Трымаць марку філармоніі

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

1 лістапада, у рамках 38-га Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Беларуская музычная восень” і Міжнароднага музычнага форуму “Беларусы свету”, наша філармонія адзначыла сваё 75-годдзе. Віншаванне з юбілеем вядучай канцэртнай установе краіны ад Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі зачытаў на ўрачыстасці міністр культуры Павел Латушка.

Беларуская дзяржаўная філармонія, як было адзначана ў Віншавальным адрасе Прэзідэнта нашай краіны, зрабіла вялікі ўнёсак “у развіццё і прапаганду нацыянальнага музычнага мастацтва, папулярызацыю лепшых узораў айчыннай і замежнай класікі і эстэтычнае выхаванне многіх пакаленняў беларусаў”. Яна з гонарам выконвае сваю пачэсную місію — “нясе святло высокай духоўнасці і культуры”.

Міністр культуры агучыў лічбы, якія кажуць самі за сябе. Белдзяржфілармонія сёння — гэта 715 супрацоўнікаў, 18 творчых калектываў, штогод больш як 1 800 канцэртаў, якія збіраюць каля 350 тысяч слухачоў. Лепшыя 27 прадстаўнікоў установы атрымалі ўзнагароды, трое з іх былі адзначаны нагруднымі знакамі Міністэрства культуры краіны. А ўсе супрацоўнікі атрымалі ў падарунак ад “Беларусбанка” дублікаты картак з выявай філармоніі.

/i/content/pi/cult/398/8027/1-1.jpeg

Вячэрнія ўрачыстасці распачаліся не на сцэне, а ў фае. Тут граў Мінскі струнны квартэт, а першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі і намеснік генеральнага дырэктара РУП “Белпошта” Таццяна Гвоздзева правялі цырымонію гашэння паштовай маркі, выпушчанай да юбілею.

Святочны канцэрт быў складзены з адметных, не так часта выконваемых твораў беларускай і замежнай класікі. З Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, які даўно ўжо “дарос” да статуса нашай нацыянальнай каштоўнасці, выступіла Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы. Саліравалі лепшыя беларускія музыканты, шырока прызнаныя ва ўсім свеце: піяніст Андрэй Паначэўны, скрыпач Арцём Шышкоў, тэнар Сяргей Франкоўскі. Ганаровай госцяй, якая склала дуэт з нашым оперным салістам, стала знаная расійская вакалістка Ірына Крыкунова — частая ўдзельніца праектаў мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора калектыву, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава, які ў гэты вечар, вядома, валадарыў за пультам. І нават выступіў “складальнікам” новага твора нашай нацыянальнай спадчыны — “Сімфанічнага трыпціха” Яўгена Глебава, з’яднаўшы ў адну повязь фрагменты з яго балетаў “Ціль Уленшпігель”, “Маленькі прынц” і інструментальна-харэаграфічную кампазіцыю “Лявоніха”. А ў фінальным “Італьянскім капрычыа” П.Чайкоўскага ўзяў такі шалёны тэмп, з якім можа справіцца хіба аркестр экстра-класа. І нашы музыканты сыгралі ўсё гэта — з лёгкасцю, што бывае ўласціва толькі вядучым салістам свету. Брава!

Матэрыялы пра 75-годдзе Беларускай дзяржаўнай філармоніі і фестывальныя падзеі, што адбываюцца ў яе сценах, чытайце ў наступных нумарах “К”.

Н.Б.