Любанскі стыль

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Брэнды аднаго раёна

Сем пытанняў да начальніка аддзела культуры

У развіцці культуры таго або іншага раёна вельмі шмат залежыць ад чалавека, які ўзначальвае і каардынуе працу культработнікаў. Адзін з такіх прафесіяналаў, што працуе на сваёй пасадзе ўжо не першы год, — начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васіль КАТКАВЕЦ. З ім “К” мае трывалыя і даўнія творчыя стасункі. Ён заўсёды адгукаецца на нашы прапановы паўдзельнічаць у “гарачай лініі” або он-лайн-канферэнцыі, пастаянна дасылае надзённыя матэрыялы, а таксама ўважліва сочыць за нашымі публікацыямі. Пісьменнік Уладзімір Ліпскі прапанаваў нам бліц-інтэрв’ю з Васілём Сцяпанавічам, дарэчы, і з нагоды ягонай круглай даты.

/i/content/pi/cult/397/8020/1-4.jpeg

— У слове “культура” бачацца два словы: “культ” і “ўра”. Чаму выгукае “ўра” культасветнік Каткавец?

— Народнай культуры! Яна — крыніца духоўнасці. Менавіта яна нарадзіла на Любаншчыне тузін народных калектываў. Сярод іх — узорны тэатр “Летуценнікі”, ансамбль народнай песні “Ярыца”, Узорны фальклорны калектыў “Верабейкі”, народны хор “Прасніца”… Усе яны — мае хрэснікі. І што прыемна — да народнай культуры ахвотна далучаюцца і людзі сталыя, і моладзь, і дзеці.

— Чым можа ганарыцца культчыноўнік Каткавец?

— Мабыць, тэатральным дзіцячым фестывалем “Чароўны куфэрак”. Восем абласных форумаў прайшло ў раёне. І да нас пацягнуліся творчыя калектывы з Расіі, Літвы, Польшчы. “…Куфэрак” стаў, па сутнасці, культурным брэндам Любаншчыны.

— Як дапамагае ў службе кніга?

— Я люблю літаратуру і, здаецца, ведаю яе. Знаёмы з многімі творцамі. Наш раён — радзіма пісьменнікаў Паўла Шпілеўскага, Уладзіслава Сыракомлі, Івана Муравейкі ды іншых майстроў слова. З іх кнігамі мы працуем пастаянна ва ўсіх аўдыторыях. Праводзім вечары літаратуры, прэзентацыі кніг, ладзім вандроўкі ў мясціны, дзе нарадзіліся, жылі, працавалі пісьменнікі. Вось адкрылі ў цэнтры горада фантан “Мурашнік”. Буккросінг ля яго арганізавалі. Падтрымліваем маладых: ужо выдалі некалькі кніг у серыі “Любаншчына літаратурная”…

— Чым “заманьваеце” ў культуру моладзь?

— Нядаўна адкрылі ў цэнтры Любані Школу мастацтваў. Цяпер маем Палац, куды пацягнулася моладзь. Дзвесце семдзесят дзяцей авалодваюць тут майстэрствам музыкантаў, тэатралаў, мастакоў, танцораў. А яшчэ звыш ста падлеткаў упадабалі дэкаратыўна-прыкладное мастацтва…

— Якая ваша каманда? Што за адметныя рысы вы асабіста “прышчапляеце” да яе?

— У раёне — семдзесят адна ўстанова культуры і трыста чалавек працуюць у сістэме аддзеле культуры. Укараняю дэмакратычны, творчы стыль у працу.

— Ведаю, вы любіце і разумееце гумар. Як ён дапамагае вам у працы, у сяброўстве, дома?

— Гумар сапраўды дапамагае выжыць у розных сітуацыях. Мы праводзім раённы фестываль народнага гумару “У Баянічы — на гулянічы”. Ездзім на святы да знакамітых аўцюкоўцаў, спораўцаў, дубінцаў. Жарты ўсе — з жыцця. Бывае, што яны і спраўджваюцца.

— Што робіць культработніка асобай, рыцарам дабра?

— Духоўная повязь з учарашнім днём і ўпэўнены позірк у заўтрашні. Адметнасцю беларусаў былі і ёсць шанаванне традыцый ды каранёў, вернасць, адданасць справе, якой служыш. Не выношу дылетанцтва. Рухаць культуру наперад павінны профі-працаголікі, сапраўдныя воіны і рыцары дабрыні…

Фота Юрыя ІВАНОВА