Менеджар прыйшоў у музей…

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

1 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі, у прысутнасці журналістаў, генеральны дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў і дырэктар адной з груп брэндынгавых кампаній Жанна Грынюк ад імя ўстаноў, якія яны прадстаўляюць, падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Яно мусіць спрыяць развіццю маркетынгу і менеджменту ў галіне культуры, мастацтва, і канкрэтна — у музейнай справе.

Гэта першы праект такога кшталту ў нашай краіне. Калі справа пойдзе, досвед будзе распаўсюджаны на іншыя музеі Беларусі.

Нацыянальны мастацкі музей разам з партнёрамі плануе ажыццяўляць сумесныя, пераважна — эксклюзіўныя, праекты з удзелам міжнародных экспертаў па маркетынгу ў сферы культуры і мастацтва, з прыцягненнем фінансавых рэсурсаў і далучэннем валанцёраў, ладзіць на базе НММ адкрытыя семінары, трэнінгі і канферэнцыі, маючы на мэце стварэнне нацыянальнай школы музейнага маркетынгу і менеджменту. Асабліва падкрэсліваецца, што праект мае сацыяльны і некамерцыйны характар.

Мяркуецца, што рэалізацыя праекта і пашырэнне яго на іншыя ўстановы дазволіць зрабіць беларускія музеі больш крэатыўнымі, адкрытымі для новых ідэй, новых партнёраў, больш даступнымі для ўсіх сацыяльных груп.

Уладзімір Пракапцоў, звяртаючыся да журналістаў, падкрэсліў: нягледзячы на падтрымку культуры дзяржавай, дапамога спонсараў ніколі не бывае залішняй. Такая дапамога — матэрыяльныя ці, як у дадзеным выпадку, інтэлектуальныя рэсурсы. Дырэктар НММ згадаў канкрэтныя прыклады, калі дзякуючы спонсарам установа паспяхова вырашала надзённыя праблемы. Спадар Пракапцоў спадзяецца, што падобная практыка займее працяг.

У сваю чаргу, спадарыня Грынюк запэўніла прысутных, што праграмы, скіраваныя на развіццё культуры, і надалей будуць у цэнтры ўвагі яе кампаніі.