“Глебаўка“: тур па краіне на людным месцы

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Мінскаму дзяржаўнаму мастацкаму каледжу імя А.К. Глебава сёлета — 65 гадоў. Заснаваная ў 1947-м, гэтая сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова (тады — вучылішча) мела рыхтаваць школьных выкладчыкаў малявання і чарчэння, а таксама мастакоў-афарміцелей.

Пэўны час вучылішча заставалася адзінай у рэспубліцы кузняй кадраў для выяўленчага мастацтва. Так было, пакуль у 1953 годзе Беларускі тэатральны інстытут не стаў тэатральна-мастацкім. З вучылішча пачынаўся творчы шлях такіх мэтраў беларускага мастацтва, як М.Савіцкі, Л.Шчамялёў, В.Грамыка, М.Данцыг, Г.Паплаўскі, Л.Гумілеўскі, ды іншых.

/i/content/pi/cult/397/8019/1-2.jpeg

З нагоды юбілею ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася выстаўка жывапісу навучэнцаў каледжа: гэта больш за трыццаць работ, выкананых у часе выездаў “на натуру”. Геаграфія ж пленэраў юбілейнага года — даволі багатая: “Палітра Прыдзвіння” (Полацк), “Віцебск — горад мастакоў” (Віцебск і Музей-сядзіба І.Рэпіна ў Здраўнёве), “Нясвіж — Культурная сталіца-2012”, “Малюем Пакроўскі сабор” (Расія, Масква). Асобна варта згадаць “Пленэр Памяці”, прысвечаны выкладчыкам каледжа, якія пайшлі з жыцця. На вернісажы адбылася і прэзентацыя каталога згаданага пленэру.

На пытанне, чаму юбілей каледжа адзначаецца выстаўкай пленэрных эцюдаў, а не грунтоўнай мастацкай рэтраспектывай, дырэктар установы Аляксандр Шантаровіч сказаў:

— Рэтраспектыўная выстаўка — ёсць. З 16 студзеня яна вандруе па краіне. Спачатку яна працавала ў Мінску, у Вялікім тэатры, дзе калісьці, пакуль мы не займелі ўласны будынак, наша вучылішча месцілася. Потым былі Гомель, Віцебск. Зараз выстаўка — у Брэсце. Магчыма, далей яна паедзе ў Польшчу, прынамсі, перамовы пра гэта вядуцца… Экспазіцыя складаецца з трох частак: 1960 — 70-я гады (многія ранейшыя творы, на жаль, не захаваліся), 1980-я — пачатак 90-х і, нарэшце, 1990-я і да нашых дзён. Завершыцца гэты “тур” па краіне і за мяжу, ізноў жа, у сценах тэатра. Зразумела, што для другога прадстаўлення там выстаўка абновіцца…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"