Фотакантэнт з пылу гарышчаў

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Ці стане Гомель трэцім горадам на постсавецкай прасторы, дзе з’явіцца Музей фатаграфіі?

Здавалася б, нядаўна “К” агучыла ідэю Музея фатаграфіі сярод пажаданых у сталіцы — і тут жа атрымала звестку пра стварэнне Музея фатаграфіі ў Гомелі.

Музей гісторыі горада літаральна на тым самым тыдні, калі выйшаў нумар “Культуры”, заявіў пра намер бліжэйшым часам адкрыць адпаведны філіял. Наш карэспандэнт выправіўся ў Гомель, каб даведацца пра ўсе падрабязнасці ініцыятывы.

Закон цэнтрабежнай сілы

— Усё пачалося з таго моманту, калі нашай установе яшчэ да часу яе адкрыцця зрабіў падарунак фатограф і калекцыянер Леанід Пінскі, — сустракае ў сваіх залах дырэктар Музея гісторыі горада Гомеля Юлія Купрэева, — а гэта каля ста адзінак фотатэхнікі!..

 

/i/content/pi/cult/397/8022/2-2.jpeg

Пасля гэтага падарунка пачаў дзейнічаць закон цэнтрабежнай сілы. Пайшлі выстаўкі, вакол установы пачала гуртавацца фатаграфічная публіка, і — музей ізноў атрымаў падарунак: частку сваёй калекцыі фотатэхнікі прэзентаваў гомельскі майстар здымка Яўген Шапіра. З таго часу “агульныя намеры” аб стварэнні Музея фатаграфіі ператварыліся ў цалкам рэальны праект.

Прааналізаваўшы рынак музейных прапаноў абласнога цэнтра, музей, створаны на базе экспазіцыі мастацкага аддзела музея палацава-паркавага ансамбля, папоўніў свае выставачныя плошчы “кантэнтам”, які распавядае пра гісторыю старажытнага, сярэднявечнага Гомеля, а таксама — пачатку ХХ стагоддзя…

/i/content/pi/cult/397/8022/2-4.jpeg

— Гэта тыя перыяды, якія не маюць адлюстравання ў экспазіцыях Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Гомельскага абласнога музея ваеннай славы, — адзначае дырэктар.

Больш за тое: наведаўшы музеі гісторыі пэўных гарадоў за мяжой — у Празе, Дрэздэне, — Юлія Купрэева прыйшла да высновы, што і іх установа можа развіваць асобныя напрамкі ў сваёй дзейнасці. Вось так нарадзілася ідэя стварэння Музея фатаграфіі.

З адной фотакарткі — цэлая гісторыя

Аднак, не адмаўляючы каштоўнасці калекцыі фотатэхнікі, будучы музей мае мець і зборы фатаграфіі.

— І ў гэтым напрамку нас не абмінула ўдача, — зрабіла невялікі ўступ Юлія Святаславаўна. — Унікальную фатаграфічную калекцыю падарыў Музею гамяльчанін Аляксандр Ласіца. Пэўная яе частка абавязкова ўвойдзе ў экспазіцыю нашага будучага музея...

/i/content/pi/cult/397/8022/2-5.jpeg

Дырэктар асцярожна адкрывае шурпатую вокладку аднаго з фаліянтаў і дэманструе рарытэтныя здымкі: у старым сямейным альбоме продкаў Аляксандра Ласіцы сабраны адбіткі ад канца XIX стагоддзя да сярэдзіны ХХ-га.

— Гэта быў род заможных гомельскіх гараджан — сям’я Шчакудовых-Рубцовых, — распавядае Юлія Купрэева. — У ім — і кавалі, і архітэктары, і фатографы, адзін з якіх — Віктар Шчакудоў, дарэчы, трымаў уласнае фотаатэлье ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Дзякуючы здымкам Шчакудова ды іншых майстроў мы сёння можам бачыць, як жылі гамяльчане ў тыя часы…

Сёння ж мы ведаем і пра фотаатэлье М.Левітэ, А.Левінмана, С.Кургана, М.Ваксмана і нашы пошукі працягваюцца. І, сапраўды, у альбоме (нароўні з “асабістымі” здымкамі сям’і — напрыклад, на ганку дома, пад час прагулкі на веласіпедах) прысутнічаюць і карткі, што паказваюць жыццё тагачаснага Гомеля: чаго вартае фота дарэвалюцыйнага горада, дзе адлюстраваны сотні салдат на малітве ля Ваеннай царквы…

Дырэктар паказвае і на іншыя фатаграфічныя падарункі Аляксандра Ласіцы. Вось альбом каляровых фотапаштовак пачатку ХХ стагоддзя.

/i/content/pi/cult/397/8022/2-3.jpeg

— Бабуля і матуля Аляксандра Мікалаевіча надзвычайна бераглі яго, — адзначае Юлія Купрэева. — Мо двойчы за часы дзяцінства дазволілі яму паглядзець фаліянт.

Спецыяліст дэманструе яшчэ адну калекцыю — альбом фатаграфій, ужо больш набліжаных да нашага часу: 1950-х — 80-х гадоў, — ужо нашчадкаў Шчакудовых-Рубцовых.

— Прынамсі, многія фотаздымкі і дакументы прынеслі ўжо сваякі нашага галоўнага дароўцы — Аляксандра Ласіцы, — калі даведаліся пра яго ўчынак, — прыводзіць прыклад дзеяння закону згаданай цэнтрабежнай сілы дырэктар. — Ужо не ўпершыню ў нас "спрацоўвае" такая завядзёнка: толькі пачынаем нешта збіраць, аб’яўляем нейкую акцыю — і людзі далучаюцца ды прыносяць свае рэчы, фатаграфіі, дакументы… Мы ўжо неаднойчы чулі ад нашых наведвальнікаў: маўляў, калі будзем дакладна ведаць, што вось у гэтым будынку працуе Музей фатаграфіі, прынясём не адну калекцыю…

Юлія Святаславаўна распавяла і пра тое, што, дзякуючы ўсё тым жа фотаздымкам Аляксандра Ласіцы, удалося зрабіць найцікавую выстаўку рэчаў жаночага побыту пачатку ХХ стагоддзя.

— Мы ўбачылі на адным з фотаадбіткаў жанчыну ў моднай сукенцы таго часу, — удакладняе спецыяліст, — і вырашылі спытаць у Аляксандра Мікалаевіча: магчыма, дзе-небудзь засталіся старадаўнія рэчы яго сям’і? І што вы думаеце: рарытэты ўдалося знайсці!..

— Аказваецца, нават на прыкладзе адной фотакарткі можна распавесці цэлую гісторыю, — падсумоўвае дырэктар, — і выратаваць ад забыцця прадметы, рэчы — сведкі пэўных эпох, якія, з часам згубіўшы сваіх гаспадароў, маюць незайздросны лёс: згубіцца ў пыле гарышчаў ды сутарэнняў.

“Юлія, ну калі ж?..”

Яшчэ дырэктар не абмінула ўвагай знойдзеную калекцыю фатаграфій Гомельскага падшыпнікавага завода: альбом расфарміраванага прадпрыемства цудам удалося атрымаць у фонды. Згадала і пра здымкі з будоўлі гомельскага аэрапорта (“Чым не ўнікальныя артэфакты?”) ды пра перліну будучага Музея фатаграфіі — здымак Кексгольмскага палка, на якім адлюстравана больш за тысячу чалавек.

/i/content/pi/cult/397/8022/2-1.jpeg

— Гэты ўнікальны адбітак нам прынёс стрыечны ўнук аднаго са сфатаграфаваных гвардзейцаў — Фядоса Кароткага, — кажа яна. — Мы нават зладзілі выстаўку аднаго гэтага фотаздымка, бо яго гісторыя, ды і сам ён — уражваюць! Вялізны — 98х45 сантыметраў. Усе фатографы, якія прысутнічалі на вернісажы, прызналіся, што такога яшчэ не бачылі… І яны, фотамайстры, ужо даўно ў мяне пытаюцца: “Юлія, ну калі ж адкрыецца наш музей?”…

У гэты час да нас далучыўся і адзін з галоўных ініцыятараў Музея фатаграфіі — фатограф і калекцыянер Леанід Пінскі. Аддаўшы належнае свайму “збору”, ён падкрэсліў, што некаторых фотаапаратаў няма нават у Віктара Суглоба, вядомага мінскага калекцыянера фотатэхнікі.

— Гэта фотаапараты “Kodak” пасляваенных часоў, якія з Амерыкі высылаў мне мой вучань... І дарожная нямецкая камера 20 — 30 гадоў ХХ стагоддзя са шклянымі пласцінамі…

— У будучым Музеі фатаграфіі мы абавязкова адкрыем фоталабараторыю, каб кожны мог паспрабаваць зрабіць здымак па “старой” тэхналогіі, — падтрымала тэму “аналагавага” фота, з іншага боку, Юлія Купрэева. — А яшчэ ў нас мае працаваць фотастудыя, дзе можна будзе сфатаграфавацца ў касцюмах розных эпох, а таксама салон, у якім наведвальнікам прадставіцца магчымасць набыць копіі старадаўніх фатаграфій. І, зразумела, — выставачная зала…

— Прызнацца, я ўжо дачакацца не магу, каб убачыць сваю мару наяве, — дзеліцца спадзяваннямі Леанід Пінскі. — Колькі сёння існуе музеяў фатаграфіі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза? Масква — раз, Шаўляй — два, а наступным мае стаць гомельскі…

Ды зноў пра фотаапараты. Цікава, што рух у пошуку артэфактаў фатаграфічнай культуры, які распачалі ў Музеі гісторыі горада Гомеля, захапіў не толькі беларусаў. У прыватнасці, на адной з выставак музейнай установы пабываў расійскі фатограф Аляксей Нікіцін з Калугі. Убачыўшы цікавосткі, ён таксама зрабіў унёсак — частку ўласнай калекцыі фотаапаратаў і фотапрылад.

Што і казаць: напэўна, чарговым горадам, дзе паўстане Музей фатаграфіі, сапраўды стане Гомель. Тым больш, ідэю яго ўзнікнення падтрымлівае мэрыя абласнога цэнтра. Казаць пра дакладныя тэрміны адкрыцця пакуль яшчэ зарана, адзначае Юлія Купрэева, аднак праект ужо даўно мінуў стадыю “пражэкта”.

— Сёння мы ўжо на этапе разгляду памяшкання, — прыадкрывае карты дырэктар, — але не спяшаемся, вядома: хочацца знайсці добры варыянт, які дазволіў бы годна размясціць і пастаянную, і зменную экспазіцыі, і фондасховішча, і ўсе запланаваныя намі атракцыі…

Але музейшчыкам ужо неаднойчы давялося чуць вядомае выслоўе пра “сініцу ў руках”: маўляў, вазьміце хоць штосьці, а далей — здолееце развіцца. Ды такая стратэгія не падаецца спецыялісту мэтазгоднай.

— Усё ж такі мы плануем адкрыць паўнавартасную музейную установу, — падкрэслівае яна, — з адпаведнымі аддзеламі, што будуць весці працу па захаванні, апрацоўцы інфармацыі, выставачнай дзейнасці, пошукавыя работы, і пры такім падыходзе недастаткова проста прыстойнай выставачнай залы. Перад намі — цэлы комплекс задач.

Са свайго боку, не можам не адзначыць і момант прэзентацыі тых фатаграфічных скарбаў, якія ўдалося пабачыць карэспандэнту “К”. Ці атрымаюць экспазіцыі будучага музея густоўнае мастацкае ды сучаснае рашэнне, для якога, як вядома, часам вельмі істотнае значэнне мае прастора? Усё тое патрабуе пільнага разгляду і ўзважаных рашэнняў, як і належыць у дачыненні да тых ініцыятыў, што адлюстроўваюць пэўныя патрэбы часу. Хоць бы ў тым, каб зберагчы нашу візуальную спадчыну, якая год за годам зусім незаўважна і ціха сыходзіць ад нас у Лету…

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Гомель — Мінск

Фонды музея здымала аўтар

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"