці. І база гэтая павінна адпавядаць сучасным патрабаванням.

/i/content/pi/cult/398/8044/1-1.jpeg

dragichyn:

 — Трэба, каб узнятую праблему больш глыбока вывучылі фінансавыя органы.

zhytkavichy:

 — Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” скіроўвае нас на забеспячэнне вольнага і роўнага карыстання інфармацыйнымі рэсурсамі і бібліятэчным фондам. А для гэтага неабходна павялічыць паказчык фондавага абнаўлення да пяці працэнтаў у год. Значыць, патрэбна паэтапна павялічваць фінансаванне для набыцця інфармацыйных рэсурсаў. У нашай ЦБС сёлета запланавана спісаць 60 тысяч экзэмпляраў састарэлай і дублетнай літаратуры (уключаючы перыядычныя выданні). Гомельскі аблвыканкам выдаткаваў для гэтага 70 мільёнаў рублёў.

adm:

 — Пры якіх умовах у вашых установах з’явяцца электронныя кнігі?

karelichy:

 — Іх паступленне плануецца толькі пасля набыцця сучаснага абсталявання і камп’ютарнай тэхнікі. Таму на сёння бібліятэкі камплектуюцца электроннымі дакументамі. Па стане на 1 студзеня 2012-га ў фондах налічвалася 456 іх адзінак. За дзевяць месяцаў бягучага года паступіла яшчэ больш за 200. Электроннымі дакументамі камплектуюцца тыя бібліятэкі, дзе арганізаваны інфармацыйна-адукацыйныя і мультымедыйныя цэнтры.

bialynichy:

 — З пазамінулага года Бялыніцкая ЦБС самастойна камплектуецца са сродкаў раённага бюджэту. Адпаведны аддзел набывае новыя выданні самых разнастайных тыпаў: кнігі, перыёдыку, альбомы, ноты, карты, а таксама дакументы на электронных носьбітах. Электронным выданням надаём асаблівую ўвагу. Іх у нас ужо без малога тысяча экзэмпляраў.

dragichyn:

 — Безумоўна, электронную кнігу ў нас можна будзе пабачыць толькі пры належным тэхнічным забеспячэнні бібліятэк і пры дастатковым фінансаванні…

krupki:

 — Сучасная бібліятэка павінна мець актуальны ўніверсальны фонд, у тым ліку і электронныя кнігі. Але час для іх набыцця, мяркую, яшчэ не надышоў.

zhytkavichy:

 — Неаспрэчна, што электронныя кнігі набываюць усё большую папулярнасць і, напэўна, неўзабаве выцясняць з пэўнага сегмента рынку звычайныя папяровыя. Але, думаю, у нашай ЦБС яны з’явяцца не хутка. Прынамсі, для гэтага патрэбна адпаведнае фінансаванне бібліятэчнай галіны.

adm:

 — Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб узняць заробак бібліятэкара?

dragichyn:

 — Для гэтага трэба змяніць стаўленне ўладных структур да прафесіі бібліятэкара.

bialynichy:

 — Не сумняваюся ў тым, што час для гэтага наспеў. Зарплата павінна быць не меншай за ўзровень сярэдняй заработнай платы ў рэгіёне.

ushachy:

 — Для гэтага трэба лічыць работу бібліятэкара выключна патрэбнай і важнай для грамадства.

zhytkavichy:

 — Цяпер вядзецца работа па аптымізацыі сеткі сельскіх бібліятэк. Я накіравала б сэканомленыя сродкі на павышэнне заробку бібліятэкараў.

adm:

 — Назавіце цікавы бібліятэчны праект (апрача кніжных выставак і сустрэч з пісьменнікамі).

karelichy:

 — Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі распрацаваны мэтавыя інфармацыйна-асветніцкія праграмы “Край Карэліцкі мой” (2010 — 2012), “Здаровы лад жыцця” (2011 — 2015), “Дзеці. Сям’я. Кніга” (2012 — 2014). ЦРБ займаецца арганізацыяй правядзення Краязнаўчых чытанняў, якія праходзяць раз у два гады. 26 кастрычніка бягучага года яны адбыліся з удзелам навуковых супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

bialynichy:

— Бібліятэкі Бялыніцкай ЦБС працуюць па творчым праекце “Чытаем беларускую кнігу” (месячнік Купалаўскай кнігі, Коласаўскія чытанні). Больш падрабязна пазнаёміцца з праектам можна на сайце Бялыніцкай ЦБС — www.lib-belynichi.mogilev.by.

adm:

— А чым жыве ваш сельскі калега?

bialynichy:

— Да прыкладу, міні-праект Ланькаўскай сельскай бібліятэкі “Мастацкае слова ў адраджэнні духоўнасці” “абапіраецца” на ўзаемадзеянне з чытачамі, на праявы народнай творчасці мясцовых жыхароў. Усё гэта “пераплятаецца” з мастацкім словам, кнігай, літаратурай…

zhytkavichy:

 — Пад час сёлетняга бібліямарафону “Чытай-горад” працавалі чытальная зала пад адкрытым небам, газетна-часопісны кіёск. Правялі акцыю “А ты запісаўся ў бібліятэку?”, конкурс “Лепшы чытач 2012 года”. Не забыліся, натуральна, і на сельскага чытача, што жыве ў аддаленых вёсках…

adm:

 — Кніганоша — ужо архаіка ці ўсё яшчэ патрэба дня?

zhytkavichy:

 — У нашых бібліятэках нязменна вялікая ўвага надаецца абслугоўванню людзей сталага веку. Таму такая форма работы застаецца актуальнай і неабходнай.

adm:

 — А аўтабібліятэка?

zhytkavichy:

 — У нас яе пакуль няма. Набыць запланавалі ў наступным годзе. Пакуль сваю працу будуем сумесна з аўтаклубам. Абслугоўваем 36 маланаселеных пунктаў. Бібліятэкар перасоўнага фонду ЦБ абслугоўвае 19 пунктаў выдачы. Прэтэнзій не паступала.

karelichy:

 — Кніганошы засталіся. Асабліва гэта датычыцца бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці. Бібліятэкары абслугоўваюць кнігай дома чытачоў асобных катэгорый (людзі сталага ўзросту, ветэраны, інваліды). У нас такіх пад 300 чалавек.

bialynichy:

 — Кніганошаства — адна з традыцыйных форм бібліятэчнай работы. У сельскай мясцовасці кніганошы добра ведаюць густы сваіх чытачоў, дапамагаюць пажылым ды нямоглым людзям захоўваць сацыяльныя сувязі. І гэтая катэгорыя сяльчан проста выпала б з чытацкіх спісаў, каб не падтрымка кніганошаў.

krupki:

 — Так, гэта яшчэ патрэба дня. У Крупскім раёне — 214 пажылых ды адзінокіх людзей. Да іх і ідуць кніганошы, навучэнцы школ, сацыяльныя работнікі…

ushachy:

 — Кніганоша — гэта патрэба, бо ў нас няма аўтабібліятэкі.

adm:

 — Ці шмат скаргаў на дзейнасць бібліобусаў? Пытанне, натуральна, — да тых, у каго гэтыя бібліобусы ёсць.

karelichy:

 — Аўтабібліятэка абслугоўвае дзевятнаццаць вёсак па чатырох маршрутах. З лістапада дзейнічаюць яшчэ два маршруты. Скаргаў ад чытачоў на дзейнасць аўтабібліятэкі не маем.

dragichyn:

 — Каб скаргаў не было, варта павялічыць камплектаванне фонду аўтабібліятэкі, прытрымлівацца распрацаванага графіка выездаў…

bialynichy:

 — Бібліобус у Бялыніцкай ЦБС пачаў працаваць са студзеня 2010 года. “Бібліятэка на колах” абслугоўвае пяць маршрутаў, васямнаццаць населеных вёсак. Першапачаткова кніжны фонд для яе збіралі з розных аддзелаў ЦБ. Цяпер ён камплектуецца асобна і менавіта для бібліобуса. Імкнёмся ўлічваць тут інтарэсы ды запыты карыстальнікаў… Карацей, чытачы з нецярплівасцю чакаюць кожнага прыезду аўтабібліятэкі…

krupki:

 — Скаргаў і нараканняў на дзейнасць бібліобуса няма, бо на маршруты ён выязджае строга па графіку. Інфармацыя аб гэтым штотыднёва змяшчаецца на старонках раённай газеты.

adm:

 — І апошняе пытанне: у чым бліжэйшая перспектыва вашага развіцця?

karelichy:

 — У прыцягненні інвестыцый ды развіцці праектнай дзейнасці, у павышэннікваліфікацыі спецыялістаў.

bialynichy:

 — Мяркуем так удасканаліць сістэму інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, каб кожны чытач мог скарыстацца службай электроннай дастаўкі дакументаў, “віртуальнай чытальнай залай” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

dragichyn:

 — Перспектыва — гэта стварэнне лакальнай сеткі, а таксама — аўтаматызаванае абслугоўванне чытачоў. Плануем завяршыць стварэнне банка даных “Краязнаўства” і складанне базы “Аналітыка”.

krupki:

 — Галоўныя задачы на будучае — заканчэнне капітальнага рамонту і мадэрнізацыі будынка для Крупскай раённай бібліятэкі, аснашчэнне ўстановы сучасным абсталяваннем, стварэнне спрыяльных умоў для карыстальнікаў.

zhytkavichy:

 — Перспектыва развіцця нашай ЦБС — у далейшай аптымізацыі сеткі, ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

ushachy:

 — Галоўная задача — камп’ютарызацыя сельскіх бібліятэк. Але што стане з камп’ютарам пры мінусавой тэмпературы ў памяшканні? Таму бліжэйшая перспектыва — рамонт будынкаў або памяшканняў бібліятэк, ці прадастаўленне ім іншых, лепшых, памяшканняў…

/i/content/pi/cult/398/8044/1-3.jpeg

"Гэтыя кнігі чытае наш старшыня..."

А высновы ад нашай гутаркі — наступныя. Хоць і не насіла сённяшняя он-лайн-канферэнцыя ярка выражаны дыскусійны характар, але яна дакладна выявіла ці не ўсе праблемы рэгіянальнай бібліятэчнай дзейнасці. Галоўная з іх, як падаецца, — слабая матэрыяльна-тэхнічная база сельскіх устаноў, якія на фоне сваіх заможных аграгарадоцкіх “сёстраў” выглядаюць як напаўзабытыя сіроты. І бібліятэчных плошчаў ім яўна не хапае, і сучаснай камп’ютарнай тэхнікі хранічна бракуе... Пра якое сістэмна-планавае “змаганне” за чытача тут можа ісці гаворка? Да месца цытата з рэплік драгічынскіх спецыялістаў: “У выніку зніжаецца чытацкая актыўнасць насельніцтва”.

Наступнае. У пэўных выпадках папаўненне кніжнага фонду не задавальняе раённых ды сельскіх бібліятэкараў. І справа не толькі ў тым, што там-сям даручэнне Кіраўніка дзяржавы аб выдаткоўванні сродкаў з агульнага бюджэтнага фінансавання бібліятэк на камплектаванне кніжных фондаў выконваецца, скажам, без належнай стараннасці. Хвалюе яшчэ і тое, што змест новых паступленняў не адказвае збольшага чытацкім запытам: відавочна не хапае навучальна-галіновай літаратуры. І гэта прытым, што кожная ЦБС так або інакш кантактуе з выдавецтвамі. Такія кантакты — справа ўхвальная. Але сяброўства, лічым, павінна карэнным чынам уплываць на выдавецкую палітыку і на фарміраванне менавіта запатрабаванага чытачом кніжнага “асартыменту”. А гэтага, як паказвае практыка, пакуль няма. Да слова тут згадаць і пра тое, што не толькі рускамоўную літаратуру варта “прасоўваць", але і кнігі на роднай мове…

Пад дажджом ды снегам жанчына з торбай кніг дабіраецца да аддаленай вёскі… Так, гаворка — пра кніганошу. І апошняя — не архаіка, як паведамляюць з Ушачаў, а патрэба, бо ў раёне няма аўтабібліятэкі. І Ушачы ў гэтым плане — далёка не адзіныя. Недапрацоўка ў выкананні Дзяржпраграмы па адраджэнні і развіцці сяла — яўная і недаравальная. А там, дзе бібліобусы ёсць, яны як след не абсталяваны з той простай прычыны, што транспарту ў аддзелах не стае і аўтабібліятэка часцяком выкарыстоўваецца для перавозкі не літаратуры, а творчых калектываў. А для таго, каб паняцце “кніганоша” адышло ў нябыт, аддзел культуры павінен займець не адзін бібліобус, а некалькі: з кніжнымі паліцамі, ноўтбукам, поўным наборам камп’ютарных платных паслуг… Шкада, але ўсё вышэйсказанае палягае ў прасторы не рэальнага, а спрэс фантастычнага бібліятэчнага жыцця.

Самае, бадай, балючае: на пытанне пра цікавыя творчыя праекты (апрача кніжных выставак і сустрэч з пісьменнікамі) канкрэтыкай адгукнуліся адзінкі. Са станоўчага боку ўразіла Жыткавіцкая ЦБС, дзе пад час бібліямарафону, шматграннага па акцыях і мерапрыемствах, дзейнічала чытальная зала пад адкрытым небам. Свежая і арыгінальная ідэя, рэалізацыя якой не патрабуе асаблівых капіталаўкладанняў, але гарантуе стабільны чытацкі прырост — не толькі за кошт пенсіянераў, але і за кошт моладзі… І ўвогуле, калі бібліятэкары выходзяць з яркімі акцыямі ў райцэнтраўскія скверы ды паркі, насычаюць літаратурнай дзеяй гарадскія вуліцы і грамадскі транспарт, колькасць бібліятэчных фармуляраў расце ў прамой залежнасці ад незафармалізаванай і віртуознай выдумкі мясцовых кніжнікаў. А пакуль мы гэтую бібліятэчную выдумку адшукваем, як крупінку золата ў шматтоннай пустой пародзе…

І апошняя выснова, аўтарамі якой сталі самі дырэктары ЦБС. Мясцовае кіраўніцтва павінна падвоіць ды патроіць уласную ўвагу ў дачыненні да бібліятэчных праблем. Але ж спярша не старшыні райвыканкамаў павінны ісці ў бібліятэкі, а бібліятэкары — у райвыканкам. І не прасіць грошы на рамонт, заробкі, камп’ютары ды бібліобус, а настойліва і мэтанакіравана даводзіць, што без бібліятэчных намаганняў далейшае духоўнае развіццё рэгіёна проста немагчымае. Але для таго, каб аргументавана даводзіць, трэба, як мінімум, мець важкія аргументы: канкрэтныя праекты, змест якіх наводзіў бы іншых на адназначную думку: “Як мы без гэтага жылі раней?!”.

У адной з бібліятэк аднаго з раёнаў пэўнай вобласці давялося пабачыць немалую паліцу з шыльдай “Гэтыя кнігі чытае наш старшыня райвыканкама”. Хтосьці скажа: “Хітрае заляцанне!” А мы запярэчым: “Гнуткая маркетынгавая палітыка сяброўства, адзін з адмысловых праектаў, рэалізацыя якога працуе на агульны чытацкі інтарэс!” Вось такога прафесійнага сяброўства (і з уладамі, і з патэнцыйнымі чытачамі) нашым бібліятэкарам, як падаецца, пакуль і не стае…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"