А калі парк “Новая зямля”?

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

26 кастрычніка на Стаўбцоўшчыне — радзіме народнага паэта Беларусі Якуба Коласа — адбылося Рэспубліканскае свята паэзіі “О, Беларусь, ты сэрца і душа…”, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Песняра. Свята ахапіла раённы цэнтр, а таксама Акінчыцы, Альбуць, Смольню — сядзібы, якія складаюць філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”, ды саму вёску Мікалаеўшчына. У святочным кантэксце хацеў бы падзяліцца думкамі наконт турыстычнай будучыні родных мясцін класіка.

Спадчына Коласа адлюстроўвае рэаліі мінулага стагоддзя, але захоўвае актуальнасць і сёння. Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская ў сваім выступленні перад землякамі Песняра згадала цікавы факт. Пасля таго, як у Польшчы выйшаў з друку пераклад “Новай зямлі”, там утварылася Культурнае таварыства імя Якуба Коласа. Яно складаецца з людзей, якія не маюць беларускіх каранёў, але праз слова нашага Песняра, праз усведамленне ўніверсальнасці ягонай літаратурнай спадчыны ў іх нарадзіўся сантымент да Беларусі.

Для мяне гэтая інфармацыя была нечаканай. І вось жа зачапіла суседзяў Коласава “Новая зямля”… Мяркую, справа ў тым, што Польшча раней за Беларусь сутыкнулася з такімі праявамі глабалізацыі, як некіруемая ўрбанізацыя, уніфікацыя культуры і стандартызацыя побыту. Інакш кажучы, “родны кут”, пра які так пранікнёна пісаў Колас, страчвае самабытнае аблічча і змест. “Я прыеду ў родны кут і знаёмае не пазнаю”, — так сказаў з гэтай нагоды філасафічны Алесь Разанаў. Вось і прыдалася “Новая зямля” палякам. Значыць, прыдасца і іншым. У першую чаргу — нам.

/i/content/pi/cult/398/8036/2-1.jpeg

Філіял сталічнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына” — гэта нізка сядзіб, якія захаваліся амаль у нязменным выглядзе з ХІХ стагоддзя альбо якасна адноўлены паводле гістарычных узораў. Захаваўшы аўтэнтыку Коласавай радзімы, мы фактычна збераглі цэлы пласт беларускай этнаграфіі ў яе прыродным асяроддзі. Гэта — скарб. І людзі паедуць сюды, каб на яго паглядзець. Але — толькі ў тым выпадку, калі Мікалаеўшчына стане брэндам, прынамсі, свайго рэгіёна — Міншчыны. Для гэтага мае быць створана турыстычная інфраструктура: гасцініцы, прыдарожны сэрвіс, інфармацыйнае забяспячэнне. Што ж да ўласна дарог, дык яны мусяць вонкава захоўваць “аўтэнтычны” выгляд (ніякага бетону ды асфальту), але восенню і вясной вытрымліваць плыні цяжкіх турыстычных аўтобусаў. Гэта, так бы мовіць, тэхнічны аспект, які, тым не менш, варта захаваць.

Па-другое, мае сэнс парупіцца пра імідж гэтых мясцін. Сёння Мікалаеўшчына прымае мясцовых турыстаў, ды і тых, як ні круці, няшмат. Праводзяцца імпрэзы рэгіянальнага, часам — рэспубліканскага маштабу. А вёска магла б быць пляцоўкай нацыянальных і міжнародных фэстаў, збіраць гасцей з-за мяжы. Мо каб такі рэбрэндынг адбыўся, трэба надаць Коласаўскаму запаведніку новы статус? Так склалася, што Беларусь мае двух літаратурных геніяў, якія нарадзіліся ў адзін год і ў адным рэгіёне — на Міншчыне. І, скажам шчыра, усталявалася думка, што Купала — нумар першы, а Колас — другі. З гэтай прычыны Мікалаеўшчына знаходзіцца ў ценю Вязынкі. Мяркую, гэта несправядліва. Мікалаеўшчыну трэба “ўраўнаваць” з Вязынкай. Скажам, стварыць тут… парк “Новая зямля”. Гэта будзе нешта падобнае да Пушкінскага запаведніка ў Міхайлаўскім, што на Пскоўшчыне, дзе звычайны, але ў пэўным сэнсе характэрны “эталонны” рускі ландшафт апаэтызаваны віртуальнай прысутнасцю нацыянальнага генія.

У Беларусі ёсць Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо, што пад Мінскам. Можа ўзнікнуць пытанне: ці патрэбны нам яшчэ адзін “скансен”, гэтым разам — на Стаўбцоўшчыне? Але “Мікалаеўшчына” — гэта іншае. Тут — унікальнае спалучэнне канкрэтнай асобы з вялікай літаратурай, жывой прыродай ды нацыянальнай этнаграфіяй. Больш такога месца ў Беларусі, бадай, няма. І не скарыстаць гэты скарб дзеля захавання ўласнай мінуўшчыны, а таксама для турыстычнай прывабнасці было б неразумна. Зрэшты, і справа гэтая — цалкам пад’ёмная для рэгіёна…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"