"Сапраўднае кіно робяць Асобы"

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Сёлета галерэя лаўрэатаў спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” папоўнілася яшчэ на адну выбітную Асобу ў свеце кіно. Рэжысёр такіх культавых стужак савецкага і расійскага кінематографа, як “Кур’ер”, “Мы з джаза”, “Зімні вечар у Гаграх”, “Горад Зэро”, “Дзень поўні”, “Палата № 6”, сцэнарыст, прадзюсар, генеральны дырэктар кінаканцэрна “Мосфильм”, член Праўлення Саюза кінематаграфістаў і Расійскай кінаакадэміі, член Еўрапейскай кінаакадэміі, намеснік Старшыні Савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па культуры і мастацтве, заслужаны дзеяч мастацтваў і народны артыст Расійскай Федэрацыі Карэн ШАХНАЗАРАЎ увайшоў у плеяду найярчэйшых зорак Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад”. Напярэдадні цырымоніі адкрыцця кінафоруму славуты рэжысёр, які сёлета святкуе сваё 60-годдзе, даў эксклюзіўнае інтэрв’ю карэспандэнту “К” .

— Не быў у Мінску гадоў дзесяць! — прызнаўся Майстра. — У мяне тут шмат сяброў, бо ў ВГИКу я вучыўся, лічы, на беларускім курсе: разам са Святланай Сухавей, Сашам Бяспалым, Алікам Яфрэмавым, Валерыем Рыбаравым… І, вядома, мне хацелася б убачыцца з імі.

Апошнім разам я прыязджаў разам з Алегам Янкоўскім — на “Лістапад”, дзе дэманстравалася мая стужка “Дзень поўні”. Ведаеце, у мяне ад таго візіту засталіся вельмі цёплыя ўспаміны. Было надзвычай весела. “Лістапад” пакінуў адчуванне гэткага “хатняга” і вельмі ўтульнага кінафоруму. Сёння разумею, што час змяніўся, і я шчыра зацікаўлены ў знаёмстве з мінскім кінафестывалем у яго новым фармаце. Напэўна, гэта для мяне і сталася галоўнай нагодай для візіту ў ваш горад.

/i/content/pi/cult/398/8029/1-4.jpeg

— А спецыяльны прыз Прэзідэнта?

— Вядома, атрымліваць падобныя ўзнагароды вельмі прыемна і пачэсна. Канешне, я акрылены, але прафесійны інтарэс даведацца, як і чым жыве фестывальны Мінск, таксама мае месца.

— Карэн Георгіевіч, у сучасным свеце кіно, калі кааперацыя становіцца адным з галоўных шляхоў стварэння кінафільма, ці актуальнае паняцце нацыянальнага кіно?

— Лічу, што так. Перакананы, што адзін з самых выгадных шляхоў стварэння беларускага кіно — гэта супрацоўніцтва з Расіяй. Мы маем агульныя карані, нам лягчэй дамовіцца, знайсці крыніцы фінансавання, аднак гэта не значыць, што кінакарціна, створаная сумесна, не можа захоўваць асаблівасці беларускай культуры, менталітэту. Для расіян, на маю думку, відавочная ваша адметнасць.

— “Мосфильм” робіць нацыянальнае кіно?

— Хацелася б думаць, што так. Я разумею, што вы маеце на ўвазе, але, да прыкладу, зараз на “Мосфильме” Нікіта Сяргеевіч Міхалкоў здымае карціну “Сонечны ўдар”. Як ні круці, але гэта будзе нацыянальнае кіно. Аўтар, на маю думку, з’яўляецца гарантам гэтага. Сапраўднае кіно робяць менавіта Асобы, і стварэнне нацыянальнага фільма залежыць у першую чаргу ад пазіцыі аўтара.

/i/content/pi/cult/398/8029/1-3.jpeg

— Тады пытанне да вас як да аўтара: чым для вас сёння з’яўляецца кіно? Я ўчора паглядзела вашу апошнюю стужку “Белы тыгр”, якая, дарэчы, вылучана на “Оскар” ад Расіі, і мне падалося, што вы ставіце вельмі жорсткі “дыягназ” грамадству і свету. Вайна як перманентны стан чалавецтва — ці гэта ж не прысуд?

— Кіно для мяне — гэта сродак абмену думкамі. Гэта — барацьба ідэй. Але ж я не стаўлю сабе задачу паставіць “дыягназ” грамадству. Тыя словы, што прамаўляюцца напрыканцы фільма — “Вайна не мае пачатку і канца?”, — гэта не сцвярджэнне, а пытанне, якое я адрасую свету. Калі гляджу навіны, мне падаецца, што чалавецтва нічому не навучылася, што вайна для яго — гэта нармальны стан... Я не магу не казаць пра гэта. І стаўлю пытанне: ці скончыцца насілле калі-небудзь?..

— Але людзі, падаецца, пачалі цаніць жыццё іншага чалавека…

— Так, магчыма. Але ёсць і ваенныя канфлікты, якія адбываюцца ў свеце. Паглядзіце, што робіцца ў Сірыі, увогуле на Усходзе… Гэта незразумелая гонка ўзбраенняў… Таму я і заклікаю людзей задумацца над тымі словамі ў фільме. А калі добра паразважаць, можна што-небудзь і прыдумаць…

— Карэн Георгіевіч, калі прасачыць ваш шлях як мастака на працягу гэтых гадоў, прыходзіш да зусім несуцяшальных вынікаў: ад лірычнага і светлага рэжысёра, стваральніка стужак “Мы з джаза”, “Зімні вечар у Гаграх”, вы прыйшлі да “Горада Зэро” “Царазабойцы”, “Палаты № 6”. І вось зараз — да “Белага тыгра”, які завяршаецца страшным маналогам Гітлера…

— Гэта ўсё ж, хутчэй, перасцярога, чым прароцтва. Але, вядома, вы маеце рацыю: тыя пытанні, якія хвалююць цябе ў трыццаць гадоў, адрозніваюцца ад тых, што актуальныя ў шэсцьдзясят. Зараз я, напэўна, бліжэй да таго персанажа — бацькі Каці, прафесара Кузняцова, з фільма “Кур’ер”, каго іграў Алег Басілашвілі. Ён пытаецца: “У чые рукі трапіць створаны намі будынак?”. Чым старэйшы становішся, тым больш складана выказацца пра тое, што цябе хвалюе...

Аднак магу вас запэўніць, што і лірык ува мне не загінуў. Толькі нядаўна мы перарабілі маю карціну 2008-га года “Зніклая імперыя”: змянілі музыку, мантаж — атрымалася трошкі новая гісторыя. “Маё каханне ў СССР” — такую назву цяпер носіць твор. Мяркую, гэты фільм пакажа мяне і такім рэжысёрам, які не забыўся на рамантыку…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"