“Жадаем быць не капіістамі і рукадзельнікамі, а сапраўднымі мастакамі…”

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Жыццё і лёс Казіміра Стаброўскага, жывапісца з Круплян

Сёння мы прастаўляем яшчэ аднаго мастака, карані якога, як і ягоных продкаў, бяруць пачатак на беларускай зямлі. Гэта — Казімір Стаброўскі. У Беларусі яго пакуль мала ведаюць (дакладней — зусім не ведаюць), затое ў Польшчы — наадварот: там лічаць сваім, нацыянальным, ды і ў Літве ён прызнаны “духоўным бацькам”, першым настаўнікам Мікалоюса-Канстанцінаса Чурлёніса. У Расіі яго прызнаюць галоўным чынам як польскага мастака, але і... рускага таксама, бо Стаброўскі атрымаў вышэйшую адукацыю ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, ды і потым неаднойчы бываў у тагачаснай расійскай сталіцы, а ў гады Першай сусветнай вайны нават там жыў.

А якія звесткі застаюцца нам, беларусам?

Пра месца нараджэння? Пра дзяцінства, што прайшло на Навагрудчыне? Пра некалькі гадоў жыцця ды творчасці ў Гродзенскай губерні і ў самім Гродне? Мабыць, не толькі гэта. Я ўпэўнены, у кожнага чалавека, незалежна ад таго, як склаўся ягоны лёс, на ўсё жыццё застаецца тое, што называецца пачуццём малой радзімы, пачуццём бацькоўскай зямлі. Найбольш яркія прыклады такіх лёсаў — М.Мікешын, М.Шагал, Р.Семашкевіч, Я.Маісеенка, В.Бялыніцкі-Біруля, Н.Хадасевіч-Лежэ, якія ніколі не забывалі свае карані. Спіс можна доўжыць... Ды і самі палякі, мабыць, не могуць адмовіцца ад таго, што, да прыкладу, рускія мастакі Г.Семірадскі і А.Арлоўскі належаць таксама і польскаму мастацтву. Як, скажам, прадстаўнікі французскага мастацтва — кампазітар М.Равель і жывапісец П.Пікаса — да іспанскай культуры, а выхадзец з беларускага Дзвінска М.Ротка — да амерыканскай...

/i/content/pi/cult/397/8026/2-2.jpeg

Жыццё Казіміра Стаброўскага — выдатнага жывапісца, эстэта-сімваліста, перакананага тэосафа, — можа, і не трапляе ў рэчышча дэтэктыўнага сюжэта, як, напрыклад, яго славутых папярэднікаў Міхаіла Андрыёлі або Яна Дамеля. Але ў кожнага — свой асабісты лёс: што каму было наканавана — тое і адбылося. Хаця любое чалавечае жыццё — з’ява ўнікальная, непаўторная і мае права на гістарычную, прынамсі, родавую, памяць нашчадкаў. Не ведаю, ці жывуць сёння прамыя нашчадкі ці сваякі Стаброўскага ды ягонай жонкі Юліі Янішэўскай (ах, што за чароўны яе партрэт напісаў жывапісец прыкладна ў 1907 годзе!), якія маглі б пакінуць нейкія ўспаміны пра таленавітага педагога і мастака так званай двухвымернай прасторы, але мы, беларусы, павінны ведаць чалавека, сына штабс-капітана рускай арміі Антона Стаброўскага.

Шляхецкі род Стаброўскіх — старажытны, вядомы з XII ст. Ён меў герб, дзе на блакітным полі была выяўлена сярэбраная падкова канцамі ўніз, а ўнутры яе — два крыжы. Шчыт увянчаны шляхецкім шлемам з каронай і трыма страусінымі (паўлінавымі) пёрамі. Падкова — славянскі сімвал рыцара, крыж увасабляе перамогу крыжа над месяцам, г. зн. язычніцтвам. Дарэчы, паўлінавыя пёры вельмі часта адлюстроўваліся ў карцінах позняга перыяду творчасці Казіміра Стаброўскага. Прыкладна такі ж герб з’яўляўся “таварным знакам” шляхецкіх родаў Чартарыйскіх, Высоцкіх, Шырмы, Каліноўскіх, Радзівілаў, Сталыпіных, Любічаў, Урублеўскіх, Чамадуравых.

У мастацкім жыцці Беларусі мяжы XIX — XX стст. галоўную ролю адыгрывалі нашчадкі паланізаванай беларускай шляхты, у сілу чаго многія мастакі, літаратары ды музыканты ўвайшлі ў гісторыю культуры Беларусі і Польшчы, часткова — Літвы і Расіі. Але нацыянальна-вызваленчы рух пазамінулага стагоддзя на былой тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай садзейнічаў захаванню ў грамадстве ідэалаў бліскучага рамантызму, які ўтрымліваўся да канца XIX ст. Уплыў каталіцызму, паражэнне паўстання 1863 — 64 гг. прыўносілі ў грамадскае жыццё элементы своеасаблівай містыкі, і таму ў мастацтве Беларусі, Літвы і Польшчы ўсталяваўся стыль мадэрн з яго абалонкай шматзначнай сімволікі. Гэта глыбока адчутыя, перажытыя пейзажныя ды “карцінныя” матывы радзімы, дзе праз алегарычныя вобразы і рэчы перадаецца занепакоенасць лёсам свайго народа. Дадзены тэзіс проста трэба ведаць, калі разглядаць творчасць К.Стаброўскага, які, на мой погляд, падсвядома выяўляе пачуцці нейкай страчанасці нацыі ў гістарычнай рэальнасці, акцэнтуе духоўную памяць пра страчаны “залаты век” ВКЛ. Бо працэс разбурэння нацыянальных традыцый, калектыўнага, “абшчыннага” ладу жыцця ў Беларусі мяжы стагоддзяў быў найбольш відавочны, і яго мастацкае ўвасабленне збліжае Стаброўскага з некаторымі мастакамі, такімі, як Ф.Рушчыц, Г.Вейсенгоф, В.Вайткевіч, Л.Вычулкоўскі, В.Вейс.

У дзяцінстве і юнацтве Казімір пратаптаў уздоўж і ўпоперак не адну вярсту беларускай зямлі — ад родавага маёнтка Крупляны, што на Навагрудчыне, да Беластока і Гродна, — перш чым трапіў у Пецярбург і Варшаву. Прашу не блытаць з цёзкам па прозвішчы — палкоўнікам Іосіфам Стаброўскім, археолагам і асветнікам, удзельнікам Першай сусветнай вайны, імя якога носіць Слонімскі раённы краязнаўчы музей.

/i/content/pi/cult/397/8026/2-1.jpeg

Вучыўся будучы мастак у Рэальным вучылішчы горада Беластока Гродзенскай губерні. Не ведаю, як і калі зарадзілася ў яго цяга да малявання і хто быў першым настаўнікам у гэтай справе, але пасля заканчэння вучобы ў Беластоку 18-гадовы Стаброўскі з’ехаў у Пецярбург і ў 1887-м г. без праблем паступіў у Імператарскую Акадэмію мастацтваў. Значыць, ён штосьці ўжо ўмеў, значыць, падрыхтоўка ў яго была не абы-якая. У тыя часы паступіць у Акадэмію “па блату” альбо “за хабар” было немагчыма, няхай ты з’яўляўся б нават сынам самога прэзідэнта Акадэміі, вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча, малодшага брата Аляксандра ІІІ. Тады кожны абітурыент павінен быў прадставіць прыёмнай камісіі свае малюнкі ды эцюды, каб быць дапушчаным да экзаменаў. Значыць, і гэтыя юнацкія работы, мабыць, някепскія, меліся ў Стаброўскага. Нагадаю, што з-за нізкай якасці такіх “хатніх” матэрыялаў з першага разу не здолелі паступіць у Акадэмію нават В.Верашчагін і А.Куінджы. Бывае і такое…

Можна сабе ўявіць, якія пачуцці зведаў малады чалавек з далёкай беларускай вёскі, калі ўпершыню пераступіў парог велічнага будынка Акадэміі, у доўгіх і цёмных калідорах якой мільгалі цені Баравікоўскага і Брулова, Кіпрэнскага і Венецыянава, нашых землякоў Ваньковіча, Хруцкага і Аляшкевіча! Калі шчаслівы Казімір пабачыў сваё імя ў спісе прынятых у галоўны клас (апошні экзамен — трохгадзінны малюнак злепка гіпсавай галавы нейкага антычнага героя — ён здаў на найвышэйшую адзнаку), тут жа, па даўняй студэнцкай традыцыі, выбег у Акадэмічны сад. Там у восеньскія дні было заўсёды ўтульна сярод золата ліп і клёнаў. А потым студэнты разыходзіліся хто куды: у каго былі грошы — у рэстараны, хто бяднейшы — у танныя харчэўні, іншыя ішлі ўладкоўвацца ў акадэмічны інтэрнат, які за Мікалаеўскім мостам. Можна выказаць здагадку, што Стаброўскі выбраў для свайго адпачынку карчму “Залаты якар”, якая з даўніх часоў з’яўлялася для мастакоў своеасаблівым “капернаўмам”, дзе дапазна заседжваліся і прафесары, і творчая моладзь і дзе працавала вельмі добрая більярдная. Тут з кіем у руках часта можна было бачыць многіх “акадэмістаў” — ад прафесара Паўла Чысцякова да студэнта Ігара Грабара, — заўзятых аматараў гэтай гульні. Магчыма, гуляў тут і наш герой, у чыіх жылах цякла шляхецкая кроў чалавека з далёка не флегматычным характарам. У галоўным класе прафесара Мікалая Лавярэцкага ён доўга не прабыў: праз паўгода, маючы выдатныя адзнакі за студэнцкія эскізы ды эцюды, трапіў у фігурны клас, а потым — і ў натурны…

Так пачалася новая старонка жыцця маладога Казіміра. Па праўдзе кажучы, сем гадоў вучобы ў Акадэміі — малавядомы перыяд з біяграфіі Стаброўскага ў Пецярбургу. Нават у польскіх ды расійскіх крыніцах пра яго — толькі некалькі сухіх слоў: даты навучання, студэнцкія ўзнагароды, назва праграмнай (дыпломнай) карціны. І — усё.

Дакладна вядома, што ягоным прамым настаўнікам быў Павел Чысцякоў. Ну, яшчэ з прыдыханнем падкрэсліваюць той факт, што Казімір таксама — вучань самога Ільі Рэпіна, хаця Ілья Яфімавіч быў у Стаброўскага настаўнікам толькі ў апошні год вучобы (1894-ы), калі ён (разам з Архіпам Куінджы, які ўзяў пейзажны клас) у выніку грандыёзнай акадэмічнай рэформы толькі-толькі стаў кіраўніком сваёй акадэмічнай жывапіснай майстэрні, а потым, праз тры гады, — і рэктарам усёй установы.

Ведаючы тагачасную “расстаноўку” педагагічных ды студэнцкіх сіл Акадэміі і наогул культурна-акадэмічную атмасферу канца XIX стагоддзя, паспрабую зараз трошкі выбудаваць карціну прабывання Стаброўскага ў Пецярбургу. Канешне ж, Павел Пятровіч Чысцякоў даў яму шмат чаго ў разуменні малюнка ды пластычнай формы. І меў рацыю Валянцін Сяроў, калі назваў яго адзіным (у Расіі) сапраўдным настаўнікам непахісных законаў формы. Калісьці ў аддзеле рукапісаў Траццякоўскай галерэі я знайшоў ліст Чысцякова да Сурыкава (ад 1882 г.), у якім ён пісаў: “…У нашым мастацтве — дзве часткі: адна мужная, цвёрдая, устойлівая — гэта малюнак; другая тонкая, ледзьве ўлоўная, пачуццёвая, пяшчотная — гэта жывапіс, каларыт, святлацень, тушоўка…”

(Працяг будзе.)

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"