Сертыфікат на поліэтнічнасць

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Фестываль у суседзяў: гродзенскі фармат

“К” традыцыйна звяртаецца да замежных культурных падзей, у якіх прымаюць удзел нашы калектывы. Чарговая з іх звязана з восеньскім «Tautu muge» — «Кірмашом нацый» — святам этнічных культур, што праходзіць у Вільнюсе. У час яго праспект Гедыміна ажыўляецца. Тут можна ўбачыць рамеснікаў, мастакоў, кулінараў, спевакоў, танцораў і музыкаў. У гэтыя дні літоўская сталіца нагадвае наш Гродна, дзе ў чэрвені праводзіцца Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.

Сёлета, акрамя продажу прадметаў мастацтва і народных промыслаў, ласункаў і далікатэсаў, былі прэзентаваны выстаўка рэтра-аўтамабіляў, спектакль вогненных скульптур і піратэхнічныя шоу, канферэнцыя «Паўночныя Афіны: дыялог паміж Усходам і Захадам»; канцэрты артыстаў з польскага Гданьска, рускай, украінскай, нямецкай, грэчаскай дыяспар Літвы. Спецыяльна запрошанымі гасцямі былі беларусы: маладыя, але амбітныя рок-гурты «Relikt» і «Рокаш», калектывы вясёлых музыкаў-эксцэнтрыкаў «Рэха» і «Пава», носьбіт традыцыі беларускай дуды і аўтэнтычных спеваў — гурт «Ветах». Некаторыя з запрошаных калектываў маюць прыхільнікаў між літоўскіх слухачоў, сяброў сярод дыяспар.

На «Tautu muge» гандлёвыя рады падзелены на этнічныя зоны (польская, латышская і г. д.). А гэта — больш за дзве тысячы рамеснікаў, народных мастакаў, майстроў, прадстаўнікоў фермерскіх гаспадарак, якія спецыялізуюцца на нацыянальных кулінарных традыцыях. Паводле ўмоў свята, прадметы мастацкай культурнай спадчыны і кулінарныя прадукты могуць быць зроблены як з выкарыстаннем старых тэхналогій, так і ў адпаведнасці з новымі, але павінны захоўваць спрадвечныя ўнікальныя характарыстыкі ды якасны склад.

З дапамогай «Кірмашу нацый» практыкуецца захаванне рамёстваў, старадаўніх рэцэптаў і каранёвых жанраў мастацтва этнасаў Літвы, у тым ліку — беларусаў.

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў