“Пастулат”: крэсла ў інтэр’еры жыцця

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Выстаўка пад назвай “Пастулат” працуе на дзвюх пляцоўках у цэнтры сталіцы: у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” і ў Музеі гісторыі горада Мінска. Да гэтага праекта спрычыніліся Міністэрства культуры нашай краіны, Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў, Беларускі саюз дызайнераў і дзве ВНУ: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

“Пастулат” прысвечаны крэслу як утылітарнай рэчы, якая мусіць увасабляць зручнасць ды ўтульнасць, і адначасова арт-аб’екту — гэткай пластычнай фантазіі на тэму мэблі. Экспазіцыя ва “Універсітэце культуры” складаецца з больш як ста творчых работ, што належаць прыблізна такой жа колькасці аўтараў. Сярод удзельнікаў — такія асобы, як Сяргей Грыневіч, Уладзімір Цэслер, Канстанцін Вашчанка, Руслан Найдзін, Віктар Мінко ды іншыя, чые імёны на слыху ў прафесійным асяродку. Крэслы як аб’екты дапоўнены жывапіснымі “партрэтамі” мэблі — з чалавекам альбо без яго.

/i/content/pi/cult/398/8043/3-1.jpeg

Экспазіцыя атрымалася надзвычай густоўная, дынамічная і сумаштабная прасторы галерэі. Старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі ўпэўнены, што праект “Пастулат” будзе мець развіццё і з часам атрымае міжнародны статус. Тады мастацкая галерэя стане для "Пастулата" зацеснай. Сурскі з гэтай нагоды задумваецца аб прасторы Палаца мастацтва… Праўда, адзначае ён, для той плошчы спатрэбіцца іншы экспазіцыйны код. Затое будзе дзе разгарнуцца.

/i/content/pi/cult/398/8043/3-2.jpeg

У Музеі гісторыі горада Мінска наведвальнікі пабачаць гістарычную частку выстаўкі — крэслы з музеяў. Некаторыя з іх належалі вядомым асобам: Кандрату Крапіве, Васілю Вітку, Кузьму Чорнаму.

Праект мае на мэце спрыяць паразуменню творцаў і вытворцаў, выпрацаваць новыя эстэтычныя стандарты для нашага побыту. Ужо тое, што сярод спонсараў “Пастулата” — вядомыя прадпрыемствы, салоны ды кампаніі, можна трактаваць як поспех, як добры задзел на будучыню. Што ж да гледача, дык у яго прагляд выстаўкі спараджае жаданне нешта змяніць у інтэр’еры свайго жытла.

П.В. 

На здымках: экспанаты выстаўкі.