Уражанні на працягу 7879 км

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Вядома ж, няма чаго супрацьпаставіць нам Барселонскаму туру з аглядам вычварных пабудоў Гаудзі, ці пілігрымцы ў Ніцы на гару Сент Віктуар, дзе пахаваны Пікаса і Сезан, ці 29 палотнам Біблейскага цыкла і пяці карцінам на тэму Песні Песень пэндзля нашага земляка Марка Шагала ў Нацыянальным музеі горада.

Малавядомая праўда пра рукачынную казку

Гісторыя сусветна вядомых “Спеўных фантанаў” Барселоны сумная і светлая. Штоімгненна ў паветры знаходзіцца каля трох тон вады; два “акты” па пятнаццаць хвілін— гэта непаўторна казачнае відовішча: змена колькасці, варыяцыі напрамкаў і моцы струменяў, іх зменлівая шматкаляровая падсветка — усё ў рытм, пад вядомую класічную музыку. Гучаць блізкія нашаму слыху фрагменты з балетаў Чайкоўскага. А першае аддзяленне ўвогуле скончылася калейдаскапічнымі зменамі расквечаных струмак пад
 /i/content/pi/cult/136/803/Arlou2.jpg
Барселона, спеўныя фантаны.
Палавецкія скокі з “Князя Ігара” Барадзіна.
Фантаны ўзноўлены адносна нядаўна, бо былі разбураны бомбамі, і шмат дзесяцігоддзяў на гэтым месцы стаялі жудасныя руіны.
А гісторыя знішчэння фантанаў такая.
Алімпіяда 1936 года павінна была праходзіць у Барселоне — тады яшчэ рэспубліканскай. Гэта не задавольвала ачольніка фалангі генерала Франка, які ўжо распачаў Грамадзянскую вайну, выступіўшы супраць Рэспублікі. Да таго ж Гітлеру пазарэз хацелася — дзеля прэстыжу! — правесці Алімпіяду ў фашысцкім Берліне. Сышліся інтарэсы дыктатараў — і Барселону разам з яе спеўнымі і рухавымі фантанамі проста разбамбілі. А пасля краіне было не да іх. Бачыце, як перапляліся спорт, мастацтва, інжынерыя, палітыка!
Казку ўзнавілі. Але не цалкам: няма вялікіх шкляных фігур, што красаваліся тут спачатку, да вайны. 


Легенды і байкі як нажыўка для турыстаў

Прыдумак тых у Іспаніі — на кожным кроку. Налятае вецер “трамантана”. Гаспадар пасля вячэры ўсур’ёз прапануе для пераходу ад рэстарана да гатэля ўзяць у рукі па цагліне — штабялёк цэглы тут жа ляжыць: гэта каб, значыць, не знесла нас.
Так пры ветры і цягаюць цэглу пастаяльцы праз вуліцу з рэстарана ў рэцэпцыю гатэля — ну дурата ж відочная! Але весела займацца “пераносам” пасля лёгкага вечаровага падпітку.
Высіцца ў Таледа мост Св. Марціна — ну, мост як мост. Але ж пра яго — дзіўнае
 /i/content/pi/cult/136/803/Arlou4.jpg

 Барселона, сабор “Саградафамілія” А.Гаудзі.

паданне! Быццам архітэктар напрыканцы пабудовы засумняваўся ў надзейнасці разлікаў канструкцыі: ці вытрымае тая цяжар перавозак. Кожная ўкладзеная цагліна балюча сціскала сэрца дойліда, ён быў блізкі да самазабойства.
І тады жонка — ах, гэтыя самаадданыя жанчыны! — уначы падпаліла бярвенні будаўнічых рыштаванняў, што падтрымлівалі надбудаваны пралёт. Мост, вядома ж, абваліўся — было ўспрынята тое за драматычную выпадковасць. Архітэктар, перарабіўшы праект, пабудаваў, па сутнасці, зусім іншы мост, па якім мы ўпэўнена сёння й ступалі.
На саркафагу багатай удавы заўважаны нейкія плямкі-нацёкі: ці то такая фактура матэрыялу, ці то сам ён псуецца ад часу — прайшлі б і не заўважылі. Але ж не: гэта, таямніча і ўпэўнена распавядае легенда, пры пахаванні нябожчыцы рабаўнік, нейкі Рустам паспрабаваў пажывіцца каштоўнасцямі памерлай. І рукі яго прыліплі да труны — не адарваць! Вось доказ: след ад іх. 


Парадаксальнасць узнікнення ў Мадрыдзе

Трыумфальнай аркі, “пуэрта”: яе пачаў будаваць маршал Жазэф Банапарт у знак іспанскіх перамог войск яго славутага брата Напалеона, а завершана будаўніцтва аркі было ўжо пры каралі Фернанда VII у гонар перамогі над Напалеонам і выгнання французаў-захопнікаў.
Прапануюць вам у Іспаніі яшчэ й тур у замак Спячай Прыгажуні — пэўна, такая ж выдумка пра дзяўчыну, што ўпала ў звычайную летаргію, як і пра румынскага крывасмока Дракулу.
У высакагорным — дабірацца на фунікулёры — кляштары Мантсерат з адзінай у свеце
 /i/content/pi/cult/136/803/Arlou1.jpg
Барселона, архітэктура А.Гаудзі.
смугласкурай Маці Божай кожны дзень а першай па поўдні выходзіць на амбон велічнага збору хор хлопчыкаў, слухаць якіх збіраюцца дзесяць тысяч турыстаў з усяго свету. Анёльскія галасы гучаць хвілін 10-11: два творы — і ўсё.
Ізноў міжволі параўноўваю… Дальбог, нашы дзіцячыя хор 10-й музычнай школы Н.Палявой, ці “Сымонкі” А.Абрамовіч, ці “Голас душы” Т.Гажэўскай — відавочна лепшыя, з больш складаным і ўражлівым рэпертуарам! Але там дзеля заваблівання турыстаў выкарыстоўваецца ўсё: і легенды, і хоры, і адметны сэрвіс, і нават гандляры-прыватнікі з сувенірамі.
Вуліца Рамблас у Барселоне, выгляд бульвара ўвечары: катрынкі, цыркач круціцца ў рэнскім коле (бацькоў яго з тым жа нумарам віталі некалі мы на арэне нашага цырка); пераборы гітар, акардэонаў ды арфачак; танцоры, спевакі, фокуснікі; лялечнік з жабай — яна з гумарам “грае” пад фанаграму фартэпіянныя п’есы; абрыдлыя жывыя манекены ў розных выглядах: землякі Калумб ды Гаудзі ў ландо, пазалочаны Дон Кіхот... Хочаш — пракаціся з імі ці проста зафіксуйся на лічбоўніку. Мастакі малююць жадаючых пад лозунгам: “Лепш сяброўскі шарж, чым варожы партрэт”; чалавек дваццаць студэнтаў-тэатралаў у чорных трыко ў суправаджэнні гітары інсцэніруюць папулярныя песні; гандлююць самаробнымі сувенірамі, падлічыць ці апісаць якія немагчыма; ідзе вольны абмен паштовымі маркамі і калекцыйнымі манетамі; на выбар — мора кветак… Усім кідаюць цэнты, эўрыкі, і відавочна, што ўсеагульнае штодзённае нерэгламентаванае свята прыносіць выканаўцам не меншую асалоду, чым разявастым гледачам. Натоўп неахвотна разыходзіцца, толькі калі месяц ужо высока.
Няма чаго супрацьпаставіць нам загібу горнай дарогі, дзе ў 50-я здымалася папулярная галівудская кіназорка-прыгажуня Грэйс Келі, а ў 82-м, ужо прынцэсай Манака, літаральна на тым жа віражы разбілася разам з дачкой, — містычнае месца заваблівае 3 млн. турыстаў штогод. 


Вядома ж, няма чаго супрацьпаставіць нам

Барселонскаму туру з аглядам вычварных пабудоў Гаудзі, ці пілігрымцы ў Ніцы на гару Сент Віктуар, дзе пахаваны Пікаса і Сезан, ці 29 палотнам Біблейскага цыкла і пяці карцінам на тэму Песні Песень пэндзля нашага земляка Марка Шагала ў Нацыянальным музеі горада. Але астатняе!
Ну чаму не здолелі дадумацца нашы архітэктары ўсталяваць, як Антоніа Гаудзі, самую доўгую ў свеце лаўку, падобную на змяю, абліцаваную абломкамі керамікі?  

Проста, танна, эфектна, прыцягальна для турыстаў.
Вакол паказу рэпертуарнай сёння “Царскай нявесты”, даўнішніх гастролей балета С.Дзягілева з легендарным Сержам Ліфарам, выступленняў Ф.Шаляпіна ў тэатры Ніцы разгорнута цэлая экспазіцыя, ля якой — бясконцы натоўп турыстаў.
 /i/content/pi/cult/136/803/Arlou3.jpg
 Ніца, праваслаўная царква.
У перапоўненым кафэ Ніцы — шыльда, якая сведчыць, што тут “паабедалі” Маякоўскі, Высоцкі, Горкі, Купрын. Дык жа тры першыя гасцявалі і ў Мінску!
Польскі Вроцлаў абвяшчае раптам: Пікаса сваю сусветна вядомую “Галубку міру” прысвяціў нам! Хто ж будзе дазнавацца праўды?! Вераць: хай будзе так. Думаю: што б такое “прысвоіць” нам?
Мюнхенская піўная “Бірхофбраў”, ці не на тысячу “пасадачных” месцаў: неўзабаве будзе “Октобэрфэст”, двухтыднёвае свята, на якое ў паўтарамільённую сталіцу Баварыі з’язджаецца пад 6 мільёнаў аматараў піва з усіх нямецкіх “земляў” і замежных краін.
Калі ж заявіце, што з гісторыі ведаеце: менавіта ў “Бірхофбраў” адбыўся “піўны путч” 1923 года, вам мюнхенцы тое неахвотна пацвердзяць. Не хочуць баварцы ўзгадваць усё, што звязана з фашызмам.
І тут жа вам “падсунуць” легенду “Праверка якасці піва ў сярэднія стагоддзі”. Быццам прыходзілі ў піваварню два прадстаўнікі муніцыпалітэта Мюнхена, у нацыянальных скураных шортах, з малатком і пясочным гадзіннікам. На лаўку півавар наліваў свежае піва, кантралёры ўсаджваліся і па гадзінніку нерухома сядзелі пэўны час. Калі ўздымаліся, і лаўка прыклейвалася да “сядалішча” кантралёраў, — піва было густое, якаснае. Калі ж лаўка адвальвалася, малатком разбівалі бочкі й збаны з рэдкім півам — у навуку вытворцу.Можна тут жа за сімвалічныя ўнёскі стаць на год сябрам піўнога таварыства: твой куфаль будзе захоўвацца ў шафе за кратачкамі пад замочкам.
А ў нас — дык і выдумляць нічога не трэба: столькі вычварных выкрутасаў гісторыі, столькі незвычайных, амаль непраўдападобных лёсаў! Вось рэзервы нявыкарыстанага! А чаго няма ў фальклоры і літаратуры — дык хай папрацуюць, навыдумляюць пісьменнікі, літаратары, краязнаўцы. І такі пазнавальна-забаўляльны пуцяводнік па Беларусі аформіць па-мастацку, па-майстэрску выдаць і распаўсюдзіць па свеце на ўсіх мовах.

* * *
Гаспадар гатэля “Мерсэдэс” у Йарэт да Мар сіньёр Эрнэста і ўся абслуга — уся спрэс! — размаўляе на зразумелай нам мове, а ён, ад даўна завязаўшы кантакты з беларускімі турагенцтвамі, разумее па-беларуску, устаўляючы ў размову нашы выразы, — бізнес абавязвае! Плануе мацаваць сувязі.
Дык будзем жа і мы ў халодную пару думаць і працаваць, каб у наступным сезоне ад турыстаў не было адбою, — ёсць жа й у Беларусі чым здзіўляць свет!

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр
Фота аўтара