Кухня Першага Трыенале: беспрэцэдэнтнасць замест “бетонных берагоў”

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Кропка адліку і сур’ёзны экзамен

На наступным тыдні ў памяшканні выставачнага павільёна на мінскім праспекце Пераможцаў ужо распачнецца мантаж мастацкай экспазіцыі. Адпаведна, можна казаць і пра пачатак свайго кшталту “зваротнага адліку” адной з найважнейшых падзей сёлетняга мастацкага жыцця — І Мінскага трыенале сучаснага мастацтва “БелЭКСПА-Арт-2012”, якое адкрыецца 23 лістапада.
Грамадская ўвага да гэтага мерапрыемства, ініцыятыву правядзення якога падтрымаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, цалкам заканамерная. І прычына тут, мабыць, не толькі ў маштабах, хаця аналагічных паводле свайго размаху арт-праектаў у найноўшай гісторыі нашай краіны і сапраўды не было. Значэнне трыенале мае, перадусім, культуралагічны характар. Беларускі глядач упершыню атрымае магчымасць самастойна скласці больш-менш агульную карціну сучаснага выяўленчага мастацтва краіны. І гэта асабліва важна, бо на сёння яна ўяўляецца, хутчэй, чымсьці накшталт “пазла”, які складаецца з мноства разрозненых элементаў.
Задачу сабраць іх у адно ўзялі на сябе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і непасрэдны арганізатар падзеі — Творчыя майстэрні “Цэнтр сучасных мастацтваў”.

/i/content/pi/cult/398/8035/1-1.jpeg

Ад сучасных класікаў да проста сучаснікаў

— Мы ставім сабе за мэту як бы падсумаваць тыя працэсы, якія адбываліся ў беларускім мастацтве ў першае дваццацігоддзе незалежнасці нашай краіны, выкрышталізаваць у экспазіцыйнай прасторы сам дух гэтага часу, выявіць як мага больш шырокую палітру спроб яго творчага асэнсавання, — акрэсліў генеральную канцэпцыю праекта яго куратар, дырэктар Цэнтра сучасных мастацтваў Віктар Альшэўскі. — Адпаведна, такая падзея сапраўды выспела: за згаданы перыяд, надзвычай важны для нашага грамадства, на айчыннай арт-сцэне з’явілася цэлая плеяда заўважных постацей. Многіх з іх ужо нават можна лічыць сучаснымі класікамі, “заканадаўцамі” стылістыкі пакалення.

— Для нас было важным паспрабаваць зрабіць зрэз нетрадыцыйнай сучаснай культуры, збудаваць своеасаблівы масток паміж класічнай беларускай культурай і сучаснай еўрапейскай, — дадае каардынатар праекта Ірына Бялова.

У той самы час, куратар пераканы, што Трыенале ні ў якім выпадку не павінна пераўтварыцца ў “выстаўку дасягненняў”. Бо найважнейшы пасыл скіраваны акурат у будучыню.

— Вельмі важна займець своеасаблівы пункт адліку, што дазволіць нам больш асэнсавана рухацца далей, — сцвярджае Віктар Альшэўскі.

Прагназаваць, якімі будуць вынікі гэтай, сапраўды па-добраму амбітнай, інтэнцыі цяпер відавочна зарана: аналізаваць любую падзею можна толькі постфактум, што, без сумневу, і будзе рабіцца ў свой час цягам доўгіх ды палкіх дыскусій. Пакуль жа карэспандэнт “К” мог адно занурыцца ў “кухню” трыенале, якая бесперапынна працуе гэтымі днямі ў небезвядомым для мастакоў будынку па вуліцы Някрасава.

— Бачыце, вось макет адной вельмі цікавай часткі экспазіцыі, — Віктар Альшэўскі звярнуў маю ўвагу на маленькія паралелепіпеды. — У арыгінале яны будуць куды большыя: дзесьці 2,20 у вышыню. А ўнутры гэтых канструкцый змесцяцца... Не, зрэшты, пакуль не варта раскрываць усе сакрэты. Але запэўню, што нічога падобнага ў нас пакуль не было…

Палац на месцы “талеркі”

Яшчэ зусім нядаўна на даху выставачнага павільёна
“БелЭКСПА” шчыравалі рабочыя, але перасцярога адносна таго, што яны не паспеюць скончыць рамонт у тэрмін, аказалася марнай. Больш за тое: будынак змяніўся да непазнавальнасці. Ад “спартанскага” інтэр’ера павільёна, які мінчане любоўна называлі “талеркай”, засталіся адны ўспаміны.

 — Цяпер гэтае памяшканне нават занадта шыкоўнае для твораў сучаснага мастацтва, — жартуе Ірына Бялова. — Там арганічна глядзеліся б, скажам, версальскія кандэлябры, бо яно выглядае як сапраўдны палац…

Тым не менш, кандэлябраў не будзе. Усе тры тысячы квадратных метраў (а таксама і пэўную частку метраў кубічных) зоймуць акурат творы нашых сучаснікаў і, пераважна, суайчыннікаў. Віктар Альшэўскі не сумняваецца ў тым, што ўсе яны трапляюць у тэматычны дыяпазон contemporary art, ды лічыць бясконцыя тэрміналагічныя дыскусіі на гэты конт справай, не вартай марнавання часу. Менавіта таму “састарэлы”, на думку некаторых, жывапіс будзе суседнічаць у экспазіцыі з інсталяцыямі, аб’ектамі ды іншымі “сімптаматычнымі” праявамі сучаснага мастацтва.

Як адзначыла Ірына Бялова, “асваенне” такой складанай прасторы, як вялізны павільён, ніякіх цяжкасцей спарадзіць не павінна. Што ж да фарміравання спіса ўдзельнікаў...

— Безумоўна, тут у нас узнікалі пэўныя складанасці, — распавядае каардынатар праекта. — Перадусім яны звязаны з жорсткім лімітам часу. Мы звярнуліся да творчых саюзаў, прапанаваўшы ім стварыць у рамках Трыенале свае часткі экспазіцыі, але, на жаль, асаблівага імпэту з іх боку не адчулі. Тым больш, тады было лета, людзі адпачывалі...

Прынцыпы адбору ўдзельнікаў падобных праектаў бываюць рознымі: часам ініцыятыва застаецца за мастаком, які прапаноўвае творы на конкурснай аснове, часам яе цалкам бярэ на сябе куратар, часам атрымліваецца пэўны “мікст”... Гэта датычыцца і мінскага трыенале.

— У некаторых выпадках мы звярталіся і запрашалі, у некаторых — звярталіся да нас, — распавядае каардынатар праекта. — Інфармацыі пра падрыхтоўку Трыенале яўна бракавала (на жаль, творчыя саюзы нават не распаўсюдзілі яе сярод сваіх членаў), і, тым не менш, некаторыя мастакі, асабліва, дарэчы, — з рэгіёнаў, самі праяўлялі ініцыятыву. Многім давялося адмаўляць...

Мастацтва з рэгіёнаў краіны на Мінскім трыенале не будзе пакрыўджана. Але, па словах Віктара Альшэўскага, арганізатарам было адразу зразумела, што абняць неабдымнае — немагчыма. Таму яны і не ставілі сабе за мэту змясціць у экспазіцыю “ўсё і адразу”.

/i/content/pi/cult/398/8035/1-2.jpeg

— Паводле маіх прагнозаў, вынік павінен атрымацца вельмі эклектычным, і гэта добра! — кажа Ірына Бялова. — Нейкая выразная канцэпцыя або схема адразу б стварыла пэўныя рамкі, своеасаблівыя “бетонныя берагі”. Свабодны ж працэс у дадзеным выпадку мне падаецца куды больш прадуктыўным. І сёння пакуль ніхто дакладна не ведае, што ў нас урэшце “вымалюецца”. Але я пераканана: сумна не будзе ні ў якім выпадку!..

Нягледзячы на тое, што арганізатары Трыенале старанна захоўвалі вакол гэтай падзеі аўру сакрэтнасці, ці не самая смелая іх задума ўсё-такі здолела праз яе прасачыцца. Чуткі пра тое, што на мастацкай выстаўцы знойдзецца месца і вялізнаму “БелАЗу” ва ўсёй яго красе, выклікала ў зацікаўленых колах папраўдзе бурлівы рэзананс.

 — Лічу, што гэты аб’ект — сапраўдны шэдэўр прамысловай эстэтыкі! — цалкам адэкватна выглядаў бы сярод работ сучаснага мастацтва, спараджаючы цікавыя паралелі, — перакананы Віктар Альшэўскі. — Ён таксама можа ўспрымацца як своеасаблівая скульптура альбо інсталяцыя. Гэта выкшталцоны твор дызайну, гэта спараджэнне таго творчага інтэлекту, які з’яўляецца асноўнай рухаючай сілай мастацтва…

Ды, на вялікі жаль, гэтая цікавая задума не будзе рэалізавана — выключна з тэхнічных прычын.

— Вы ж разумееце, што транспартаваць такі гігант папраўдзе надзвычай складана, — патлумачыў Віктар Альшэўскі. — Тым больш, яго трэба змясціць у закрытым памяшканні. Але ад гэтай ідэі мы не адмаўляемся — проста будзем шукаць спрыяльныя магчымасці для яе ажыццяўлення…

Перасячэнне паралельных прамых

Арганізатары падзеі ставілі сабе за мэту максімальна актыўна задзейнічаць не толькі прастору, але і час. Кожны з сямнаццаці дзён Трыенале будзе насычаны разнастайнымі падзеямі. У “поле прыцягнення” трапілі і тыя праявы сучаснай культуры, якія не так і часта прэзентуюцца ў рамках іншых падобных падзей: электронная музыка, мода, “неакадэмічны” тэатр... І такая шырокая панарама сапраўды вельмі важная: праз “вузкапрофільнасць” большасці айчынных ды замежных імпрэз, іх замкнёнасць выключна на “сваё кола”, розныя віды (альбо з’явы) мастацтваў развіваюцца нібы паралельныя прамыя, пазбаўляючы сябе тых магчымасцей узаемаўзбагачэння, якія дае сінтэз, альбо хаця б проста суседства “пад адным дахам”.

— Мода вельмі шчыльна знітавана з выяўленчым мастацтвам: мадэльеры часта шукаюць натхненне ў жывапісе, — распавяла куратар гэтай часткі праекта Лада Звягінцава. — Вось і ў рамках Трыенале будуць прадстаўлены калекцыі, прысвечаныя Далі, Ван Гогу, Шагалу... Таму хацелася б падкрэсліць гэтыя сувязі паміж відамі мастацтва. Так, я не агаварылася: авангардную моду і pret-a-porter, таксама належыць успрымаць менавіта як від мастацтва…

Трыенале мае сабраць пад сваё крыло беспрэцэдэнтна шмат “альтэрнатыўных” тэатральных праектаў — у дыяпазоне ад культавага “InZhest” і да калектываў, якім “без года тыдзень”. Без сумневу, гэтая праява творчай актыўнасці вартая ўвагі, але ўбачыць усе пластычныя, інтэрактыўныя, вулічныя праекты ў адным месцы (скажам, у рамках аднаго фестывалю) раней было немагчыма.

Дарэчы, Лада Звягінцава падзялілася і перспектыўнай задумай ЦСМ: зладзіць асобны фэст вулічных тэатраў. Яна цалкам упісваецца ў шматразова агучаную Віктарам Альшэўскім канцэпцыю Цэнтра — даць магчымасць сябе праявіць усім, хто гэтага прагне. Прычым спачатку “выслухаць”, а потым ужо ацэньваць і зрабіць экспертнае заключэнне.

Праграму Трыенале таксама дапоўняць і майстар-класы замежных карыфеяў, прысвечаныя розным актуальным для айчынных аўтараў і арт-менеджараў праблемам. Што праўда, лік такіх падзей — невялікі, як і ўвогуле лік замежных удзельнікаў Трыенале. Па словах куратара міжнародных праектаў Алесі Цюрынай, апрача творцаў з суседніх краін, мінская публіка здолее пазнаёміцца з некалькімі адметнымі праявамі сербскага мастацтва.

Увогуле, варта адзначыць, што ў складзе куратарскай групы — пераважна маладыя асобы, лічы, учарашнія студэнты. Безумоўна, удзел у арганізацыі такога маштабнага ды адказнага праекта мае стаць для іх надзвычай сур’ёзным экзаменам. Зрэшты, нялішне нагадаць, што Цэнтр сучаснага мастацтва, уласна, і ствараўся перадусім менавіта для падтрымкі творчай моладзі.

Без сумневу, такі самы іспыт будзе трымаць і сам Цэнтр — установа зусім маладая, якая дагэтуль яшчэ не мела належных шанцаў сцвердзіць сябе. Ды, зрэшты, масавы глядач (а можна не сумнявацца, што да павільёна “БелЭКСПА” ён дабярэцца) будзе экзаменаваць і ўвесь той кантэкст, што рэпрэзентуе падзея. Віктар Альшэўскі перакананы: творчы поспех заўсёды залежыць і ад самога творцы, ад ягонай індывідуальнасці, якую немагчыма падмяніць ніякімі куратарскімі вынаходкамі:

— Так, мы кажам пра памкненне выявіць пэўны “культурны пласт”, але пры гэтым трэба выразна ўсведамляць, што дух часу перадусім залежыць ад нас, ад канкрэтных асоб. Вось і той “свежы вецер”, які прасякнуў нашае грамадства пару дзесяцігоддзяў таму, меў самыя розныя наступствы. Для кагосьці з творцаў ён адкрыў новыя магчымасці самарэалізацыі, духоўнага развіцця, але ж былі і тыя, хто застаўся на месцы, альбо і ўвогуле распарадзіўся атрыманай свабодай сабе на згубу. І ў дадзеным выпадку нам важна выявіць ды прааналізаваць усе сучасныя тэндэнцыі творчага жыцця. І перадусім гэта важна менавіта для будучыні, для далейшага развіцця нашай культуры…