Майстар-класы па найноўшай гісторыі “Лістапада”

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Гульня і стратэгія плюс бізнес-стасункі?

— На сённяшні дзень у фестывальнай сістэме існуе вялікая канкурэнцыя, з кожным годам кінафорумаў становіцца ўсё больш, — зазначае Ігар Сукманаў. — Адзінае выйсце для кожнага ўдзельніка працэсу — знайсці сваё месца, але тут, зразумела, трэба вырашыць цэлы комплекс пытанняў.

Самае галоўнае з іх — дзеля чаго ствараецца фестываль? Які яго канцэпт? Зразумела, што можна зрабіць фестываль міжнародным, набраць агульную колькасць фільмаў, але не гэтая прадстаўнічасць робіць кінафорум адметным — яго аблічча ствараецца з выяўлення асаблівасцей культурнага поля, дзе жыве кінафорум, і моцнага кантэнту.

/i/content/pi/cult/398/8033/2-3.jpeg

— З чаго вы пачалі?

— Мы адштурхнуліся ад малога — пачалі з якаснага кіно. На гэта звяртаюць увагу прафесіяналы, глядач, якога таксама імкнёмся выхоўваць паказамі. Мы не сталі адкрываць новыя планеты і кінематаграфіі, бо ў свеце і так дастаткова фестываляў, што ўдала спраўляюцца з гэтай задачай. Для нас выбар фільмаў кожнай праграмы стаўся ўдумлівай працай: не проста “селекцыяй” па ўзнагародах ды дзяржавах (маўляў, зрабілі такую “салянку”: тут — Каны, тут — Венецыя, калі ласка, глядзіце), а свядомым выбарам тых карцін, якія раскрываюць тое, што хвалюе чалавецтва. Мы з дапамогай мастакоў, якія па-асабліваму і па-рознаму адчуваюць час, мастакоў, што ў пэўнай ступені маюць агульнае з намі мінулае (гаворка ў дадзеным выпадку — пра рэжысёраў з краін былога сацыялістычнага блока), імкнёмся захаваць і зафіксаваць штосьці вельмі важнае ды актуальнае. І тут мы складаем праграму так, каб карціны перагукаліся адна з адной.

Сёння мы, дарэчы, змянілі падыход і да стужак секцыі кіно для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі. Праграма падрыхтавана такім чынам, каб яе было цікава глядзець і дарослым. Гэта робіцца наўмысна: хацелася б, каб на адпаведныя сеансы дзеці хадзілі з бацькамі, каб прагляд фестывальнага фільма стаўся добрай сямейнай традыцыяй, а не шараговым паходам класа ў кіно. І на фестывалі пэўным “мастаком” паміж кіно “для сямейнага прагляду” і праграмай асноўнага конкурсу ігравога кіно служыць конкурс “Маладосць на маршы”, дзе ў стужках маладых аўтараў адлюстраваны праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца сучасным маладым людзям. Такім чынам і ствараецца гэты ланцужок, што злучае розныя аўдыторыі на кінафоруме.

— Ігар, вы казалі і пра іншы складнік фестывалю, які мае дачыненне да кінаіндустрыі…

— Мы імкнёмся да таго, каб “Лістапад” стаўся той пляцоўкай, дзе адбываюцца сустрэчы, майстар-класы, заключаюцца дамовы, бо ўсё гэта служыць на карысць і нашай кінаіндустрыі. Але, скажам шчыра, у нас няма развітога рыначнага поля. І наша каманда ў складзе дзесяці чалавек не ў стане справіцца яшчэ і з гэтай індустрыяльнай часткай, якую трэба таксама вельмі добра вывучаць і якая таксама вымагае вялікіх высілкаў, хоць пэўныя захады мы, натуральна, робім.

Бо як працуюць Каны: фестывальная праграма і кінарынак — гэта дзве розныя часткі кінафоруму, за якія адказваюць цалкам розныя каманды. Але гэтыя “паўшар’і мозга” шчыльна ўзаемазвязаны, і ў той час калі па “чырвонай дарожцы” ідзе Катрын Дэнёв, на іншай частцы Канскага фестывалю — на кінарынку — выстаўляецца на продаж карціна з яе ўдзелам. Катрын Дэнёв ідзе па гэтай самай дарожцы не столькі дзеля таго, каб пакрасавацца перад гледачамі ды фатографамі, а ў першую чаргу для таго, каб стужку, у якой яна здымалася, купілі ў як мага большай колькасці краін. Праз сваю асобу яна рэкламуе фільм.

У нас гэтая сістэма пакуль яшчэ не створана — у нас няма “другой паловы мозга”, няма і кінарынку, таму ў мяне і выклікае пэўны скепсіс “свецкая пена” “Лістапада”, бо яна не падмацавана бізнес-стасункамі. У нашым выпадку — гэта больш момант уцягвання гледача ў фестывальную гульню, стварэнне атмасферы свята, хоць на прэстыжных форумах нават скандалы з’яўляюцца часткай прадуманай стратэгіі прасоўвання кіно…

 — Але на “Лістапад” прыязджаюць не толькі медыя-персоны, скажам так, але і стваральнікі кінастужак — рэжысёры, сцэнарысты…

 — І менавіта яны для мяне і з’яўляюцца сапраўднымі зоркамі фестывалю! Аўтары дапамагаюць нам разабрацца ў гэтых, часам зусім няпростых, работах, што, тым не менш, прымушаюць працаваць нашу свядомасць, вядуць да роздуму і ачышчэння.

Для мяне зорка — Сяргей Лазніца, які 7 лістапада прыедзе асабіста прадстаўляць фільм-адкрыццё “Лістапада-2012” — “У тумане”.

Для мяне аўтарытэт — казахскі рэжысёр Дарэжан Амірбаеў, карціны якога, аднаго з нямногіх на постсавецкай прасторы, неаднаразова станавіліся ўдзельнікамі і прызёрамі міжнародных кінафестываляў. У праграме асноўнага конкурсу ігравога кіно  — яго стужка “Студэнт”: вельмі своеасаблівы і актуальны парафраз твора Ф.Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне”. Знакамітасць у свеце кіно — рэжысёр з Эстоніі Ілмар Рааг, аўтар нашумелай стужкі “Клас”, якая колькі гадоў таму ўзрушыла кінаграмадскасць. На “Лістападзе” мастак пазнаёміць гледача са сваёй новай работай “Эстонка ў Парыжы”, у якой прыняла ўдзел знакамітая французская кінаактрыса Жанна Маро. Адзін са знакавых аўтараў сучаснасці — вядома, Васіль Сігараў. Разам з актрысай Янай Траянавай ён пагадзіўся прадставіць на “Лістападзе” сваю новую і вельмі складаную стужку “Жыць”. Шарунас Бартас, Міхаіл Сегал, Сусанна Баранжыева, Петар Беб’як… — гэты спіс можна доўжыць. На “Лістападзе” ёсць з кім сустрэцца і ў каго павучыцца. Варта толькі любіць кіно…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"