Тэлемары перад тэлеэкранам

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Культурны ТБ-канал: галаўны боль складальніку сеткі перадач — гарантаваны

Неўзабаве, як абяцаюць, на нацыянальнае тэлебачанне вернецца канал, канцэпцыя якога вызначыцца адным словам — “культура”. Якім ён будзе? Ніяк не прэтэндую на званне знаўцы "тэлепаднаготнай", таму не бяруся складаць за кагосьці дакладную сетку будучых тэлеперадач. Проста, з пункта гледжання шараговага тэлегледача, хачу памарыць, якім я бачу “культурны” канал.

Калі сцісла — цікавым, навучальным, маштабным, разумным. Як падаецца, такім наша "культурнае" тэлевяшчанне, даруйце, прафесіяналы-эстэты ад тэлебачання, не было ніколі... Баюся памыліцца, але любы канал толькі тады мае ўстойлівы рэйтынг, калі трымае ў “палоне” пастаянную ды рознаўзроставую аўдыторыю. Значыць, роўная ўвага мае быць аддадзена школьніку-пачаткоўцу, юнаку, чалавеку сярэдняга і больш сталага веку. І мо недаравальна забытая нашым ТБ рубрыка “Тэлебачанне — школе”. З дапамогай яе і сфера адукацыі больш вынікова справу рабіла, і культурная галіна мела цудоўную магчымасць больш маштабна ўплываць на свядомасць экранізацыямі лепшых твораў нацыянальнай літаратурнай класікі.

Любую цікавую рэч можна зафармалізаваць да такой ступені, што ад суму і няёмкасці за няшчыры слоган “Заставайцеся з намі!” пачнеш абурана пстрыкаць тэлепультам. Культура — гэта найперш шчырасць. Відаць, менавіта такімі і павінны быць вядучыя новага канала. Уяўляю іх не столькі дасведчанымі тэлевізійшчыкамі, колькі “прафесійнымі” інтэлігентамі менавіта з культурнага асяроддзя. Маю на ўвазе акцёраў, рэжысёраў, мастацтвазнаўцаў, мастакоў... Купалавец Генадзь Аўсяннікаў сваімі тэатральнымі і жыццёвымі расповедамі можа ўтрымліваць слухачоў гадзінамі. А хіба ж ён, такі ёмісты і самадастатковы, — адзіны ў нашай краіне?!

Кажуць, сённяшняя моладзь не надта спрычыняецца да духоўных каштоўнасцей. Значыць, кепска спрычыняюць. У тым ліку і з дапамогай ТБ. Пра альтэрнатыўнае мастатцва гаворка тут калі і вядзецца, дык неяк похапкам, аднабакова, недыскусійна, па-за маладзёжнай аўдыторыяй і часцей за ўсё — далёка не ў праймтайм. Нацыянальны рок увогуле выключаны з тэлеменю. Замест прапаноўваюцца спрэс папсова-бяздумныя “праснакі”. Дзе думка, дзе яркасць, дзе, урэшце, нацыянальнае? Між тым, у свой час наша беларускае “перабудовачнае” маладзёжнае тэлебачанне ў гэтым плане ўвобмірг стала ці не самым цікавым на абсягах СССР! Разам з тым, не хачу, каб замест маштабнасці ды адраснасці канал “Культура” набыў статус “салянкі зборнай”.

Цяпер пра рэкламу. Калі яна і будзе на “Культуры”, дык толькі (дазволю сабе катэгарычнасць) — сацыяльная. Дарэчы, якасць сацыяльнай рэкламы — тэма для асобнай і не вельмі аптымістычнай гаворкі. Але новы канал вымагае і новых падыходаў да яго распрацоўкі. Інакш займеем чарговы тэлевізійны эрзац-прадукт.

Натуральна, у новым фармаце мае сэнс адлюстроўваць мастацтва прафесійнае і — не. Не надта люблю словазлучэнне “самадзейная творчасць”. Калі яго чую, адразу прыгадваю “палымяную” Крупскую, хаты-чытальні і па-савецку прымусова-нязмушаныя парады ды канцэрты. На сёння, як падаецца, больш да месца словазлучэнне “народнае мастацтва”. Хоць са мной, магчыма, будуць і спрачацца: прафесійнае мастацтва, маўляў, таксама належыць народу. Ды няхай спрачаюцца. Гаворка — пра іншае. Прафесійнае мастацтва — не толькі сталічнае. Я вельмі хачу ведаць, як абыходзіцца без належнага будынка драмтэатр у Слоніме. Жадаю паглядзець чарговую прэм’еру з абласных тэатраў Гомеля і Магілёва. А ёсць жа яшчэ абласныя аддзяленні мастакоўскага і пісьменніцкага саюзаў. Што мы ведаем пра іх клопаты і праблемы? А пра шляхі вырашэння гэтых пытанняў?

Не менш праблем і ў рэгіянальных клубных, бібліятэчных, музейных работнікаў. Гэта яшчэ адзін блок ёмістых і яркіх перадач. А фальклорныя канцэрты з каментарыямі спецыялістаў? А панарама дзейнасці народных майстроў Беларусі? А культурнае жыццё беларускіх нацыянальных суполак за мяжой? Бяздонная крыніца фактаў і эмоцый. Складальніку сеткі вяшчання будучага канала галаўны боль — гарантаваны. Натуральна, калі паставіцца ён да выканання сваіх абавязкаў шчыра і сумленна...

За што я буду паважаць будучы канал? За яго пастаянныя звароты да тэлеархіваў, і не толькі беларускіх. Сорамна казаць, але больш-менш прыстойны ды поўны відэашэраг, скажам, “Песняроў” у нашай краіне адсутнічае. А хацелася б перыядычна бачыць і колішнія знакамітыя пастаноўкі нашых тэатраў (у тым ліку, зноў-такі, — абласных), “нязмытыя” дыялогі са славутымі пісьменнікамі, мастакамі, рэжысёрамі, якія сталі гонарам Беларусі.

Чым яшчэ прывабіць “Культура”? Прамымі эфірамі, гарачымі дыскусійнымі клубамі, глыбокімі даследаваннямі праблем беларускай глыбінкі, айчыннымі тэлесерыяламі пра Купалу, Коласа, Драздовіча, Орду, Караткевіча, Быкава...

І апошняе, але самае галоўнае: канал павінен быць беларускім — нацыянальным. І панаванне роднай мовы, пачынаючы ад навін і заканчваючы цітрамі ці сацыяльнай рэкламай, тут проста не абмяркоўваецца.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"