Сёлета Гродзенскаму абласному драматычнаму тэатру спаўняецца 65 гадоў. За плячыма — вялікі творчы шлях з дзесяцігоддзяў творчых набыткаў. Невыпадкова летась тэатр атрымаў званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. Пра ўзровень сведчыць і прэстыжная Прэмія імя Кірыла Лаўрова на ХIV Міжнародным тэатральным фестывалі “Сустрэчы ў Расіі” за спектакль “Палёт над гняздом зязюлі”, пра што "К" пісала…
Час станаўлення калектыву звязаны з постаццю Мікалая Кавязіна, заслужанага артыста БССР, рэжысёра. Гэты чалавек стаў першым мастацкім кіраўніком Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра.
Нарадзіўся Мікалай Кавязін у Жлобіне, у сям’і чыгуначніка, у 1898 годзе. У 1905-м сям’я Кавязіных пераехала ў Мінск. Пасля заканчэння школы ў 1917 годзе Мікалай паступіў у Мінскае камерцыйнае вучылішча.
…У сярэдзіне 1920-х на спектаклях Беларускага дзяржаўнага тэатра і беларускай трупы Уладзіслава Галубка, асабліва — на прэм’ерах, можна было сустрэць зачараванага тэатральным мастацтвам юнака. У тыя гады ён працаваў у чыгуначнай школе настаўнікам малявання, удасканальваючы сваё мастацтва малюнка, выразаў фігуркі з дрэва. Між тым, працуючы ў школе, Мікалай Кавязін кіраваў драматычным аматарскім калектывам у клубе імя Леніна і драмгуртком на таварнай станцыі.
Кавязін гарнуўся сэрцам да Еўсцігнея Міровіча і Уладзіслава Галубка. Іх ацэнкі ён лічыў самымі аўтарытэтнымі, гутарыў з імі пра жыццё ды яго сцэнічнае адлюстраванне. І аднойчы прызнаўся, што ёсць у яго мара: стварыць у Беларусі дзіцячы тэатр, якога ў рэспубліцы дагэтуль не было. Міровіч з Галубком падтрымалі яго і падказалі тую школу, дзе ён можа авалодаць усімі “сакрэтамі”, зразумець усе праблемы тэатра для падлеткаў, — Ленінград, Імховая, 34. Там працаваў старэйшына сярод дзеячаў дзіцячай сцэны Аляксандр Бранцаў.
Так, упершыню ў рэспубліцы быў арганізаваны тэатр для дзяцей — Тэатр юнага гледача БССР, якім Мікалай Кавязін кіраваў з 1931-га па 1937 год. Ужо першыя пастаноўкі ў тэатры дазвалялі меркаваць пра Кавязіна як пра высокапрафесійнага, з ярка выяўленым талентам, рэжысёра. Патрабавальны і строгі ў працы, па вачах акцёраў ён бачыў, хто з іх сёння не еў, хто пасварыўся з жонкай ці мужам, у каго нейкія іншыя цяжкасці, і тут жа, без прамаруджання дапамагаў, цягнуў да сябе абедаць, раіў...
Клапаціўся мастацкі кіраўнік і пра павышэнне ўзроўню калектыву, арганізоўваў паездкі тэатра ў Ленінград, дзе маладыя акцёры мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з акцёрскім складам тамтэйшага ТЮГа. Вазіў у Маскву, дзе трупа не толькі глядзела спектаклі, але і слухала лекцыі.
У 1936 годзе на сцэне з’явіліся пастаноўкі па п’есах беларускіх пісьменнікаў Васіля Сташэўскага і Міхася Зарэцкага. Супрацоўніцтва з вышэйзгаданымі аўтарамі не прайшло незаўважаным: у 1937-м Кавязіна абвінавацілі ў сувязі з “ворагамі народа”, і, адпаведна з гэтым, яму быў выказаны недавер як кіраўніку творчага калектыву. Пазней абвінавачванне знялі, але тэатр, для развіцця якога было зроблена шмат, давялося пакінуць. Усё ж такі сувязь з творчым калектывам, дзе яго любілі, рэжысёр захоўваў…
Час ад часу яму ўдавалася ажыццяўляць пастаноўкі на прафесійнай сцэне, скажам, у Бабруйскім калгасна-саўгасным тэатры. Відавочна не апошнюю ролю ў творчым лёсе трупы акцёраў Бабруйскага тэатра адыграла менавіта тое, што з імі, хоць і эпізадычна, вёў працу рэжысёр Мікалай Кавязін. Пазней гэтыя артысты зноў сустрэнуцца з ім: у калектывах Бабруйскага, а затым Гродзенскага абласных драматычных тэатраў. Наш герой таксама ставіў спектаклі ў Полацкім тэатры, працаваў мастацкім кіраўніком Беларускай дзяржаўнай эстрады.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Кавязін служыў байцом на бронецягніку, неаднаразова ўдзельнічаў у дэсантных аперацыях…
З канца 1944-га Кавязіна прызначаюць мастацкім кіраўніком Палескага драматычнага тэатра, што аднавіў дзейнасць у Мазыры. У яго склад увайшлі некаторыя акцёры даваеннага ТЮГа БССР. Заўсёды там, дзе з’яўляўся Мікалай Кавязін, праца ішла больш ажыўлена.
Тым часам у Бабруйску тэатр патрабаваў поўнай рэарганізацыі. Гэтую місію і даручылі Мікалаю Кавязіну. А напрыканцы красавіка 1946 года ў Бабруйскім тэатры адбыўся абмен думкамі аб творчых набытках калектыву за час працы ў ім Мікалая Кавязіна. Экзаменатарамі былі драматург і тэатральны крытык Яўген Рамановіч, рэжысёр Канстанцін Саннікаў, драматург, рэжысёр і мастацкі кіраўнік Тэатра імя Янкі Купалы Еўсцігней Міровіч. Сышліся на тым, што за гады працы ў Бабруйскім тэатры Кавязін вывеў калектыў на высокі ўзровень.
Дарэчы, тая сустрэча адыграла важную ролю ў лёсе станаўлення абласнога тэатра ў Гродне. Пасля вайны ў горадзе часова працаваў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР. Калі сталічнае памяшканне для яго было гатова, трупа ў 1947 годзе пераехала. На яе месца быў пераведзены калектыў Бабруйскага абласнога тэатра.
Нарэшце, 20 кастрычніка 1947-га Гродзенскі абласны драматычны тэатр абвясціў аб сваім адкрыцці спектаклем “Праўда — добра, а шчасце лепш” Астроўскага. Працаваць калектыў пачаў у памяшканні былога тэатра Антонія Тызенгаўза, пабудаванага ў XVIII стагоддзі. Сустрэчы з гродзенцамі распачаліся пастаноўкамі, якія ўжо былі ў рэпертуары на бабруйскіх афішах: “Памятныя сустрэчы”, “Лісічкі”, “Дама-невідзімка” рэжысёра М.Кавязіна.
Асноўныя намаганні Мікалай Кавязін скіраваў на стварэнне новых спектакляў, праводзячы рэпертуарную палітыку дзвюма генеральнымі лініямі: класічная драматургія і сучасная — на актуальныя тэмы. У Гродне ён паставіў дзевяць спектакляў, сярод якіх — ”Вялікая сіла” Рамашова, “Жылі трое сяброў” Успенскага, “Свае людзі — паладзім” Астроўскага, “На дне” Горкага. Творчы рух абумовіўся ў першую чаргу ўдалай працай Кавязіна з акцёрамі...
На праваслаўным баку старых гарадскіх могілак у Гродне стаіць дагледжаны помнік. Яго мінаюць экскурсаводы, ніколі не ўзгадваючы пра чалавека, які тут пахаваны. Гэта месца спачыну Мікалая Кавязіна, чалавека, што заклаў першы камень у падмурак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра...
Святлана ПЯТРОЎСКАЯ, вядучы рэдактар літаратурны Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра