Аўтэнтыка праекта, або Як музеефікаваць малую радзіму?

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Адразу пасля выхаду 41-га нумара газеты “Культура” ў рэдакцыю патэлефанаваў Генадзь Цыганкоў. Не мог стрымацца, узрушаны “соцыумным” разваротам, дзе гаворка ішла пра захаванне-развіццё музея “Малая Бацькаўшчына” Мікалая Тарасюка і ўвогуле пра стварэнне музеяў на сядзібах таленавітых народных майстроў Беларусі, нават пра музеефікацыю асобных вёсак, адметных абліччам і традыцыяй. Гаворка з неабыякавым чытачом і стала нагодай для дадзенай публікацыі.

Чытач тэлефануе ў працяг тэмы

Генадзь Васільевіч, як высветлілася, не майстар, не рамеснік, ён — вядучы спецыяліст райметадцэнтра Лёзненскага аддзела культуры. Словам, па вызначэнні — чалавек з перспектыўным мысленнем. Непадалёк ад райцэнтра мае лецішча. Ягоная хата — бадай, адзінае, што засталося ад вёскі Малькава, якая знікла ў выніку з’яднання з паселішчам Якубаўшчына...

Дык вось, у гэтай хаце, узведзенай яшчэ ў 1918 годзе, Генадзь Цыганкоў падумвае стварыць невялічкі этнамузей, які адлюстроўваў бы мінулую эпоху, колішняе жыццё беззваротна зніклага Малькава.

І хата гэтая, цалкам верагодна, стане адным з пунктаў турмаршруту, што звяжа Лёзна, апавітае талентам Марка Шагала, вёску Страганы, дзе пахаваны пісьменнік пазамінулага стагоддзя Аляксандр Рыпінскі, вёску Кавалі, якая пад час Вялікай Айчыннай вайны праславілася партызанскімі подзвігамі. А непадалёк — старасвецкі парк, сажалка...

Ініцыятыва метадыста знаходзіцца пакуль у “фармаце” ідэі. Але ідэі, пагадзіцеся, вельмі прывабнай і своечасовай. Аграгарадкі аграгарадкамі, але са знікненнем шараговых вёсак мы губляем частку беларускай душы, што жывіцца сельскім туманным ранкам ды неверагодным пахам саспелых антонавак... Вось для ацалення гэтай душы і марыць Генадзь Цыганкоў зрабіць у вясковай хаце музей — не проста сховішча старадаўніх калаўротаў ды прасаў (а мо і ўвогуле зусім не іх!), а спрыяльны для развіцця сельскага турызму інтэрактыўны асяродак, дзе б ён заставаўся не “анімацыйным” экспанатам, а рэальным гаспадаром, які на справе знаёміў бы турыстаў з вясковым побытам, гасцінна частаваў бы іх уласнымі стравамі ды напоямі па рэцэптах, захаваных ад мамы і бабулі…

І такі “асяродак для душы”, па меркаванні культработніка, не павінен нагадваць аграсядзібу з “еўрапеізаванымі” выгодамі. Ніякіх джакузі — толькі лазня “па-чорнаму”, ніякіх салонных камінаў — толькі старэнькая грубка з катом-лянгузам ля меха з сушанымі грыбамі! А на сценцы — дзясяткі сямейных фотаздымкаў пад шклом і ў агульнай раме, і за кожным — асобныя лёсы, што сталі лёсам і краю, і краіны... Прызнайцеся, калі вы апошнім разам такое бачылі? Хіба ў далёкім дзяцінстве...

Ёсць, ёсць, перакананы метадыст, аматары і такога аўтэнтычнага адпачынку. Хтосьці з пераборлівых аднясе яго ў разрад эканом-класа, а ў кагосьці залунае над буслянкай душа. Бульба ў сагане, сырадой у глечыку, якому, як і хаце, сто гадоў, пах зёлак у сенцах, ліпавы мёд у кадобчыку... Што яшчэ трэба для адхлання? У такой “хатняй” хаце з задавальненнем спыніцца не толькі турыст, але і рыбак з паляўнічым. Была б толькі рэклама належная.

Так, для Генадзя Цыганкова (яўнага канкурэнта гаспадарам аграсядзіб, дзе збольшага не душой, а целам адпачываюць) яшчэ не зразумелы юрыдычны механізм вось такой музеефікацыі малой радзімы. Ды і ці ёсць той механізм, гарантаваны заканадаўчымі актамі? Дакладна ведаю адно: жадаючых стварыць не толькі хату-музей, але і “музеефікаваную” вёску, на Беларусі хапае. У тым ліку і сярод асобных малазямельных фермераў. Ініцыятыва “знізу”, словам, ёсць.

А вось для рэалізацыі, па-мойму, штуршка не стае. І штуршка, зноў-такі, — “знізу”: не на міністэрскім, абласным, а менавіта на раённым узроўні. І няхай такія музейныя хаты стануць альбо праявамі прыватнага прадпрымальніцтва, альбо працягам дзяржаўнага клопату аддзелаў культуры аб далейшым развіцці сельскіх рэгіёнаў. Не так усё гэта і важна для агульнага ды ўзаемакарыснага выніку. На мой капыл, вось такое “музейнае” захаванне асобных, сапраўды адметных традыцыямі, але знікаючых з дэмаграфічных прычын вёсак — нагода якраз для агульных, дзяржаўна-прыватных, высілкаў. Гэтак жа неаспрэчна для мяне і тое, што любую ініцыятыву “знізу” трэба “знізу” і падтрымліваць. Інакш ідэі так і застануцца ідэямі…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"